Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бо́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Вялікая цыліндрычная пасудзіна з двума плоскімі днішчамі, зробленая з выпуклых драўляных клёпак, сціснутых абручамі, або з бляхі. Пажарная бочка. □ У газеце .. [Малькевіча] назвалі «шашалем» за тое, што зводзіў калгасныя лясы на бочкі, цабэркі, ражкі і збываў гэты тавар тым жа калгасам па дарагой цане. Дуброўскі.

2. Руская мера вадкіх і сыпкіх цел, роўная сарака вёдрам (каля 500 л), якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы. Бочка аўса.

3. Адна з фігур вышэйшага пілатажу.

•••

Ад усіх бочак затычка гл. затычка.

Бочка з порахам — пра напружаныя адносіны паміж кім‑н., якія пагражаюць выліцца ў сутычку, вайну.

Бяздонная бочка — а) пра тое, што патрабуе вялікіх затрат і не акупляе сябе; б) пра таго, хто можа многа выпіць спіртнога і не ап’янець.

Нясе як з бочкі — моцна чуваць пах гарэлкі, віна ад чалавека, які выпіў.

Сорак бочак арыштантаў (нагаварыць) — шмат неверагодных гісторый расказаць.

Як у бочку (кашляць, гаварыць і пад.) — кашляць (гаварыць) глухім голасам, падобным на гук сказанага ў бочку.

Як у бочку (ліць) — многа піць і не п’янець.

Як у бочцы селядцоў гл. селядзец.

бо́чкавы, ‑ая, ‑ае.

Які трымаецца ў бочках. Бочкавае піва.

бочкападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд бочкі.

бо́шы, ‑аў; адз. бош, ‑а, м.

Пагардлівая мянушка немцаў у Францыі, якая з’явілася ў час сусветнай вайны 1914–1918 гг.

[Фр. boche.]

бо́язна, прысл.

1. у знач. вык. Разм. Страшна. З гулам і свістам каменне ляцела ў адзін і другі бок. Боязна было трапіць пад камень, але затое і цікава, як на сапраўднай вайне. Лобан. Вярнуўшыся ад печы, Захарыха глянула зноў так строга, што Хадосьцы стала боязна. Мележ.

2. Са страхам, баючыся. Жанчыны боязна падышлі бліжэй. Лынькоў.

бо́язнасць, ‑і, ж.

Тое, што і боязь. Цяжка было пераканаць мужчын, перамагчы іх недаверлівасць, боязнасць, што іх тут ашукаюць. Крапіва.

бо́язь, ‑і, ж.

Адчуванне страху, небяспекі. З незразумелай бояззю, сцішаная і засмучаная, ішла.. [Поля] за Сашай у двор. Шамякін. Я перамог у сабе боязь і ва ўмоўлены час накіраваўся да генерала. Карпюк.