піха́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. піхаць і піхацца.
піха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Тое, што і пхацца. Людзі душыліся, піхаліся, імкнуліся стаць бліжэй да каменя. Пестрак.
піха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Тое, што і пхаць. На станцыі было вельмі многа людзей. Яны бегалі ўсцяж вагонаў, крычалі, піхалі адзін аднаго. Арабей. [Антон Пятровіч:] — Ды хто, як не я, табе самому параіў паступіць у акадэмію? І яму раіў. Усіх вас, верхаглядаў, на добрую дарогу піхаў. Шашкоў.
піхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Тое, што і пхнуць.
пі́хта, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.
Вечназялёнае хваёвае дрэва, якое пашырана пераважна ў Паўночным паўшар’і. Лес быў пераважна хваёвы — сасна, елка, піхта, — густы і дзікі. Шамякін.
[Ням. Fichte — сасна.]
пі́хтавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да піхты. Піхтавы лес. Піхтавыя шышкі. // Які атрымліваецца з піхты. Піхтавы клей.
пі́цца, п’ецца; пр. піўся, пілася. пілося; незак.
1. безас. Пра наяўнасць жадання або магчымасці піць. І хоць нейкае нечуванае багацце раптоўна і не прыйшло, але праз усе гады добра елася і пілося. Чорны. Ой, не п’ецца гарэлка, Ой, не п’ецца віно. Хто ж налье таго мёду, Каб пілося яно? Русак.
2. Зал. да піць (у 1, 3 знач.).
піццё, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. піць.
2. Тое, што п’юць; напітак. Салодкае піццё. Халоднае піццё.
піцыка́та,
Спец.
1. прысл. Шчыпком, пальцам, а не смычком (пра ігру на смычковым музычным інструменце).
2. нескл., н. Музычны твор, які разлічаны на выкананне такім спосабам.
[Іт. pizzicato.]