пісто́н, ‑а, м.
1. Невялікі металічны каўпачок у ружэйных патронах або снарадах з выбуховым рэчывам, якое ўзрываецца ад удару. Развязаўшы дрот і дастаўшы капшук з порахам і пістонамі, дзед з Міколкам рушылі ў паход. Лынькоў. // Склееныя па краях два невялікія кружочкі паперы з порахам унутры для цацачных ружжаў і пісталетаў. Агульнымі сродкамі мы здабывалі порах, папяровыя пістоны. Бядуля.
2. Круглая металічная аправа, механічна прымацаваная да дзірачак у скуры, картоне і пад., якія зроблены для зацягвання шнуркоў. На левай назе парваны шнурок: ён звязаны, і яго вузел тырчыць паміж пістонаў вялікаю бародаўкаю. Баранавых.
3. Спец. Клапан у музычным медным духавым інструменце.
[Фр. piston.]
пісто́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пістона. // Які страляе пры дапамозе пістона. Пістоннае ружжо.
пісуа́р, ‑а, м.
Спецыяльная ракавіна са сцёкам для мачы ў мужчынскай прыбіральні.
[Фр. pissoir.]
пісу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Разм. Маленькае пісьмо, запіска. — Уся гэта мая бяда, як ты кажаш, змешчана вось у гэтай невялічкай пісульцы, — Лабановіч паказаў паперку ад дырэкцыі народных школ. Колас. Не раз Міхалка слаў пісулькі да свайго сябрука Андрэя. Ядвігін Ш.
пісцо́вы, ‑ая, ‑ае.
Гіст. У якім былі перапісаны розныя аб’екты для абкладання падаткамі [пра помнікі дзелавой пісьменнасці 15–17 стст.]. Пісцовыя кнігі.
пі́счы, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны, прыгодны для пісання. Пісчая папера.
пісьмаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Гіст. Служачы ў канцылярыі, справавод.
пісьмаво́дства, ‑а, н.
Гіст. Вядзенне карэспандэнцыі, справаводства.
пісьмано́сец, ‑носца, м.
Паштальён. У гэты час зайшоў калгасны пісьманосец, ён прынёс паведамленне ад генерал-маёра Крывашэйна, што Ігнась Налівайка жывы. Гурскі.
пісьмано́ска, ‑і, ДМ ‑носцы; Р мн. ‑носак; ж.
Разм. Жан. да пісьманосец.