Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

паго́йдвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Гайдацца злёгку або час ад часу. Байдарка ціха пагойдваецца на блакітнай спакойнай вадзе. В. Вольскі. У паднябессі ледзьве пагойдваліся вяршыні старых бяроз. Новікаў.

паго́йдваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, чым.

Гайдаць злёгку або час ад часу. Пагойдваць нагой. □ Вада пагойдвае лодку, асабліва калі набліжаецца наш цеплаход. Сачанка. Фурман спяваў нешта сумнае і шырокае, пагойдваў у такт спевам галавою. Караткевіч. / у безас. ужыв. Аўтобус пагойдвала, ручка скакала па паперы, выводзячы каракулі. Жычка.

паго́йсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і пагайса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Гойсаць некаторы час. Пагойсаць па вуліцы. Пагайсаць на кані.

паго́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пагаліць.

паго́н ​1, ‑у, м.

Дарога, па якой гоняць жывёлу на папас. Туман бялее над балотам, Дзяр[к]ач завёў траскучы спеў, Жукі лятаюць па-над плотам, Жывёла йдзе з пагону ў хлеў... Чарот.

паго́н ​2, ‑а, м.

Наплечны знак адрознення. На.. [Сцяпанавых] плячах красаваліся капітанскія пагоны сапёра. Корбан. Сукно гімнасцёрак пацямнела пад рамянямі і пагонамі. Самуйлёнак.

паго́нны, ‑ая, ‑ае.

Які вымяраецца ў даўжыню; лінейны (аб мерах). Пагонны метр.

паго́ншчык, ‑а, м.

Тое, што і паганяты (у 1 знач.).

паго́ня, ‑і, ж.

1. Праследаванне таго, хто ўцякае. Кінуцца ў пагоню. Наладзіць пагоню. □ Час ад часу ласіха будзе спыняцца, каб падпусціць чалавека бліжэй і заахвоціць яго да далейшай пагоні. В. Вольскі.

2. Адзін чалавек або група людзей, якія праследуюць каго‑н. Паслаць пагоню. Накіраваць пагоню ў іншы бок. □ [Саша] чуў, як нехта бяжыць па яго слядах, што гэты нехта зусім блізка — не выратавацца, не схавацца ад пагоні. Мікуліч.

3. перан.; за чым. Моцнае жаданне атрымаць што‑н., дабіцца чаго‑н., імкненне да чаго‑н. Пагоня за кнігай. Пагоня за славай. □ У віры жыцця, у пагоні за праўдай не адна іскарка залятала ў душу, ад якой пачынала рабіцца і цёпла і радасна. Пестрак.

паго́рак, ‑рка, м.

Невялікая адложыстая ўзвышанасць; узгорак. Дарога ўзнімалася на пагорак. М. Стральцоў. Дом высіўся на пагорку ў цэнтры.. дзядзінца. Бядуля.

паго́рачак, ‑чка, м.

Памянш. да пагорак; невялікі пагорак.