Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

піра́т, ‑а, М ‑раце, м.

Марскі грабежнік, разбойнік. Часы марскіх піратаў скончыліся тысячу гадоў назад, а касмічных наогул не было. Шыцік. // перан. Разм. Пра таго, хто паводзіць сябе як грабежнік. Венгерскія арнітолагі ўзяліся дапамагчы сялянам зберагчы пасевы і вінаграднікі ад паветраных піратаў. Матрунёнак.

[Грэч. peirates.]

піратэ́хнік, ‑а, м.

Спецыяліст па піратэхніцы.

піратэ́хніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

Галіна навукі і тэхнікі, звязаная з вырабам гаручых сумесей, сігнальных агнёў, ракет і пад.

[Ад грэч. pýr — агонь і слова «тэхніка».]

піратэхні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да піратэхнікі.

пі́раў, ‑ава.

У выразе: пірава перамога гл. перамога.

піра́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пірата. Пірацкі напад.

піра́цтва, ‑а, н.

Занятак пірата; марскі разбой.

піро́г, ‑рага, м.

Булка, пераважна падоўжанай формы і з якой‑н. начынкай. Пірог з макам. Пірог з павідлам. □ Набліжалася свята Кастрычніка. Кожны ўспамінаў, як ён летась святкаваў гэты дзень у сябе дома, як маці вешала чыстыя фіранкі, засцілала накрухмалены кужэльны абрус, пякла смачныя пірагі. Грахоўскі.

•••

Вароты пірагамі падпёрты дзе, у каго гл. вароты.

піро́га, ‑і, ДМ ‑розе, ж.

Вузкая доўгая лодка, абцягнутая карой, шкурамі ці выдаўбленая са ствала дрэва, якой раней карысталіся толькі караібы і народы Акеаніі.

[Ісп. piragua.]

піро́жнае, ‑ага, н.

Адзін з відаў кандытарскіх вырабаў са здобнага цеста, звычайна з крэмам або іншай салодкай начынкай. Міндальнае пірожнае. Бісквітнае пірожнае. □ — Я хацеў бы мець столькі грошай, як ты, Юркевіч.., каб купляць вось гэтакае пітво і смачныя пірожныя. Мурашка.