пе́шкам, прысл.
Разм. Пяшком. Салдат то пешкам ішоў, то ехаў, як траплялася. Чорны.
пе́шкі, прысл.
Разм. Пеша, пяшком. Тым, хто меў сваіх валоў і коней, дазволілі ехаць на вазах, астатнія мусілі ісці пешкі. Сачанка.
пе́шня, ‑і, ж.
Лом з драўляным дзяржаннем для прабівання лёду.
пе́шчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад песціць (у 1–3 знач.).
2. у знач. прым. Капрызны, распешчаны. Пешчанае дзіця.
пе́шшу, прысл.
Разм. Пяшком. Байцы ішлі пешшу, і ўсё на ўсход, на ўсход. Васілеўская. Па малінаўскай вуліцы нельга было ні пешшу прайсці, ні з возам праехаць. Чарнышэвіч.
пе́шы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ідзе пехатой. Пешы чалавек. □ Да Дубовай грады ехалі матацыклісты, цягнуліся дзве павозкі і крочыла вялікая група пешых салдат. Федасеенка. // у знач. наз. пе́шы, ‑ага, м. Той, хто ідзе пехатой. Пешы коннаму не таварыш. Прыказка.
2. Які праводзіцца, ажыццяўляецца пехатой. Пешы паход.
3. Пяхотны, не конны. Пешы строй. □ Вакол.. [парламента] тоўпіліся ўзмоцненыя атрады паліцыі, коннай, пешай і на матацыклах. Лынькоў.
пёрка 1, ‑а; Р мн. ‑рак; н.
Свердзел, які прымяняецца ў сталярскай справе.
пёрка 2, ‑а; Р мн. ‑рак; н.
1. Памянш. да пяро (у 1, 2 і 4 знач.).
2. Доўгі вузкі ліст якой‑н. расліны. Пёрка часнаку. Пёрка цыбулі. □ Сіняватыя пёркі аўса радавалі вока мяккімі, прыемнымі пералівамі. Даніленка.
пі, нескл., н.
1. Назва літары грэчаскага алфавіта.
2. У матэматыцы — адносіны даўжыні акружнасці да дыяметра.
[Грэч.]
пі́ва, ‑а, н.
Слабаалкагольны напітак з ячменнага соладу. Мінуўшы Сяльцо, Лабановіч надумаўся зайсці да старога Абрама, выпіць бутэльку піва і крыху адпачыць. Колас.
•••
Піва не зварыш з кім гл. зварыць.
півава́р, ‑а, м.
Спецыяліст па піваварэнню.