перацярпе́ць, ‑цярплю, ‑церпіш, ‑церпіць; зак.
1. што. Перажыць, перанесці, выцерпець усё, многае. Перацярпець усе нягоды. □ Пройдзе ўсё... Не плачу, Ўсё перацярплю, Веру я: што ўбачу Тых, каго люблю. А. Александровіч. Спачатку давялося перацярпець боль няўдач. «ЛіМ». // Церпячы, пераадолець, знесці што‑н.; пацярпець які‑н. час. Перацярпець спакусу. □ Галай стаяў, абапёршыся аб сцяну. Хацелася піць. «Перацярплю. Адправяць у турму, там і нап’юся...» Асіпенка.
2. чаго і без дап. Зазнаць шмат пакут, гора і пад. Колькі ён перацярпеў за свой век!
пераця́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перацяць.
пераця́ць, ператну, ператнеш, ператне; ператнём, ператняце; пр. перацяў, ‑цяла, ‑ло; заг. ператні; зак.
Разм.
1. каго-што. Перасячы, перакусіць і пад. што‑н. на часткі. Перацяць нітку зубамі. □ Дрот з вяроўкай не зраўняць, дрот лісе не перацяць. Астрэйка. Здавалася, калі б рак схапіў дзяўчынку сваімі грознымі клюшнямі, дык перацяў бы папалам. Хомчанка.
2. што. Заступіўшы, перагарадзіць, перарэзаць (шлях, дарогу). Войска і паліцыя перацяла.. [дэманстрацыі] дарогу. Чорны.
3. каго-што. Туга перавязаць, сціснуць. Калі Юрка згінаўся і нацягваў ленту, чуў, што дрыжаць рукі. Пасля не хацелася адгінацца: балела паясніца, аж рэзалася, бы яе перацялі мокрым пяньковым путам. Пташнікаў.
4. пераважна безас. Перахапіць спазмай. У горле перацяло.
5. чым. Разм. Ударыць чым‑н. доўгім, гнуткім; перацягнуць. Максім наскочыў на афіцэра і перацяў яго прыкладам. Стаховіч.
перацячы́, ‑цячэ; ‑цякуць; пр. перацёк, ‑цякла, ‑ло; зак.
Пераліцца з аднаго месца ў другое.
перачака́нены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перачаканіць.
перачака́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
1. Адчаканіць нанава, іначай. Перачаканіць медалі.
2. Адчаканіць усё, многае.
перачака́ньвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да перачаканьваць.
перачака́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перачаканіць.
перачака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і без дап.
Прабыць дзе‑н., у якіх‑н. умовах і пад., чакаючы заканчэння чаго‑н. Прахожыя спыняліся тут, каб перачакаць спёку або схавацца ад дажджу. Чарнышэвіч. Дыміць туман. Мо лепш перачакаць, Пакуль зара не прыадчыніць дзверы? Танк. // Пачакаць некаторы час. — Давай крыху перачакаем, — параіў Лабановіч. Колас. Лазарэўская вырашыла перачакаць хвілін пяць, каб на адзіноце разабрацца ў сваіх пачуццях. Паслядовіч.
перача́лены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перачаліць.