Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

язычо́к, ‑чка, м.

1. Памянш. да язык (у 1, 5 знач.). [Кацянё] панюхала, яшчэ раз паглядзела Алёшу ў самыя вочы і далікатна лізнула язычком ежу. Васілевіч. Вясёлыя язычкі полымя лізалі сухія галінкі. Шамякін. Трапяткі язычок газнічкі зменшыўся, пацямнеў, усхліпваў, нібы плакаў. Хомчанка.

2. Разм. Пра здольнасць гаварыць востра, з’едліва, насмешліва. — А твой тата з язычком, — падстаўляючы пад кварту рукі, падміргнуў Ядзі Васіль. Шашкоў. Вядома, і сам Сцяпан не кепскі язычок меў, а тут яшчэ якраз падскочыў Тодар Пошта. Крапіва. — От язычок, як завадны! — падумаў Сымон, не ведаючы, што адказаць сястры. Чарнышэвіч.

3. Спец. Конусападобны выступ у ротавай поласці на краі паднябення.

4. У батаніцы — невялікі адростак ля асновы ліставой пласцінкі ў злакавых і некаторых іншых раслін.

5. Рухомая, адным канцом прымацаваная пласцінка ў розных прыстасаваннях, прадметах. Язычок чаравіка. □ У клямцы падскочыў і дзынкнуў язычок. Адамчык. Заскакала [Рэня], учапіўшыся пальцамі за язычок у замку, на адной назе, пахіснулася, войкнула і, каб не ўпасці, схапілася за яго руку. Лецка.

6. Металічны стрыжань званочка. Язычок званочка.

язь, ‑я, м.

Прэснаводная рыба сямейства карпавых з цёмна-сіняй спінай, белаватымі бакамі і серабрыстым брушкам. Даўжыня тулава дарослага язя ў спрыяльных умовах жыцця — 70 і больш сантыметраў, вага — 6–8 кілаграмаў. Матрунёнак.

я́йка, ‑а, н.

Тое, што і яйцо (у 2 знач.). — Ну, дык дай масла, яек і млека!.. — звярнуўся да .. [кабеты].. паляк. Нікановіч. Не прыцэньваючыся, Шарупічы купілі адтопленага малака, ігруш, яек. Карпаў.

•••

Сядзець на яйках гл. сядзець.

яйла́, ‑ы, ж.

1. Галоўная града ў сістэме Крымскіх гор. Вецер звычайна дзьме з мора, бо з трох астатніх бакоў Сімеіз акружае надзейная варта — падкова Ай-Петрынскай яйлы. Карамазаў.

2. Агульная назва летняй пашы ў Крымскіх гарах.

[Цюрк.]

яйцаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

У анатоміі — праток, па якім яйцаклетка выводзіцца з яечніка; матачная труба.

яйцавы́, ‑ая, ‑ое.

У біялогіі — які мае адносіны да яйца (у 3 знач.). Яйцавая клетка.

яйцае́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Паразітычнае перапончатакрылае насякомае, якое адкладвае яйцы ў яйцы другіх насякомых.

яйцакла́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Вонкавы палавы орган многіх насякомых і некаторых рыб, які служыць для адкладвання яец.

яйцакла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

У заалогіі — адкладванне аплодненых яец у знешняе асяроддзе. Яйцакладка ў птушак. Перыяд яйцакладкі. // Адкладзеныя аплодненыя яйцы.

яйцакле́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

У біялогіі — жаночая палавая клетка жывёльных і раслінных арганізмаў, якая ў выніку апладнення або партэнагенезу дае пачатак новаму арганізму; яйцо (у 3 знач.).