Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

экза...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «знешні», «вонкавы», напрыклад: экзасфера, экзадэрма.

[Ад грэч. éxō — па-за, звонку.]

экзабіяло́гія, ‑і, ж.

Навуковая галіна, якая вывучае праблемы, звязаныя з магчымасцю існавання незямных форм жыцця.

[Ад грэч. éxō і слова біялогія.]

экзага́мія, ‑і, ж.

Характэрны для першабытнаабшчыннага ладу звычай, які забараняў шлюб паміж мужчынамі і жанчынамі аднаго і таго ж роду, племя.

[Ад грэч. éxō і gámos — шлюб.]

экзага́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да экзагаміі; заснаваны на экзагаміі. Экзагамны шлюб.

экзаге́нны, ‑ая, ‑ае.

У геалогіі — які адбываецца або ўтвараецца пад уздзеяннем вонкавых сіл на паверхні Зямлі. Экзагенныя працэсы. Экзагенныя глебы.

[Ад грэч. éxō і génos — род, нараджэнне.]

экзадэ́рма, ‑ы, ж.

Слой клетак, які звычайна знаходзіцца непасрэдна пад эпідэрмісам у карэннях раслін.

[Грэч. éxō і dermá — скура.]

экзальтава́насць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць і стан экзальтаванага. — У бацькі больш пастарэла[й] устрыманасці, а ў дачкі — экзальтаванасці. Мурашка.

экзальтава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца ў стане павышанай узрушанасці, узбуджанасці, схільны да экзальтацыі. // Які выражае экзальтацыю. Экзальтаваны погляд. Экзальтаваны твар. // Выкліканы, прасякнуты экзальтацыяй. Вершы [А. Лойкі] рамантычна экзальтаваныя, але ў іх ёсць і сапраўдная ўсхваляванасць. «Маладосць».

экзальта́цыя, ‑і, ж.

Стан павышанай узбуджанасці. — Вамі грае экзальтацыя маладосці, — па-бацькоўску маралізаваў Шульц. Гартны.

[Лац. exaltatio.]

экза́мен, ‑у, м.

Праверка ведаў па якім‑н. вучэбным прадмеце. Праграма выпускных экзаменаў. Уступныя экзамены. □ Ад імя камісіі Іван Паўловіч зачытаў вынікі экзаменаў і павіншаваў вучняў са сканчэннем школы. Васілевіч. А далей, разблытваючы прычыны сваёй няўдачы з паступленнем ва універсітэт, Клава думала цяпер і пра тыя балы, яна недабрала на экзаменах. Кавалёў. // перан. Якое‑н. выпрабаванне, праверка. А маці цэлы экзамен учынілі, загадалі ёй вагон звонку адмыць. Лынькоў. Але на славу ўдаўся зруб, Ён на выдатна здаў экзамен. Танк. Непарушнае брацтва ўсіх савецкіх людзей.. вытрымала суровы экзамен у гады вайны, загартавалася і ўзмацнела ў агні свяшчэннай барацьбы. «Звязда».

•••

Дзяржаўныя экзамены — выпускныя экзамены ў вышэйшых навучальных установах.

[Лац. examen.]