шпрыцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак., што.
Спец. Упырскваць што‑н., папаўняць чым‑н. з дапамогай шпрыца (у 2 знач.). Шпрыцаваць крэм.
шпрыцо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шпрыцаваць.
шпу́лечны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шпулькі. Шпулечныя ніткі. Шпулечная фотаплёнка. Шпулечная вытворчасць.
шпу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
1. Звычайна драўляны, полы ўнутры стрыжань з кольцамі па абодвух канцах, на які намотваюцца ніткі, тасьма, шнур і пад. Галя нешта шыла. Калі прыйшоў Пракаповіч, яна ўторкнула іголку ў шпульку з ніткамі, усміхнулася, прайшла ўзад-уперад каля тахты. Радкевіч. Чаго тут [у шуфлядцы] толькі не было — і пустыя шпулькі ад нітак, і нейкія дроцікі, іржавыя кнопкі, якімі прышпільваюць паперу, пагнутыя шпількі ад валасоў. Арабей. // Разм. Колькасць нітак, тасьмы, шнура і пад., наматаная на такі стрыжань. Учора брат прыслаў мне з Ленінграда цэлую шпульку лескі і дваццаць кручкоў. Дайліда.
2. Спец. У радыётэхніцы, электратэхніцы — прыбор, які складаецца з полага цыліндра ці металічнага каркаса з накручаным на іх дротам. Толькі, можа, гадзіна заставалася да прыёму з Масквы апошніх паведамленняў, а Захарэвіч усё яшчэ, не заўважаючы трывожнай нецярплівасці прысутных, спакойна грэбаўся гарачым паяльнікам у павуцінні праваднічкоў, паміж разнастайных шпулек і лямп. Паслядовіч.
3. Спецыяльнае прыстасаванне ў ткацкіх, прадзільных і швейных машынах для намотвання нітак.
4. Тое, што і шпуля (у 3 знач.). Скакун узяў шпульку з кабелем. Таня — два кароценькія вясельцы. Шашкоў. Калі 30 красавіка пасля артпадрыхтоўкі пяхота накіравалася ў атаку, разам з ёю з дзвюма шпулькамі тэлефоннага кабелю рушыў і Фёдар Ёрш. «Звязда».
[Ад ням. Spule.]
шпу́лькавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шпулькі. Шпулькавая фабрыка.
шпу́льнік, ‑а, м.
У ткацтве — рабочы, які займаецца намотваннем нітак або пражы на шпулькі.
шпульну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што і чым.
Аднакр. да шпуляць.
шпу́ля, ‑і, ж.
1. Тое, што і шпулька (у 1, 2 і 3 знач.). Волька напрадзе за вечар шпулю, а мама дзве ручайкі. Пальчэўскі. Гурчыць паціху самапрадка, Кудзеля — як на каравуле, І спіць памочніца дзіцятка Пад манатонны шорхат шпулі. Гаўрусёў.
2. Пасадка з драўніны ці кардону, якая надзяваецца на верацяно для намотвання на яе пражы. Бабуля сядзіць на тапчане. Худыя, парэпаныя пальцы наўздагад вядуць тонкую кужэльную нітку, пускаючы яе на шпаркую шпулю калаўротка. Брыль.
3. Спец. Стрыжань для намотвання дроту, кабелю і пад., а таксама намотаны сам дрот, кабель і пад. Партызаны захапілі шпулю кабелю і па балоце зайшлі ім [гітлераўцам] наперад. Федасеенка.
шпуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., што і чым.
Абл. Шпурляць. Вырываючыся з учэпістых рук, шпуляю ў кашчавы твар гаспадара скамечаную дзесяцірублёўку і выбягаю за браму. Савіцкі.