шпулька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
1. Звычайна драўляны, полы ўнутры стрыжань з кольцамі па абодвух канцах, на які намотваюцца ніткі, тасьма, шнур і пад. Галя нешта шыла. Калі прыйшоў Пракаповіч, яна ўторкнула іголку ў шпульку з ніткамі, усміхнулася, прайшла ўзад-уперад каля тахты. Радкевіч. Чаго тут [у шуфлядцы] толькі не было — і пустыя шпулькі ад нітак, і нейкія дроцікі, іржавыя кнопкі, якімі прышпільваюць паперу, пагнутыя шпількі ад валасоў. Арабей. // Разм. Колькасць нітак, тасьмы, шнура і пад., наматаная на такі стрыжань. Учора брат прыслаў мне з Ленінграда цэлую шпульку лескі і дваццаць кручкоў. Дайліда.
2. Спец. У радыётэхніцы, электратэхніцы — прыбор, які складаецца з полага цыліндра ці металічнага каркаса з накручаным на іх дротам. Толькі, можа, гадзіна заставалася да прыёму з Масквы апошніх паведамленняў, а Захарэвіч усё яшчэ, не заўважаючы трывожнай нецярплівасці прысутных, спакойна грэбаўся гарачым паяльнікам у павуцінні праваднічкоў, паміж разнастайных шпулек і лямп. Паслядовіч.
3. Спецыяльнае прыстасаванне ў ткацкіх, прадзільных і швейных машынах для намотвання нітак.
4. Тое, што і шпуля (у 3 знач.). Скакун узяў шпульку з кабелем. Таня — два кароценькія вясельцы. Шашкоў. Калі 30 красавіка пасля артпадрыхтоўкі пяхота накіравалася ў атаку, разам з ёю з дзвюма шпулькамі тэлефоннага кабелю рушыў і Фёдар Ёрш. «Звязда».
[Ад ням. Spule.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)