бо́ўтнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак. і аднакр.
1. Кінуцца, упасці ў ваду, нырнуць; плюхнуцца. Чуваць, як боўтнуўся бабёр Каля карчоў у раску. Бялевіч. Раптам нешта доўгае і чорнае шпарка слізганула.. і боўтнулася ў ваду. Ляўданскі.
2. чым. Разм. Боўтнуць (у 1 знач.). [Анісім] боўтнуўся лыжкай у місе баршчу і на гэтым загавеў. Сабаленка.
бо́ўтнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да боўтаць.
2. Тое, што і боўтнуцца (у 1 знач.); плюхнуць. Вунь боўтнула з разгону лягушка, аж пырскі дасталі да задзірыстага Паўлікавага носа. Даніленка.
3. Разм. Кінуць што‑н. у ваду. Па дарозе.. [Тварыцкі] боўтнуў аплецены дротам гаршчок у ваду. Чорны.
4. перан. Разм. Сказаць што‑н. недарэчы.
боўць, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца ў знач. дзеясл. боўтаць — боўтнуць і боўтацца — боўтнуцца. А тут Толя вадою знячэўку — як плюхне!.. Ты да яго, а ён — боўць, боўць рукамі і нагамі і паплыў. Брыль.
бо́хан, ‑а, м.
Выпечаны хлеб пераважна круглай формы. А з печы бохан вымеш — ён ружовы, Як жнівеньскага сонца дыск барвовы. Гаўрусёў. На выцягнутых руках Лукаш трымаў вышываны ручнік, а на ім — бохан хлеба. Сабаленка.
бо́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Моцна стукаць нагамі пры хадзьбе. [Рыбін] бохаў ботамі на ўсю шырыню крокаў і на павароце амаль што не збіў.. [Веру] з ног. Пестрак.
бо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да бохаць.
бо́цікі, ‑аў; адз. боцік, ‑а, м.
1. Памянш. да боты.
2. Від жаночага абутку. Волька пераабулася ў боцікі, апранула паліто, і.. [дзяўчаты] выйшлі з пакоя. Даніленка.
3. Тое, што і аканіт.
бо́цман, ‑а, м.
Званне малодшага (старшынскага) каманднага саставу на караблі. // Асоба, якая мае такое званне.
[Гал. bootsman — начальнік над матросамі.]
бо́цманскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да боцмана. Боцманскі свісток.
бо́чачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Памянш. да бочка.
2. Невялікая бочка. Тады паднялася маснічына, і адтуль гаспадыня дастала пукатую бочачку. Ермаловіч.