Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пераступа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераступаць ​1 — пераступіць ​1.

пераступа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да пераступіць ​1.

2. (у спалучэнні са словам «нагамі»). Ісці, рухацца. Наталля ішла вельмі доўга, не верачы, што можа пераступаць нагамі, дакранацца рукамі да халоднай белай сцяны. Скрыган. Старыя мужчыны выязджалі ціха — звыкла, цвёрда пераступаючы нагамі за коньмі. Чорны.

пераступа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пераступіць ​2.

пераступі́ць 1, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. каго-што або цераз каго-што. Ступіўшы, перайсці на другі бок чаго‑н. Пераступіць парог. Пераступіць цераз канаву. □ Усё поле было падзелена на загоны, часам такія вузкія, што курыца магла пераступіць. Гурскі.

2. Зрабіўшы крок, перамясціцца куды‑н. Пераступіць з аднае сцежкі на другую. // Не сыходзячы з месца, перамяніць становішча ног або перанесці цэнтр цяжару з аднае нагі на другую. Вадзім зірнуў на свае туфлі, нялоўка пераступіў з нагі на нагу. Асіпенка.

3. перан.; што. Парушыць, перасягнуць рубеж, мяжу чаго‑н. Пераступіць мяжу прыстойнасці. Пераступіць закон. □ Яны стаялі можа хвіліну моўчкі — блізкія і далёкія разам. Ганна раптам паспрабавала пераступіць мяжу, знарок весела, задзірыста ўсміхнулася. Мележ.

пераступі́ць 2, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. што. Добраахвотна адмовіцца ад чаго‑н. на карысць другога. Пераступіць чаргу. // Ахвяраваць што‑н., чым‑н. Я лепш сваё пераступлю. □ Часам для справы трэба пераступіць свае пачуцці. Няхай.

2. Зрабіць уступку, саступіць. Маці нездаволена паглядзела на дзяўчыну і ледзь прыкметна прыжмурыла вока. «Сціхні, — гаварыў гэты яе знак, — пераступі старому». Кулакоўскі.

перасу́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Разм.

1. Паўторны суд. [Сцяпан:] А добра, сватка, кажаш. Зробім суд, перасуд, добрым складам над гэтым гадам. Купала. — Што ж, схадзі ў сельсавет, Заявіся... Усё яны высветляць... — Не. З’яўлюся: адразу ж пад варту мяне, Покуль суд, перасуд той — За краты... Куляшоў.

2. звычайна мн. (перасу́ды, ‑аў). Нядобразычлівыя выказванні пра чые‑н. учынкі, словы, дзеянні; плёткі. Ты перасудаў не лякайся, Што людзі зложаць у паспех... Броўка.

перасука́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад перасукаць.

2. у знач. прым. Вельмі крута ссуканы, скручаны. Перасуканыя ніткі.

перасука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і ‑сучу, ‑сучаш, ‑суча; зак., што.

1. Ссукаць нанава, іначай.

2. Ссукаць, пасукаць усё, многае.

перасу́квацца, ‑аецца; незак.

Зал. да перасукваць.

перасу́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перасукаць.

перасу́нуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перасунуць.

перасу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Пасунуўшыся, перамясціцца. Перасунуцца на другі канец лаўкі. □ Цень ад Максімавай постаці ўпаў на сцяну, перасунуўся на столь. Мікуліч. // Разм. Перайсці, перамясціцца на другое месца. Бой быў кароткі, і фронт хутка перасунуўся далей на ўсход. Якімовіч.