перастава́ць, ‑стаю, ‑стаеш, ‑стае; ‑стаём, ‑стаяце.
Незак. да перастаць.
пераста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.
1. што. Паставіць на другое месца. Пераставіць лямпу на другі стол. □ [Волька] узяла кветкі і пераставіла на акно, каб не так кідаліся ў вочы. Мікуліч. // Разм. Замяніць парадак чаго‑н. Пераставіць словы ў сказе. □ Можна напісаць на гэту тэму другі твор, .. але ў гэтым — ні замяніць, ні пераставіць нічога нельга, усё зроблена па закону абумоўленасці і неабходнасці. «Полымя».
2. што. Расставіць што‑н. іначай, на іншыя месцы. [Зіна] не толькі прыбрала, а і па-свойму пераставіла і стол, і крэслы, і тахту. Шыцік. Але аднойчы я прынесла смятану з крамы, і слоікі ў халадзільніку выпадкова пераставіла. Савіцкі. // каго. Разм. Размясціць каго‑н. больш зручна для выканання якіх‑н. абавязкаў. Пераставілі людзей, і атрымалася, што тыя ж аперацыі можна рабіць меншай колькасцю рабочых. Шыцік.
3. што. Пабудаваць, зрабіць нанава (хату, печ і пад.), перарабіць. Я з бацькам дуб пілую на штандары (Патрэбна ў хаце пераставіць печ). Гаўрусёў.
4. што. Разм. Перамяніць, перайначыць. — Чалавек, калі захоча, натуру можа пераставіць. Чорны.
перастано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн. ‑новак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. перастаўляць — пераставіць (у 1–3 знач.).
2. У матэматыцы — размяшчэнне (элементаў) у якім‑н. парадку.
пераста́рак, ‑рка, м.
Разм.
1. Той, хто стаў старым для чаго‑н.; які перасягнуў мяжу адпаведнага ўзросту. «Вывучуся яшчэ. Не перастарак, маё ад мяне не ўцячэ. Вернецца Барыс, тады тое будзе», — падахвочвала часам бацьку і сябе дзяўчына. Пальчэўскі.
2. Старая дзеўка. [Антаніна] была перастарак, даўно заседзелася ў дзеўках і хоць добры мела пасаг, ніхто не квапіўся на яе багацце. С. Александровіч.
перастара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Паказаць празмерную стараннасць у чым‑н., залішне пастарацца. І Анюта перастаралася. Карычневы пухір вырас значна большы, чым ён вырастаў кожны раз, калі яго надзімалі раней. А гэта прывяло да бяды — цацка лопнула. Корбан. [Цімохін:] — А капец той сам старшыня завяршаў .. Прыбег на поле, схапіў рыдлёўку і засыпаў капец зямлёй. Ды, відаць, перастараўся, зашмат зямлі накінуў. Асіпенка.
пераста́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм. Тое, што і перастарак (у 2 знач.). Ніна яшчэ не перастарка. Знойдзе сабе хлопца! Кухараў.
перастарэ́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі стары. / у знач. наз. Пасля работы ішоў [Апанас] з партфелем да перастарэлых чытаць газеты. «Вожык».
2. Які перасягнуў мяжу адпаведнага ўзросту. А потым прыйшлі дзяўчаты: тая перастарэлая незамужняя дзяўчына з груба-смелымі жэстамі і другая, дробненькая, у чорнай сукенцы. Адамчык.
пераста́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пераставіць.
перастаўля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да перастаўляць.
перастаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да пераставіць (у 1–3 знач.).
•••
Ледзь ногі перастаўляць — тое, што і ледзь ногі цягнуць (гл. цягнуць).