Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цясля́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цесляра, цяслярства. Цяслярскае рамяство. □ Цяслярская брыгада заканчвала ставіць кроквы на школьным будынку. Даніленка. Пад цяслярскай сякерай Пападала голле на дол. Куляшоў. // Які належыць цесляру, уласцівы цесляру. Вацік глядзеў на цяслярскі спрыт у рабоце. Баранавых.

цясля́рства, ‑а, н.

Рамяство, занятак цесляра. Пры ахвоце .. [Хацяноўскі] мог усё зрабіць па сталярству і цяслярству, аднак у хаце замест зэдліка стаяла калодка, замест ложка былі сяк-так збітыя нары. Кулакоўскі. Цесляром Івана Іванавіча зрабіла жыццё. Праз сваё цяслярства ён страціў шчасце. Гаўрылкін. От праз гэты свой сарваны жывот Іллюк і цяслярства кінуў ды пачаў са сталяркаю цацкацца. Калюга.

цясля́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Выконваць цяслярскія работы, займацца рамяством цесляра. Бацька цяслярыў у пана, і там яго прыбіла каля зруба. Брыль. Мала каму верылася, што толькі год таму, як .. [Кандрат] яшчэ на поўную сваю сілу цяслярыў. Чорны.

цясні́на, ‑ы, ж.

Вузкая, глыбокая рачная даліна з крутымі стромкімі схіламі. Далёка, там, дзе роў злучаўся з глыбокай цяснінай рэчкі, стаялі машыны. Асіпенка. На працягу гадоў [рачулка] .. стварыла цясніну са стромкімі, як муры, берагамі. Маўр. // Вузкі праход паміж гарамі, скаламі і пад. Гучны адзінокі стрэл пачуўся воддалі, рэха пранесла яго далёка, і ён паўтарыўся недзе ў гулкай цясніне гор. Самуйлёнак. Ёсць у Альпах далёкіх сяло, Ледзь бялее між горных цяснін. Калачынскі.

цясні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак.

Разм.

1. Размяшчацца ў вялікай колькасці на невялікай прасторы блізка адзін ад аднаго. Потым мы абедалі на кухні, прыляпіўшыся да невялічкага століка. Чаго было так цясніцца, я не разумеў. Місько. Каля сцен вялікага «салона» цясніліся маленькія столікі. Бядуля. // Стаяць на невялікай плошчы цесна, датыкаючыся адзін да аднаго (пра мноства людзей). Ля ўвахода на ўзлётнае поле цясніцца стракаты, маляўнічы натоўп. В. Вольскі. // перан. Перапаўняць каго‑, што‑н. (пра думкі, пачуцці). Думкі цясніліся ў маёй галаве, абганяючы адна другую. Аляхновіч. І тады страх, што цясніўся ў грудзях, набыў рэальнае і канкрэтнае асэнсаванне. Кудравец.

2. Рухацца, станавіцца цясней, вызваляючы вольнае месца.

цясні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.

1. Прымушаць адступіць, адцясняць. Партызаны цяснілі карнікаў.

2. Абмяжоўваць каго‑н. у прасторы, плошчы. [Дзям’ян Данілавіч:] — Не буду я вас цясніць, ды і мне там вальготней будзе. Новікаў.

3. Спіраць, сціскаць (грудзі, дыханне). Ева спынілася. Яна адчувала, як расло ў грудзях сэрца, як цясніла ёй дыханне. Маеўская.

цясно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.

Разм. Тое, што і цесната. Дзверы яе пакоя павінны быць заўсёды адчынены, каб маці не адчувала цясноты. Бажко.

цяў, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння брэху сабачаняці. Рыжая сучачка Цяў ды цяў... Лойка.

ця́ўе, ‑я, н., зб.

Абл. Націнне. Іншы раз уяўляецца, што і сонца тут свеціць, як на паверхні зямлі, і раса іскрыцца, як на грэчцы або на бурачным цяўі. Кулакоўскі.

ця́ўканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. цяўкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Аднойчы шчанюкі На двор прыбеглі, выпаўзшы з-пад маткі, Зірнулі ў розныя бакі І цяўканне ўзнялі. Корбан.