Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цярпі́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які можна цярпець, з якім можна мірыцца. Сышоўся [Максім] без шлюбу з жанчынай, а жыў пасямейнаму .. Усе прымалі гэта як факт, мажліва і непрыемны, але цярпімы. Машара.

2. Такі, які схільны мірыцца з кім‑, чым‑н.; паблажлівы, памяркоўны.

цярплі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць цярплівага. Цярплівасць — гэта маці вынаходлівасці, маці творчасці. Дубоўка. // Здольнасць доўга вытрымліваць што‑н. непрыемнае, надакучлівае. Страціць цярплівасць.

цярплі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае цярпенне (у 1 знач.); здольны з цярпеннем пераносіць фізічныя і маральныя пакуты. Цярплівы мужны наш народ. Астрэйка. Страшна сказаць — ён [Таўлай] паміраў шэсць месяцаў, ведаў пра гэта, а ўсё ж заставаўся самім сабою: цярплівы, спакойны, мілы. Брыль.

2. Здольны рабіць што‑н. доўга, настойліва, з цярпеннем. Хіба вельмі вучоны чалавек можа .. [літары] разблытаць, нібы цярплівая гаспадыня скудлачаны маток нітак. Бядуля. // Доўгі, упарты. Цярплівая праца.

3. Поўны цярпення (у 1 знач.); які выражае цярпенне. Цярплівыя адносіны.

цярпу́г, церпуга, м.

Марская панцырная рыба, якая водзіцца ў Японскім, Ахоцкім, Берынгавым марах і ў Ціхім акіяне.

цярэ́блены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад церабіць.

цяса́к, цесака, м.

Халодная зброя ў выглядзе шырокага, вострага з абодвух бакоў клінка з крыжападобнай ручкай. Часта пад рукі трапляліся радавыя гітлераўцы, у якіх, акрамя цесакоў, нічога не было. Новікаў.

цясла́, ‑ы; мн. цёслы, ‑аў; ж.

Уст. Цяслярская прылада з паўкруглым лязом для выдзёўбвання карыт, начовак і пад. У раскопе 1969 г. знойдзены абломак сякеры, цясла, свярдзёлак. «Помнікі».

цясля́р, цесляра, м.

Рабочы, які займаецца грубай апрацоўкай драўніны, узвядзеннем драўляных будынкаў, вырабам простай драўлянай мэблі. Ужо ўстаўляюць вокны, дзверы У млын славуты цесляры. Астрэйка. Калгасныя цесляры паспелі паставіць толькі зруб і кроквы ды пакласці столь над адным пакоем. Мележ.

цясля́рны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і цяслярскі. Арцём, адпачыўшы, бярэцца за работу. Аполак у яго ўжо гатовы. Плоскім цяслярным алоўкам ён размячае яго на кавалкі. Ракітны. Потым жа, калі завялі пчол у калгасе, Тодар стаў пчалаводам, а Грысь хоць заўжды і дапамагаў яму ва ўсім, больш займаўся цяслярнай справай. Кулакоўскі.

цясля́рня, ‑і, ж.

Майстэрня, памяшканне, дзе працуюць цесляры.