абмачы́цца, ‑мачуся, ‑мочышся, ‑мочыцца; зак.
1. Абмачыць на сабе адзенне, абутак; зрабіцца мокрым ад дажджу, мокрага снегу і пад.
2. Спусціць пад сябе мачу (пра дзяцей, хворых).
абмачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., каго-што.
Зрабіць мокрым, вільготным, намачыць. Дождж абмачыў сена. □ [Юрка].. пабоўтаў трохі нагамі ў вадзе, абмачыў унізе калошы палатняных портак сваіх і не мог сабраць сваіх думак аж да самай ночы. Чорны. // Зрабіць мокрым, абмакнуўшы ў што‑н. Добра абмачыць касу, пацягнуць яе пад вадой і, падняўшы, глядзець, як.. цячэ ў раку тонкі струмень. Брыль.
абмежава́льнік, ‑а, м.
Спец. Прылада, якая робіць немагчымай работу машыны, устаноўкі за межамі паказаных велічынь. Сашнікі сеялак абсталяваны абмежавальнікамі глыбіні.
абмежава́льны, ‑ая, ‑ае.
Накіраваны на абмежаванне; які прадугледжвае абмежаванне. Абмежавальныя меры.
абмежава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць абмежаванага. Абмежаванасць інтарэсаў. Нацыянальная абмежаванасць.
абмежава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. абмежаваць, абмежавацца.
2. Тое, што стрымлівае, ставіць каго‑, што‑н. у пэўныя рамкі. Яшчэ было многа усялякіх абмежаванняў, правіл, якія нельга было парушаць. Мікуліч.
абмежава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад абмежаваць.
2. у знач. прым. Невялікі, нязначны. Паміж бязмежным імкненнем да расшырэння вытворчасці, уласцівым капіталізму, і абмежаваным спажываннем народных мас (абмежаваным у выніку іх пралетарскага становішча) ёсць несумненная супярэчнасць. Ленін.
3. перан.; у знач. прым. Духоўна неразвіты, адсталы, недалёкі. Тупым і абмежаваным паліцэйскім Я. Колас проціпастаўляе прадстаўнікоў простага народу. Пшыркоў.
•••
Абмежаваная манархія гл. манархія.
абмежава́цца, ‑мяжуюся, ‑мяжуешся, ‑мяжуецца; зак.
Звесці сваё дзеянне або дзейнасць да пэўнага кола пытанняў. Галынскі гэтую ўсмешку адгадаў, але абмежаваўся тым, што падзякаваў Пілацееву за тлумачэнне ягоных палітычных перакананняў. Галавач. // Задаволіцца пры вырашэнні якога‑н. пытання чым‑н. нязначным. [Хруст:] — Як бачыце, вінаваты чыстасардэчна прызнаўся ва ўсім. Таму прапануецца абмежавацца папярэджаннем. Пянкрат.
абмежава́ць, ‑мяжую, ‑мяжуеш, ‑мяжуе; зак., каго-што.
1. Паставіць у пэўныя рамкі, межы; звузіць чыю‑н. сферу дзейнасці. Размову з Лемяшэвічам [Жураўскі] абмежаваў тым, што спытаў пра жыццё і папрасіў перадаць прывітанне Касцянкам. Шамякін.
2. Вызначыць мяжу, граніцу якога‑н. участка зямлі. // З’явіцца мяжой, граніцай чаго‑н.
абме́жак, ‑жка, м.
Тое, што і узмежак. Ускапаць абмежкі.