Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абману́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Памыліцца, ашукацца. // Адчуць расчараванне ў кім‑, чым‑н. (у таварышу, надзеях, спадзяваннях і пад.).

абману́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Наўмысна сказаць каму‑н. няпраўду; схлусіць. // Увесці ў зман непраўдзівымі адносінамі. [Лаяна] не маглі абмануць ліслівыя позіркі, кампліменты яўных падлізаў, робленыя ўсмешкі падхалімаў. Лынькоў.

2. Нядобрасумленна аднесціся да каго‑н.; ашукаць. Абмануць пакупніка.

3. Не апраўдаць чыіх‑н. спадзяванняў, надзей. // Не выканаць дадзеных абяцанняў; не спраўдзіць, падвесці; спакусіць.

абма́ншчык, ‑а, м.

Той, хто абмануў ці абманвае каго‑н.

абма́ншчыца, ‑ы, ж.

Жан. да абманшчык.

абмаражэ́нне, ‑я, н.

1. Стан паводле знач. дзеясл. абмарозіцца. Абмаражэнне першай ступені.

2. Пашкоджанне тканак арганізма, якое ўзнікае ад дзеяння нізкіх тэмператур.

абмарачы́цца, ‑рачуся, ‑рочышся, ‑рочыцца; зак.

Разм. У выніку працяглага кружэння страціць раўнавагу.

абмарачы́ць, ‑рачу, ‑рочыш, ‑рочыць; зак., каго-што.

Разм.

1. Закружыць (сабе, каму‑н.) галаву.

2. Увесці ў зман, ашукаць, задурманіўшы галаву.

абмарачэ́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. абмарачыцца. Я раптам адчуў прыемную, да абмарачэння, да кружэння ў галаве, слабасць. М. Стральцоў.

абмаро́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абмарозіць.

2. у знач. прым. Пашкоджаны марозам. Прыплёўся [сабака] з лесу галодны, хворы, з абмарожанымі нагамі. Ваданосаў.

3. у знач. наз. абмаро́жаны, ‑ага, м. Той, хто атрымаў пашкоджанне ад марозу. Акрамя тыфозных, нямала было іншых хворых: інвалідаў вайны, скалечаных, прастуджаных, абмарожаных. Шамякін.

абмаро́жванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абмарожваць — абмарозіць.