абмаўля́цца, ‑ляюся, ‑ляешся, ‑ляецца.
Незак. да абмовіцца.
абма́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Махаючы чым‑н., абдаваць сябе струменем паветра (звычайна для ахаладжэння). Пасажыры паадчынялі вокны, абмахваліся хустачкамі. Мяжэвіч. // Узмахамі адганяць ад сябе (мух, камароў і пад.). Пакуль цётка хадзіла ў хату па вядро, [карова] стаяла каля студні, над карытам з зялёным машком на дне, абмахвалася ад заедзі і, памыкваючы, прасіла піць. Лужанін.
абма́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Махаючы чым‑н., абдаваць паветрам (звычайна для ахаладжэння). Абмахваць твар.
2. Незак. да абмахнуць (у 2 знач.). // Махаючы чым‑н., адганяць мух, камароў і пад. Абмахваць галінкай аваднёў.
абмахну́цца, ‑ну́ся, ‑не́шся, ‑не́цца; ‑нёмся, ‑няце́ся; зак.
1. Аднакр. да абмахвацца.
2. перан. Памыліцца. Ды леснікі здарэнне зналі. Калі Абрыцкі абмахнуўся І пад Пшавару падвярнуўся. Колас.
абмахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Аднакр. да абмахваць (у 1 знач.).
2. Хуткім лёгкім узмахам ачысціць што‑н. ад чаго‑н. (пылу, снегу і пад.). Абмахнуць стол. // Хутка, лёгка правёўшы рукою па чым‑н., скінуць што‑н. І бацька жылістай рукой Слязінкі абмахнуць стараўся. Гаўрусёў.
абма́цаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абмацаць.
абма́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Пакратаць што‑н., дакрануцца да чаго‑н. Мікіта Мінавіч.. нагнуўся, абмацаў збоку сухую купіну і апусціўся правым каленам на яе. Кулакоўскі. // перан. Уважліва агледзець. [Толя:] — Павер мне, старому газетнаму прайдзісвету.. Я гэту кандыдатуру абмацаў і знізу і зверху. Чыгрынаў.
2. Абшукаць, абшарыць, мацаючы. Дзеці з цікавасцю кінуліся да торбачкі, уважліва абмацалі яе і сумныя адышліся. Якімовіч. // перан. Знайсці, намацаць, выявіць, шукаючы. Знойдзеш-абмацаеш яблыка і ўвап’ешся зубамі ў кіславата-салодкую смакату... Брыль. // перан. Высачыць, выведаць. Тут стрэльбы нашы ў галавах — Пяццю патронамі набіты, Каб не было часамі швах, Калі абмацаюць бандыты. Крапіва.
абма́цванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. абмацваць — абмацаць.
абма́цвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Зал. да абмацваць.
абма́цваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абмацаць.