Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цямра́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і цямравы. Тым часам сонейка з-за лесу Зняло цямраную завесу. Колас.

ця́мця, ‑і, ДМ ‑ю, Т ‑ем, м.; ДМ ‑і, Т ‑яй (‑яю), ж.

Разм. Пра няспрытнага, непаваротлівага, нерухавага чалавека. Злосны і на ўвесь свет, і на самога сябе — «Цёрся, цямця, а тут і заняло!» — ён сеў і паехаў памалу. Брыль.

•••

Цямця-лямця — тое, што і цямця.

цянёк, ‑ньку, м.

Зацененае, халаднаватае месца; халадок. Ляжала ў цяньку дварняжка і цікавала вачыма за спакойнымі рухамі дзеда. Лынькоў. Сонца пачынае прыпякаць. Але хавацца ад яго куды-небудзь у цянёк не хочацца. Васілёнак. Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка, Абодва берагі каторай Лазняк, ракітнік абступалі; Бруіліся ў цяньку іх хвалі. Колас.

цянётнік, ‑а, м.

Павук, які пляце павуціну.

цянётны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цянётаў.

цянёты, ‑аў; адз. няма.

Паляўнічыя сеткі для лоўлі звяроў і птушак. Нейкія цянёты блытаюцца навокал ног, рвуцца і зноў блытаюцца. Пестрак. // перан. Пра тое, што прыгнятае, перашкаджае свабодна дзейнічаць; пастка. [Сектанты] па-ранейшаму працягвалі лавіць у свае цянёты даверлівых людзей. «Звязда».

цяні́стасць,

Уласцівасць цяністага.

цяні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які дае, утварае цень (пра расліны). Спакойна гамоняць Цяністыя вербы. Хведаровіч.

2. Такі, у якім шмат ценю, багаты ценем. Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас. // Які знаходзіцца ў цяні, заценены. У парку ёсць адна асабліва прыгожая цяністая дарожка. Хомчанка.

цянька́мі, прысл.

Разм. Напрасткі, нацянькі. Калі хлопец зноў ад’язджаў па вучобу, .. [Марылька] вельмі нерашуча .. цянькамі падышла да станцыі. Кулакоўскі. Мо хлопцы з дальняе дарогі ідуць цянькамі да сяліб? Машара.

цяп, выкл.

Разм.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння рэзкіх удараў па чым‑н. цвёрдым (пры сячэнні).

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. цяпаць —цяпнуць. Цяп за руку.

•••

Цяп-ляп — ужываецца для абазначэння хуткага, але неахайнага выканання работы, справы; абы-як. — Скаргі працоўных павінны разглядацца неадкладна, — безапеляцыйна адрэзаў Шпунцік. — Вядома, вядома, — згадзіўся старшыня, — але разглядаць іх трэба не па прынцыпу цяп-ляп, а на ўсю глыбіню. Корбан.