Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бранябо́йка, ‑і, ДМ ‑бойцы; Р мн. ‑боек; ж.

Разм. Процітанкавае бранябойнае ружжо. Пажылы барадаты мужчына з бранябойкай на плячы прагна, з захапленнем паглядаў навокал, радуючыся, што бачыць, як і раней, гэтае хараство. Мележ.

бранябо́йны, ‑ая, ‑ае.

Які прабівае браню; прызначаны для стральбы па браніраваных цэлях. Бранябойны снарад. Бранябойная куля. Бранябойнае ружжо.

бранябо́йшчык, ‑а, м.

Стралок, узброены бранябойным ружжом. З другім браневіком «Кацюшы» не пашанцавала: яго паспяшаўся правіць бранябойшчык а.. супрацьтанкавага ружжа. Брыль.

браняве́жа, ‑ы, ж.

Закрытая бранявая канструкцыя на ганках, баявых машынах пяхоты, бронетранспарцёрах, бронепаяздах і пад. для размяшчэння ўзбраення і абароны асабовага складу; бранявая вежа.

браняві́к, ‑невіка, м.

Бронеаўтамабіль, прызначаны для разведкі, аховы і сувязі. Вестка пра смерць камандзіра дайшла да нас у той час, калі мы ўбачылі браневікі. Карпюк. Карэкціроўшчык сядзеў на зрубе адрынкі, стараючыся праз бінокль.. дакладна акрэсліць месца знаходжання браневіка. Брыль.

бранявы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да брані. // Пакрыты бранёю. [Аляксей] не ведаў стомы, цэлыя суткі праседжваючы ў сцюдзёным бранявым каўпаку. Мележ.

браняка́тэр, ‑а, м.

Браніраванае судна невялікага водазмяшчэння, прызначанае для баявых дзеянняў галоўным чынам на рэках.

браняно́сец, ‑носца, м.

1. Вялікі браніраваны ваенны карабель з магутнай артылерыяй на борце. Браняносец «Пацёмкін». □ Сёмка-матрос, жартуючы, назваў параход браняносцам. Лынькоў.

2. Млекакормячая жывёліна, накрытая рагавым панцырам з акасцянелых скурных шчыткоў (водзіцца ў Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыцы).

браняно́сны, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты бранёю (у 2 знач.). Браняносны крэйсер.

браняпо́езд, ‑а, М ‑дзе; мн. бронепаязды, ‑оў, м.

Браніраваны поезд, прызначаны для баявых дзеянняў у паласе чыгункі. Гітлераўцы выслалі да месца дыверсіі браняпоезд. Шамякін.