бра́ткі, ‑так; адз. няма.
Травяністая расліна сямейства фіялкавых з фіялетавымі, радзей белымі або рознакаляровымі кветкамі. Ужо зазелянеў агарод. Цвілі браткі. Чорны. У мяне на стале стаіць букет веснавых кветак. .. Тут і сціплыя незабудкі, і канвалія, і браткі. Дубоўка. Цётка Броня нарвала з грады росных братак і панесла ў палату. Місько.
бра́тні, ‑яя, ‑яе.
1. Уласцівы брату (у 1 знач.), родны. Братняя любоў да сястры.
2. Таварыскі, сяброўскі. Мы — беларусы з братняю Руссю Разам шукалі к шчасцю дарог. Клімковіч. Колькі ёсць поглядаў свежых, Братніх працягнутых рук. Танк.
3. Тое, што і братаў. Братнія дзеці.
брато́к, ‑тка; мн. браткі; м.
Разм. ласк. Толькі ў форме звароту. Тое, што і брат (у 3 знач.), братка. [Мікола:] — Пагавары, браток, зрабі ласку. Я хачу сам напасці з партызанамі на чыгунку. Якімовіч. Тужыць, браток, не маем часу. Калі з клапотамі ідзе З палёў вільготных да калгаса Сяўбы вясковай рупны дзень. Панчанка.
бра́тчына, ‑ы, ж.
Гіст. Сялянская гулянка з пачастункам, якая арганізоўвалася ў складчыну пасля збору ўраджаю ці ў святочныя дні.
братэ́рскі, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і братні (у 2 знач.), брацкі (у 2 знач.). Але ёсць у вас [братоў] край, Ёсць радзіма на свеце, Дзе чакаюць вас маткі і дом, Дзе вы знойдзеце ласку Братэрскую ў сэрцах, хлеб і песню за кожным сталом. Танк. Мікалай быў хлопцам, які выклікаў у.. [Маі] братэрскія пачуцці. Карпюк.
братэ́рства, ‑а, н.
Братні саюз, братняя дружба. Першы фільм, які мы бачылі ў Празе, быў фільм пра баявое братэрства савецкіх і чэхаславацкіх танкістаў. Мележ.
брат-сястра́, брат-сястры, ж.
Травяністая расліна сямейства залознікавых, від братаўкі.
бра́ўнінг, ‑а, м.
Аўтаматычны пісталет асобай сістэмы. Нявідны выхапіў браўнінг і выстраліў не цэлячыся. Колас.
[Ад уласн. імя.]
браха́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. брахаць (у 1 знач.).
браха́ць, брашу, брэшаш, брэша; незак.
1. Падаваць адрывістыя гукі (пра сабаку, ліса і некаторых іншых звяроў); гаўкаць. Дзесьці далёка брахаў сабака, піснула палявая мыш. Чорны. Яшчэ нават не вельмі позна — у хатах, мусіць, гараць яшчэ агні, на вуліцах сярдзіта брэшуць і выюць сабакі. Якімовіч.
2. перан. Разм. Ілгаць, хлусіць, маніць; паклёпнічаць, нагаворваць, абгаворваць. У Алёнкі пратэст з душы выбіваецца. Хочацца голасна сказаць усім гэтым плеткарам, што яны лгуць, брэшуць! Колас. — Чаго гэта мне брахаць? — націскае плячамі Пеця і падае Вольцы парожнія вёдры. — Я, канешне, мог памыліцца — гэта іншая справа, а брахаць... Вось што: гэта можам праверыць. Ракітны.
3. перан. Груб. Балбатаць, малоць языком, пустасловіць. А так Марцін спявае, брэша з хлопцамі.. — «вясёлы, жыццёвы дзядзька». Брыль. // Гаварыць непрыстойнае. Дня няма, Каб зранку.. [Кузьма] не наліваўся. ..Ідзе па вуліцы, шуміць, Бушуе, брэша і хаміць. Корбан.
•••
На ваду брахаць — прагна, многа, бясконца піць.
На пень брахаць — гаварыць непрыстойнасці, неразумнае.