брахіцэфа́л, ‑а, м.
Спец. Чалавек з кароткай галавой.
брахіцэфа́лія, ‑і, ж.
Спец. Форма чэрапе, у якой падоўжнае вымярэнне (ад асновы носа да патылічнага бугарка) толькі нязначна перавышае папярочнае.
[Ад грэч. brachys — кароткі і kephalē — галава.]
брахлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які любіць брахаць. Брахлівы сабака.
2. Які любіць хлусіць, маніць; ілжывы.
3. Балбатлівы, гаваркі. Брахлівы чалавек.
4. Які нагадвае сабачы брэх. Брахлівы гоман.
бра́хман, ‑а, м.
Чалавек, які належыць да вышэйшай касты (першапачаткова — касты жрацоў) у Індыі.
брахмані́зм, ‑у, м.
Старажытнаіндыйская рэлігія (вярхоўнае бажаство Брахма, або Брама), якая ўзнікла ў 10–9 ст. да н. э.
брахмані́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да брахманізму. Брахманісцкая рэлігія.
брахну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да брахаць. Убачыўшы гаспадара, Аза танютка брахнула. Караткевіч. Сабака гэтакай сустрэчы не чакаў. Брахнуў, падціснуў хвост і дзёру даў. Корбан.
брахня́, ‑і, ж.
Разм. пагард. Няпраўда, хлусня, мана; паклёп, нагавор, абгавор. [Ціхан:] — Гітлераўцы тут брэшуць без дай меры штодня! А народ не верыць, не хоча верыць іхняй брахні, іхнім лістоўкам, іхнім газетам. Лынькоў. Я не хацеў, каб мой матэрыял назвалі брахнёй, і таму паставіў перад сабой задачу дакапацца да самай глыбіннай праўды. Сабаленка.
браху́н, ‑а, м.
Разм. пагард. Ілгун, хлус, манюка; паклёпнік, нагаворшчык. [Васіль Ціханавіч:] — Гітлераўцы пішуць, што ўзялі Маскву, Ленінград. Нават да таго, брахуны, дадумаліся, што абвясцілі, каб бралі прапускі, хто хоча ехаць у Маскву... Сіўцоў. // Той, хто любіць вельмі шмат, без меры гаварыць; балбатун, лапатун. З брахні не мруць, ды брахунам веры не даюць. Прыказка.
браху́ха, ‑і, ДМ ‑хусе, ж.
Жан. да брахун. [Акуля:] — Ідзі, ідзі, так вось і павераць табе, брахусе. Колас.