братазабо́йства, ‑а, н.
1. Забойства свайго брата.
2. Забойства чалавека свайго класа, сваёй нацыі, свайго народа ў часе вайны. І вось пайшло акопнае братанне. Братазабойства — усім адна бяда. Звонак.
братазабо́йца, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Забойца свайго брата.
братазабо́йчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да братазабойства (у 2 знач.). Братазабойчая вайна.
бра́танне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. братацца.
бра́таў, ‑ава.
Які належыць брату, здзяйсняецца ім. Братоў касцюм. □ Цяпер братава апека і клапатлівасць блізкіх да яго людзей атуліла.. [Ірынку]. Чорны.
бра́таўка, ‑і, ДМ ‑таўцы; Р мн. ‑тавак; ж.
Аднагадовая травяністая расліна сямейства залознікавых.
бра́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Станавіцца пабрацімамі.
2. Праяўляць братнія пачуцці; уступаць у цесныя сяброўскія адносіны. Ад.. [Віктара] крыху патыхала бензінам. На перапынках [вучні] з ім не надта стараліся братацца, аднак не папракалі, бо ведалі, што калі.. бацька трактарыст, то хто.. вытрымае, каб не падысці да трактара. Кулакоўскі. // Спыняць ваенныя дзеянні, барацьбу і пад., заяўляючы аб узаемных братніх пачуццях, салідарнасці.
бра́тачка, ‑і, м.
Разм. Памянш. да братка. [Прахор:] — На табе, братачка, за гэта [за працу] гамбургскія боты. Зарэцкі. [Незнаёмы:] — А я ад вайны прывык да запальнічкі. Яна, братачка, не падвядзе ў любую слату. Ваданосаў.
братва́, ‑ы, ж., зб.
Разм. Таварышы, сябры. Шумнаю грамадою хлынула рабфакаўская братва. Колас. Хай бледны ад крыўды лірычны пакутнік Вядзе яшчэ з крытыкам бой, А ты не ў купэ, а пяшком на папутных З вясёлай дарожкай братвой. Панчанка.
бра́тка, ‑і, м.
Разм. Ласкальная форма звароту да мужчыны. [Пніцкі:] — Яшчэ, братка дарагі, я.. пішу, што ў калгас я падаўся адразу пасля таго, як ты мне напісаў. Чорны.