Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шчыго́л, ‑гла, м.

Маленькая пеўчая птушка сямейства ўюрковых з яркім апярэннем. Узляціць на галінку адзін шчыгол, абтрасецца, нібы толькі што з вады, заспявае, а за ім і другі гэта ж зробіць. Федасеенка.

шчыгры́н, ‑у, м.

Мяккая шурпатая скура з адмысловым узорам, якая вырабляецца са шкур бараноў, коз, авечак і пад. // Тканіна, папера, якая сваім знешнім выглядам нагадвае такую скуру (выкарыстоўваецца для абіўкі, пераплётаў і пад.).

[Фр. chagrin.]

шчыгрынава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад шчыгрынаваць.

шчыгрынава́цца, ‑нуецца; незак.

Зал. да шчыгрынаваць.

шчыгрынава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., што.

Апрацоўваць пад шчыгрын.

шчыгры́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шчыгрыну. Шчыгрынавая вытворчасць. Шчыгрынавы завод. // Зроблены са шчыгрыну. Шчыгрынавы пераплёт. // Падобны на шчыгрын. Шчыгрынавая папера.

шчыгу́льнасць, ‑і, ж.

Абл. Уласцівасць шчыгульнага (у 2 знач.). Нічога ў .. [Гордзіка] няма ад бацькоўскай шчыгульнасці. Ракітны.

шчыгу́льны, ‑ая, ‑ае.

Абл.

1. Які шчыльна, добра прылягае; у абцяжку. [Каморнік] доўга прыладжваў на нагах шчыгульныя гетры. Чорны.

2. Зграбны, ладны. Цяпер.. [бацька] шыў не адны ялавыя, а і самыя шчыгульныя хромавых боты. Вітка. // перан. Асаблівы, нязвыклы, выключны. Не падабалася гэтая шчыгульная шляхетнасць Цішку і майму брату Ваньку. Хведаровіч.

шчы́калатка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Сучляненне касцей галёнкі з касцямі ступні, якое выдаецца па баках нагі. Шчыкалаткі былі загорнуты анучамі, якія былі запраўлены ў салдацкія чаравікі. Новікаў. // Абл. Сучляненне касцей на пальцах рук. [Парфеніха] пастукала шчыкалаткамі пальцаў аб паліваны бок. Баранавых. Плашч настываў, карабаціўся на холадзе і рэзаў ля шчыкалатак голыя рукі. Пташнікаў.

шчыка́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шчыкаць.