Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

флёр, ‑у, м.

1. Тонкая, празрыстая, пераважна шаўковая тканіна.

2. перан. Напаўпразрыстае покрыва, заслона, смуга. Сёння ноччу туман зоры ясныя вымеў, І прачнулася раніца ў флёрах сівых: Нават мёртвыя жэрдкі здаюцца жывымі З-за жамчужных зіхоткіх гірляндаў на іх. Караткевіч. // Кніжн. Тое, што перашкаджае бачыць што‑н.; покрыва. Сталенне Сымона.. адбываецца не на вачах чытача, вынікае неяк нечакана, яно ахутана флёрам рамантычнай умоўнасці. Навуменка.

[Ням. Flor.]

флёравы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да флёру; зроблены з флёру (у 1 знач.).

флёрдара́нж, ‑у, м.

Белыя кветкі памяранцавага дрэва або штучныя кветкі такога ж выгляду, якімі прыбіраюць маладую да шлюбу.

[Фр. fleur d'orange.]

флёрдара́нжавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да флёрдаранжу. Флёрдаранжавы букет.

флёрніца, ‑ы, ж.

Сетчатакрылае насякомае з бледна-зеленаватым падоўжаным целам і залаціста-бліскучымі вачамі.

флібусцье́р, ‑а, м.

Кніжн. Пірат, марскі разбойнік, кантрабандыст.

[Фр. flibustier ад гал. vrijbuiter — пірат.]

флібусцье́рскі, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які мае адносіны да флібусцьера, належыць яму. Флібусцьерскае судна.

флібусцье́рства, ‑а, н.

Кніжн. Дзейнасць флібусцьераў.

флі́гель, ‑я, м.

Жылая прыбудова пры галоўным будынку, а таксама невялікі дом на двары вялікага будынка. [Гендарсан] памалу злез з брычкі, кінуў лейцы ў рукі Кірылу Вераб’ю, нешта буркнуў яму і пайшоў у свой флігель. Чарнышэвіч. У двары, за вуглом асабняка, стаяў прысадзісты флігель, у якім свяціліся ўсе чатыры акны. Хацкевіч.

[Ад ням. Flügel.]

флі́гель-ад’юта́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Афіцэр у свіце цара, імператара, які выконваў абавязкі ад’ютанта, або афіцэр для даручэнняў пры камандуючым арміяй у царскай Расіі. // Асоба ў гэтым чыне.

[Ням. Flügel-adjutant.]