Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

флёкс, ‑а, м.

Дэкаратыўная расліна сямейства сінюхавых з пахучымі кветкамі, сабранымі ў буйное суквецце. У абгароджаным нізкім частакольчыкам кветніку ўлетку і ўвосень буйна цвілі вяргіні і флёксы. Хадкевіч.

[Грэч. phlox — полымя.]

флёр, ‑у, м.

1. Тонкая, празрыстая, пераважна шаўковая тканіна.

2. перан. Напаўпразрыстае покрыва, заслона, смуга. Сёння ноччу туман зоры ясныя вымеў, І прачнулася раніца ў флёрах сівых: Нават мёртвыя жэрдкі здаюцца жывымі З-за жамчужных зіхоткіх гірляндаў на іх. Караткевіч. // Кніжн. Тое, што перашкаджае бачыць што‑н.; покрыва. Сталенне Сымона.. адбываецца не на вачах чытача, вынікае неяк нечакана, яно ахутана флёрам рамантычнай умоўнасці. Навуменка.

[Ням. Flor.]

флёравы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да флёру; зроблены з флёру (у 1 знач.).

флёрдара́нж, ‑у, м.

Белыя кветкі памяранцавага дрэва або штучныя кветкі такога ж выгляду, якімі прыбіраюць маладую да шлюбу.

[Фр. fleur d'orange.]

флёрдара́нжавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да флёрдаранжу. Флёрдаранжавы букет.

флёрніца, ‑ы, ж.

Сетчатакрылае насякомае з бледна-зеленаватым падоўжаным целам і залаціста-бліскучымі вачамі.