Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уну́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Утуліцца ў што‑н. [Караба] зноў унурыўся галавой у падушку і адразу захроп. Асіпенка. // Паваліўшыся з разгону наперад, уткнуцца тварам у снег, зямлю і пад. Толя ўпаў каля нейкага драўлянага доміка і ўнурыўся тварам у пясок. Якімовіч.

2. Захапіўшыся, паглыбіцца ў што‑н., задумацца. У дарозе людзі паводзяць сябе па-рознаму: хто пазірае ў акно, хто ўнурыцца ў чытанне, а хто не можа маўчаць і з незнаёмымі. Марціновіч. Адам на момант змоўк. Схіліўся над варштатам, унурыўся ў чарцёж. Мыслівец. // Апусціць галаву, панурыцца. Пракоп адчуў сябе пабітым і адзінокім. Унурыўся і маўчаў. Колас. [Мужчыны] вядуць на перакур купкай, а.. [Мацей] воддаль прыткнецца, закурыць, унурыцца і маўчыць. Пальчэўскі.

3. Пільна, не зводзячы вачэй, глядзець на каго‑, што‑н. Зачуўшы крокі, .. [хлопец] спалохана ўстрапянуўся, агледзеў Ілью з галавы да ног, потым зноў унурыўся ў агонь. Навуменка.

уну́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Увабраць у што‑н. (пра галаву). Галя ўнурыла галаву ў пастаўлены каўнер, патупіла вочы, як бы яна не хацела глядзець на кафедру. Сабаленка. Рыжы больш ссутуліўся, унурыў галаву ў плечы. Кавалёў. // Панура нахіліць, схіліць (галаву). Чубар колькі часу чакаў, што адкажа на гэта ваенурач, але той унурыў галаву і сядзеў зноў безуважны. Чыгрынаў. Юрка ўнурыў галаву, здавалася, увесь сціснуўся ў камячок. Настаўніца строга пазірала на яго, думала. М. Ткачоў.

2. Утаропіць у што‑н. (вочы, погляд). Надзейка заірдзелася і ўнурыла вочы ў талерку, але праз момант усміхнулася, падняла чарку, вымавіла: «За маму». Хадкевіч.

уну́тр, прысл. і прыназ.

1. прысл. У сярэдзіну. Прыняць лякарства ўнутр. □ Кветкі абляпілі сцяну дома, віліся вакол калоны на ганку, забіраліся па нацягнутых нітках на вокны, заглядвалі ўнутр. Хадановіч.

2. прыназ. з Р. У сярэдзіну, у межы чаго‑н. Ад вуліцы гэтае месца адгароджвала другая сцяна, якая рухнула ўнутр дома. Быкаў.

уну́трана, прысл.

Пра сябе, у душы, у думках. Іна ўнутрана ажывілася і, не адымаючы ад вачэй рук, праз шчыліны між пальцаў зірнула на Анатоля. Ваданосаў. [Паддубны] імкнуўся быць спакойным і ўнутрана і знешне. М. Ткачоў.

уну́транасць, ‑і, ж.

Прастора ў сярэдзіне чаго‑н. Унутранасць вагона.

уну́траны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, размякчаецца ўнутры чаго‑н.; проціл. знешні (у 1 знач.). Унутраныя дзверы. Унутраны замок. □ Рашчэня адчыніў шырокае акно свайго кабінета адразу ж, як толькі вынеслі ўнутраную раму. Шамякін. // Які дзейнічае знутры. Трэцяя печ уздрыгвала ад моцных унутраных штуршкоў. Данілевіч. // Звернуты ў сярэдзіну чаго‑н. Унутраная разьба.

2. Які мае адносіны да псіхічнай дзейнасці чалавека, адбываецца ў яго псіхіцы. Некалькі кароткіх хвілін дырэктар перажываў пакутлівую ўнутраную барацьбу. Краўчанка. Гаварыў Слаўка спакойна, роўна, але ў голасе яго адчувалася вялікая ўнутраная сіла. Новікаў.

3. Які ляжыць у аснове чаго‑н., з’яўляецца сутнасцю чаго‑н. Унутраныя супярэчнасці. Унутраная сувязь з’яў. □ [Песня] раскрыла перад гм [Грыневічам] сваю душу, усе зманлівыя таямніцы свайго ўнутранага хараства. Ліс.

4. Які мае адносіны да жыцця, дзейнасці ўнутры дзяржавы, установы, арганізацыі; проціл. знешні (у 3 знач.). Унутраная палітыка. Унутранае становішча краіны. □ У кароткай гутарцы .. [Пракоп] даведаўся аб размеркаванні работы паміж калгаснікамі і аб унутраныя распарадку ў калгасе. Колас.

•••

Рухавік унутранага згарання гл. рухавік.

Унутраная флексія гл. флексія.

Унутраныя хваробы гл. хвароба.

унутры́, прысл. і прыназ.

1. прысл. У сярэдзіне, у межах. [Маёр:] У мяне ўсё кіпіць унутры. І я ледзьве стрымліваюся... Кучар. Валодзя асцярожна заглянуў у адтуліну, але ўнутры было чорна і нічога не відаць. Арабей.

2. прыназ. з Р. У сярэдзіне, у межах чаго‑н. Доўга яшчэ гудзелі трубным гулам басы ўнутры раяля. Хомчанка.

унутры...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае слову «унутраны», напрыклад: унутрыатамны, унутрывідавы, унутрыкласавы, унутрыпартыйны.

унутрыа́тамны, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца ўнутры атама. Унутрыатамны працэс. Унутрыатамная энергія.

унутрыве́нны, ‑ая, ‑ае.

Які ўводзіцца ўнутр вены. Унутрывеннае ўліванне.