Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жытнёвы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і жытні (у 1 знач.). А там, у жытнёвым полі, працяглыя мілагучныя жніўныя песні ўпляталіся ў рокат, у гул машынных матораў. Бялевіч. Я ў гэту ноч ліпнёвую Іду сцяжынкай вузкаю, Сцяжынкаю жытнёваю, Зямлёю беларускаю. Гілевіч.

жы́тні, ‑яя, ‑яе.

1. Які мае адносіны да жыта. Жытняе поле. □ Агнём вясёлак ззяюць росы У моры жытніх каласоў. Колас.

2. Прыгатаваны з жыта або прадуктаў яго апрацоўкі. Жытняя мука. Жытні хлеб.

жы́тнік, ‑у, м.

Абл. Хлеб, прыгатаваны з жытняй мукі. Наўрад ці ёсць што на свеце смачнейшае за свежы жытнік! Савіцкі.

жы́тніца, ‑ы, ж.

1. Уст. Памяшканне для захоўвання збожжа; свіран.

2. перан. Хлебародная вобласць краіны, якая забяспечвае хлебам іншыя мясцовасці. Украіна — жытніца СССР.

3. Разм. Жытняя салома. Волька па-мужчынску падхоплівала .. [віламі] жытніцу і кідала яе ў тарпу. Васілевіч.

жы́тнішча, ‑а, н.

1. Поле, з якога сабралі жыта або на якім папярэдняй культурай было жыта. — Дзе-нідзе [жыта] прыйдзецца па жытнішчы сеяць, каб усё ў адным кавалку было. Шахавец.

2. Іржышча на жытнім полі. Зямля паблісквала вузкімі паскамі вады ў разорах ды шчацінілася леташнім жытнішчам. Галавач.

жытны́, ‑ая, ‑ое.

1. Тое, што і жытні. Жытная салома.

2. у знач. наз. жытно́е, ‑ога, н. Жытняе поле. Не ўпершыню сёння наша жытное За небакрай разлілося... Шэпча, трывожыцца, нібы жывое, Перада мною калоссе. М. Арочка. Палявая сцяжына ў жытное вядзе. А. Вольскі.

жытня́к, ‑у, м.

Шматгадовая кармавая травяністая расліна сямейства злакавых.

жытцо́, ‑а, н.

Памянш.-ласк. да жыта. Нават дзе і не было пустазелля, жытцо стаяла дробненькае. Кулакоўскі. Распроствае постаць і стан свой паволі Жытцо, ярына... Колас.

жыўле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. жывіць, жывіцца.

жы́ўнасць, ‑і, ж., зб.

Разм. Жывыя істоты, часцей дробныя. Усякая жыўнасць у балоце варушыцца. Лынькоў. Корміцца галавень самай разнастайнай і, як правіла, прыдоннай жыўнасцю: дробнымі чарвякамі, ракападобнымі, слімакамі і малюскамі. Матрунёнак. // Дробная свойская жывёла. У Самабыля ёсць розная жыўнасць: куры, трое парасят, дзве казы і трусы. Колас.