гло́са, ‑ы, ж.
Тлумачэнне незразумелае слова або выразу, якое даецца на палях або ў самім тэксце старажытных і сярэдневяковых рукапісаў. Глосы ў скарынінскіх тэкстах.
[Ад грэч. glossa — устарэлае слова, якое патрабуе тлумачэння.]
глотагене́з, ‑у, м.
Спец. Паходжанне чалавечай мовы. // Паходжанне мовы асобных этнасаў. Глотагенез славян.
[Ад грэч. glōtta — мова і génesis — паходжанне.]
гло́тачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да глоткі (у 1 знач.). Глотачная міндаліна.
гло́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Частка стрававальнага апарату — мышачная трубка, якая злучае поласць рота са страваводам.
2. Разм. Горла. Крычаць на ўсю глотку.
•••
Браць за глотку гл. браць.
Драць (ірваць) глотку гл. драць.
Заткнуць глотку гл. заткнуць.
глузд, ‑у, м.
Разм. Розум, развага. Паварушыць глуздамі. □ — О, гэты хлопец з глуздом. .. Паслухаем, што далей скажа... Пестрак.
•••
З глузду з’ехаць гл. з’ехаць.
глум, ‑у, м.
Разм.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. глуміць і глуміцца; глумленне.
2. Пра што‑н. марна страчанае, папсаванае. Дабро пайшло ў глум.
глумі́цца, глумлюся, глумішся, глуміцца; незак.
Разм.
1. Марна траціцца, псавацца. Да слёз крыўдна было, што збажына дарэмна глумілася. Гурскі.
2. з каго-чаго. Здзекавацца, насміхацца. Ураднік, старшыня, стражнік, поп, нават дзесяцкія — усе .. глуміліся з бедняка. Гартны.
3. Зал. да глуміць.
глумі́ць, глумлю, глуміш, глуміць; незак., што.
Разм.
1. Марна траціць, псаваць. Шкада было глуміць мяккі даўгунец, старанна выпаланы калгаснымі дзяўчатамі. Грахоўскі.
2. Здзекавацца, насміхацца з каго‑, чаго‑н. Большасць ведала, што сыны ваююць за праўду, якую глуміў немец, за Расеюшку, за цара, а больш нічога не ведалі, а хоць і ведаў хто, дык маўчаў, бо быў на вачах старасты, урадніка і земскага. Каваль.
глумле́нне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. глуміць і глуміцца.
глу́пства, ‑а, н.
1. Дурны ўчынак, дурная думка; недарэчнасць, бяссэнсіца. А Казімір гаварыў: — Да чаго ж яшчэ дурныя людзі. Маліцца каменю? Цьфу! Каб ты, Марта, больш гэтага глупства не рабіла. Пестрак. Усе ведалі, што Дзям’ян, працавіты і сумленны чалавек, глупства не скажа, бо мае розум і любіць справядлівасць. Кавалёў.
2. Пра што‑н. нязначнае, дробязнае. З-за глупства не спрачайся.