Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цяля́тка, ‑а, н.

Памянш.-ласк. да цяля, цялё. Ласкавае цялятка дзве маткі ссе. Прыказка.

цяля́тнік, ‑а, м.

1. Хлеў для цялят. Раптам у шырокіх дзвярах цялятніка з’явіліся дзве постаці. Колас. Даверлівыя тупыя пысы .. [цялят] заўсёды радавалі Алёну, калі яна заходзіла ў цялятнік. Ермаловіч.

2. Той, хто даглядае цялят. Вопытны цялятнік.

3. Разм. неадабр. Таварны вагон, прызначаны для перавозкі жывёлы; цяплушка. Доўгі эшалон цяплушачных цялятнікаў падпоўз да дзівоснага і нязграбнага зборышча чорных рыштункаў. Чорны. Ехалі дамоў у таварным вагоне-цялятніку. Эшалон доўга выстойваў на станцыях. С. Александровіч.

цяля́тніца, ‑ы, ж.

Жан. да цялятнік (у 2 знач.).

цяля́ціна, ‑ы, ж.

Мяса цяляці як ежа. [Грамабоіха:] — Закусь вазьмі, дык яно і пройдзе. Бяры цяляціну, ці кумпяка прабуй. Крапіва.

цяля́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цяляці. Цялячае мяса. Цялячая скура. // Зроблены са скуры цяляці. Над плотам паказалася Есіпава галава ў вынашанай цялячай шапцы. Дуброўскі. // Прыгатаваны з мяса цяляці. Цялячая каўбаса. Цялячыя катлеты.

2. Такі, як у цяляці; падобны да таго, які бывае ў цяляці. Даваў пытанні тоўсты з цялячым выглядам старшы з жандармерыі. Нікановіч.

•••

Цялячае захапленне — занадта бурнае або беспрычыннае захапленне.

Цялячыя пяшчоты — празмерная або залішняя сентыментальнасць у праяўленні пачуццяў, ласкі.

ця́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак., што, у чым і без дап.

Разумець сэнс падзей, гаворкі і пад.; разбірацца, кеміць. — Пачакайце... Стойце... Годзе... Нешта цямлю я пагана... Крапіва. [Сяржант:] — Хлапчук як быццам з галавой: у ваеннай справе будзе цяміць. Пінчук.

ця́мкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і цямлівы. [Пан:] — Ты, відаць, хлапчына цяжкі, А цяпер такі загад: Я зайграю на раялі, А ты ўтор мне падбяры. Колас.

ця́млівасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць цямлівага.

ця́млівы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Кемлівы, разумны, здагадлівы. Сам д’ябал, каб быў ён адно на свеце, не разабраў бы, што рабілася ў Рыгоравай хаце. Не толькі Сымон Мікуць і Ладымер Стальмаховіч, але і гэтакі цямлівы чалавек, як Радзівон Бабака, пацепаў адно плячыма, мяркуючы пра гэта. Чорны.

цямля́к, цемляка, м.

Пятля з рэменя, стужкі і пад. на ручцы шпагі, шаблі, якая надзяваецца на руку пры карыстанні зброяй. У дзеда захавалася шмат цікавых рэчаў з часоў рэвалюцыі і вайны: ордэны і медалі, граматы, чырвонаармейскія зорачкі, будзёнаўскі шлем, шашка з раменным цемляком і ножкамі. Хомчанка.