эхінакако́з, ‑у, м.
Захворванне жывёл і чалавека, якое выклікаецца паразітаваннем лічынак эхінакока.
эхінако́к, ‑а, м.
Стужкавы гліст, які паразітуе ў кішэчніку сабакі і некаторых іншых жывёл. // Лічынка, зародак гэтага гліста, якія сустракаюцца ў розных органах чалавека і жывёл і выклікаюць цяжкія захворванні.
[Ад грэч. echínos — вожык і kókkos — зерне.]
эхінако́кавы, ‑ая, ‑ае.
Які выклікаецца эхінакокам. Эхінакокавая хвароба.
эцю́д, ‑а, М ‑дзе, м.
1. У выяўленчым мастацтве — твор, які выконваецца з натуры, з’яўляецца першапачатковым накідам, эскізам, часткай кампазіцыйнага цэлага. Пісаць эцюд. □ Каля дзесятка менш значных эцюдаў і эскізаў былі выстаўлены ў мастацкім магазіне, што таксама гарантавала пэўныя шансы. Васілевіч. // толькі мн. (эцю́ды, ‑аў). Маляванне фарбамі з натуры для практыкавання, загатоўкі эскізаў. Пайсці на эцюды.
2. У музыцы — твор віртуознага характару для аднаго інструмента, а таксама высокамастацкае сачыненне для канцэртнага выканання. Фартэп’янныя эцюды Ліста. □ Кожны ўдзельнік выканаў адзін твор Баха, тры віртуозныя эцюды. «ЛіМ».
3. Практыкаванне (звычайна імправізацыйнага характару), якое служыць для развіцця і ўдасканальвання тэхнікі артыстычнага майстэрства ў студыі, кіно і пад. — Пакажы які-небудзь эцюд. — А што гэта такое? — пытаюся. Смяюцца. — Ну, якую-небудзь сцэнку з жыцця. Сяргейчык.
4. Невялікі твор навуковага, крытычнага і пад. характару, прысвечаны якому‑н. асобнаму пытанню. Якраз у гэты час, у перыяд актыўнай публіцыстычнай дзейнасці, пісьменнік ад празаічных эцюдаў пераходзіць да апавяданняў. Каваленка.
5. Шахматнае (шашачнае) заданне, якое заключаецца ў тым, каб выйграць або зрабіць нічыю пры пэўнай пазіцыі з невялікай колькасцю фігур. Шахматны эцюд. Шашачны эцюд. □ У эцюдзе выдатнага савецкага майстра Л. Кубеля галоўнай дзеючай асобаю быў ферзь белых. «Маладосць».
[Фр. étude.]
эцю́днік, ‑а, м.
1. Плоская скрынка, з якой ходзяць на эцюды. Андрэй хуценька сабраў эцюднік, захапіў з сабою кавалак грунтаванага палатна і памчаў на веласіпедзе за горад. Кандрусевіч. На плячы быў у хлопца зацёганы На раменьчыку вузкім эцюднік. Лойка. // Папка для захоўвання эцюдаў.
2. Невялікая дошка, на якую жывапісец прымацоўвае паперу, палатно і пад.
эцю́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да эцюда, з’яўляецца эцюдам. Эцюдная кампазіцыя. □ У калектыве брэсцкіх мастакоў працуюць Кастусік, Чарнышоў, Дудараў, Рыжанкоў, Ваейкаў, творы якіх носяць пераважна эцюдны характар. «Беларусь».
эшалані́раванне, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. эшаланіраваць.
эшалані́раваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад эшаланіраваць.
эшалані́равацца, ‑руецца; незак.
Зал. да эшаланіраваць.
эшалані́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.
Спец. Размясціць (размяшчаць) эшалонамі (у 1 знач.). Мохарт здагадаўся, што камандзір палка выбраў для сябе сонечны бок, найбольш выгадную пазіцыю для адбіцця атак праціўніка. Адначасова эшаланіраваў па вышынях усю групу яшчэ да выхаду на поле бою. Алешка.