цялёпкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Хадзіць, шлёпаць па вадзе, гразі і пад.; плюхацца. Спачатку Міколка з бацькам з таптухай цялёпкаліся, а потым узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. Лынькоў.
2. Тое, што і целяпацца. На абцасе аднаго з іх [ботаў] цялёпкалася дрэнна прыбітая паўсцёртая падкоўка. Капусцін.
3. Плюхацца, боўтацца ў вадзе. Мінаю .. хаткі Шушанскага, спакойную Шуш, дзе весела цялёпкаюцца дзеці, .. і трапляю на востраў, дзе любіў адпачываць Ленін. Сіпакоў.
цялёпкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Тое, што і цялёпкацца. Чаравікі ў Шуры распаўзліся дазвання: з правага вылез, цялёпкае па гразі ражок чорнай анучы. Навуменка.
цялі́ца, ‑ы, ж.
Абл. Цялушка; маладая карова. А сакрэты былі такія, што ў Грыбка цяліцу нехта ўракнуў, і яна ні есці, ні піць не бярэ. Мележ. Думаў [тата], што купяць цяліцу на зіму, нават стажок сена назапасіў. Пташнікаў.
цялі́цца, целіцца; незак.
Нараджаць цяля (пра карову, самку аленя, лася). [Кастусь:] — Лепш бы пайшла паглядзець карову, можа, яна цяліцца скора будзе. Чорны.
цялі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Абл. Памянш.-ласк. да цяліца. Можна было б тады кароўку прадаць, а цялічка хай бы расла. Сачанка.
цялу́шачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш.-ласк. да цялушка; тое, што і цялушка.
цялу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Маладая карова, якая яшчэ не цялілася. Каб паскорыць рост пагалоўя кароў, было дамоўлена закантрактаваць усіх лепшых цялушак у калгаснікаў. Дуброўскі. // Дзіцяня каровы жаночага полу. [Марыля:] — І рабая ж наша ўчора ацялілася. Цялушку прывяла. Крапіва.
цяльня́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм. Матроская паласатая нацельная кашуля. Рэзалі вочы ярка-сінія палоскі Антосевай цяльняшкі... Васілевіч. Адзін [матрос] у разарванай абпаленай цяльняшцы з забінтаванай галавой страляў з гарматы, другі стаяў каля мачты і трымаў над галавою збіты карабельны флаг. Хомчанка.
цяльпу́к, цельпука, м.
Разм.
1. Кароткі тоўсты кавалак дрэва; цурбан, калодка. [Дудок] перасек усё дробнае ламачча на дрывотніку, узяўся быў за буйныя бярозавыя цельпукі, але з адной рукой не мог управіцца з імі. Лынькоў.
2. Пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека. [Суседка:] — Спрытная дзеўка, маладзец! А то вунь у Палаткі нейкі цяльпук удаўся, дык не павернецца, людзей баіцца. Галавач. Трэба нешта было б сказаць, каб Кірыла не падумаў, што я нейкі там цяльпук. Асіпенка.
цяля́ і цялё, ‑ляці; мн. ‑ляты, ‑лят; н.
1. Дзіцяня каровы. На пустых палянках у садзе пасвяцца цяляты. Бядуля. Недзе ў хляве сумавала ахрыплым голасам цялё. Чорны. // Дзіцяня ласіхі, аленя і пад. Следам за .. [зубрам] выходзіць на паляну ўвесь статак. Тут і маладыя зубры, і падлеткі, і дарослыя зубрыцы з цялятамі, падобнымі на буйных, калматых медзведзянят. В. Вольскі.
2. перан. Пра бязвольнага, безадказнага ці занадта прастадушнага, няхітрага чалавека. «Цяля!» — у думках вылаяў сябе Кулік. Гурскі.
•••
Гнілому цяляці хваста не адарве гл. адарваць.
Дзе і Макар цялят не пасе — тое, што і дзе і Макар коз не пасе (гл. дзе).
У бога цяля ўкрасці гл. украсці.
Цяляты язык аджавалі (ад’елі) каму, у каго — пра таго, хто не можа або не хоча сказаць што‑н.