пераку́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм. Тое, што і перакур. Урэшце знізу гукнулі: — Наверсе там! Перакурка!.. Савіцкі.
перакуры́ць, ‑куру, ‑курыш, ‑курыць; зак.
Разм.
1. Зрабіць кароткі перапынак для курэння. Не даязджаючы вялікага аула, мы спыніліся перакурыць. Мікуліч.
2. што. Пакурыць, выкурыць, скурыць усё, многае.
пераку́с, ‑у, м.
Разм. Кароткі перапынак у часе якой‑н. работы ці занятку для таго, каб паесці, перакусіць.
перакуса́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перакусаць.
перакуса́цца, ‑аецца; зак.
Пакусаць адзін другога. Сабакі перакусаліся.
перакуса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Пакусаць усіх, многіх. Воўк перакусаў усіх сабак.
пераку́сванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. перакусваць — перакусіць.
пераку́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перакусіць.
перакусі́ць, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак.
1. што. Кусаючы, раздзяліць напалам, на часткі. Перакусіць нітку. Перакусіць саломінку. // Перарэзаць шчыпцамі, кусачкамі. Перакусіць дрот. // Пракусіць наскрозь. Воўк перакусіў горла каню.
2. чаго і без дап. З’есці чаго‑н. нямнога, паесці збольшага, наспех; закусіць. Хадакі прыселі на лаўцы каля плота, дасталі з торбы хлеб і па скрыліку сала, каб перакусіць з дарогі. Пальчэўскі. Абедаць не было калі. Селі перакусіць перад тым як класці вазы. Чарнышэвіч.
пераку́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. перакусваць — перакусіць (у 2 знач.). Перакуска заняла не больш чвэрткі гадзіны, і.. рыбакі — усе разам — пачалі распраўляць невад. Хадкевіч.
2. Разм. Ежа, якой перакусваюць; закуска. Пасля таго, што чулі мае вушы, наўрад ці палезла б мне ў рот цешчына перакуска. Сабаленка.