эфе́сны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да эфеса. Эфеснае ўпрыгожанне.
эфіо́пскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Эфіопіі, эфіопаў, які належыць, уласцівы ім. Эфіопскі народ. Эфіопская культура.
эфіо́пы, ‑аў; адз. эфіоп, ‑а, м.; эфіопка, ‑і, ДМ ‑пцы; мн. эфіопкі, ‑пак; ж.
Насельніцтва Эфіопіі.
эфі́р, ‑у, м.
1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — самы верхні, чысты і празрысты слой паветра; месцазнаходжанне багоў.
2. Вышыня, паветраная прастора. Я не слыхам — істотаю чую, Як, гайдаючы рэхам эфір, На світанні і ў поўнач глухую Не сціхае магутнае: — Мір! Глебка. // Паветраная прастора вакол зямнога шара, дзе распаўсюджваюцца радыёхвалі. Тройчы перадаваў старшыня ў эфір шыфроўку, тройчы пераходзіў на прыём, але адказу не было. Кухараў. Кожныя тры гадзіны метэаролагі радзіруюць у эфір пра стан надвор’я ў розных раёнах Беларусі. «Маладосць». У мой пакой прыйшлі яны [песні] з эфіру, прабіўшыся скрозь цемру і туман, — то смелы голас абаронцаў міру, то мужны голас слаўных парыжан. А. Вольскі.
3. (звычайна ў спалучэнні са словам «сусветны»). Паводле старых тэорый фізікі — своеасаблівае суцэльнае асяроддзе, якое нібыта напаўняе сабой усю сусветную прастору і дае магчымасць растлумачыць распаўсюджванне святла і электрамагнітных хваль. Навакола, у крупінках эфіру, носяцца частачкі матэрыі, складаюцца, дробяцца і родаяць новае ды новае ў бязмернасці вякоў... Гартны.
4. Спец. Арганічнае злучэнне (напрыклад, кіслот са спіртамі), якое з’яўляецца бясколернай лятучай вадкасцю з характэрным рэзкім пахам і выкарыстоўваецца ў медыцыне, тэхніцы, парфумерыі. Этылавы эфір. □ Прывязаўшы каня, веставы ўвайшоў у хату. Салодкі пах эфіру і крыві шыбануў у нос. Асіпенка.
[Грэч. aithēr.]
эфіраале́йны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які мае ў сабе эфірны алей (пра расліны). Эфіраалейныя культуры. // Звязаны з атрыманнем эфірных алеяў. Эфіраалейная прамысловасць.
эфірама́н, ‑а, м.
Чалавек, які хварэе эфіраманіяй.
эфірама́нія, ‑і, ж.
Хваравітая цяга да ап’янення эфірам (у 4 знач.).
эфірама́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да эфіраман.