перакасо́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да перакасоўваць.
перакасо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перакасаваць.
перака́т, ‑у, М ‑наце, м.
1. Працяжны перарывісты гул. Перакаты грому. □ Гул даносіўся перакатамі, то заціхаў, то ўзмацняўся. Краўчанка. І зноў рэха перакатамі, як гром, пакацілася па наваколлю. Мележ.
2. Валападобны пагорак на паверхні чаго‑н., які плаўна пераходзіць у паглыбленне. Дарога слалася перакатамі. □ Па снегавых перакатах Водгулле громам ішло. А. Александровіч.
3. Мелкаводны ўчастак рэчышча ракі. Дно Прыпяці часта мяняецца: у самых нечаканых месцах плынь наганяе пяску, робіць перакаты. Ракітны. Невялікая рака, вузкая і мелкая, яна мела шмат перакатаў і крутых паваротаў. Чарнышэвіч.
4. У спорце — паступовае перамяшчэнне цяжару цела з аднаго пункта на другі. Скачок з перакатам.
перакатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго.
Жорстка збіць, закатаваць усіх, многіх.
пераката́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Разм.
1. Пакатацца на чым‑н. — пра ўсіх, многіх.
2. Пакатацца на ўсім, многім.
пераката́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Разм. Пакатаць на чым‑н. усіх, многіх. Перакатаць усіх дзяцей на матацыкле.
перака́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які перакочваецца, перамяшчаецца цераз што‑н. Перакатныя пяскі. Перакатны снег. □ Перакатным валам б’е стыхія. Круціць валуны і пер’е траў. Пысін.
2. Які распаўсюджваецца, разносіцца перакатамі; раскацісты. Перакатны гул. Перакатны гром.
перака́тчык, ‑а, м.
Спец. Рабочы, які абслугоўвае судны на перакаце (у 3 знач.).
перакаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, перамясціцца. Афіцэр перакаціўся цераз канаву і кінуўся ў хмызняк. Васілеўская. // Разм. Перавярнуцца з аднаго боку на другі. Адам Лабека глуха застагнаў і паваліўся на бок, паволі падкурчыў адну нагу, потым другую. Боль не сунімаўся. Адам Лабека перакаціўся на спіну. Паслядовіч.
2. Перамясціцца па небасхілу з аднаго месца на другое (пра сонца, месяц і пад.). Сонца перакацілася на захад.
3. Хвалепадобна распаўсюдзіцца, разнесціся (пра гукі). Начную цішыню, як раскат грому, раскалоў стрэл. Ён узарваў спакой летняе ночы і перакаціўся рэхам у наваколлі. Чарнышэвіч.
4. Пракаціцца далей, чым трэба. Мяч перакаціўся за рысу.
5. Разм. Упаўшы, перавярнуцца, перакінуцца. Перакаціцца ад аднаго ўдару.
перакаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак., каго-што.
1. Коцячы, перамясціць. Перакаціць бервяно. Перакаціць кулямёт на новую пазіцыю. □ [Валя:] — Ідзі памажы Тлашы бочку з вадою перакаціць — далёка стаіць. Лобан.
2. Закаціць далей, чым трэба.