эфе́ктны, ‑ая, ‑ае.
Які стварае ўражанне, эфект (у 1 знач.), прыцягвае ўвагу. Паказаўшы.. [гасцям] збожжа, Марыя Захараўна запрасіла паглядзець на яе ўласныя дасягненні. — Яны не такія эфектныя, дзівосныя. Дубоўка. // Разлічаны на тое, каб стварыць эфект. Эфектны жэст. □ Дужа было б цікава падаць умоўлены знак іменна ў воўчай скуры. Дзед Талаш любіў эфектныя сцэны. Колас.
эфекты́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць эфектыўнага. Прадукцыйнасць грамадскай працы — важнейшы паказчык эфектыўнасці вытворчасці. □ Трэба больш думаць, клапаціцца пра эфектыўнасць тэхнікі, адчуваць сваю ўласную адказнасць за гэта. Кулакоўскі.
эфекты́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які прыводзяць да патрэбных вынікаў; дзейсны. Пракурор безумоўна свядома хлусіў, бо галадоўка палітвязняў была адным з самых эфектыўных спосабаў барацьбы з адміністрацыйным самавольствам і здзекам. Машара. // Спец. Прызначаны для непасрэднага выканання карыснай работы; прадукцыйны. Эфектыўная магутнасць. Эфектыўнае значэнне пераменнага току. // Які дае найбольшы эфект (у 3 знач.); найбольш дасканалы. [Шарахоўскі:] — Гэта — самыя магутныя машыны ў Еўропе, самыя эфектыўныя ва ўсім свеце. Шынклер.
эфеме́р, ‑у, м.
Аднагадовая расліна сухіх мясцовасцей з вельмі кароткім вегетацыйным перыядам.
[Ад грэч. ephēmeros — аднадзённы, які хутка праходзіць.]
эфеме́рнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан эфемернага.
эфеме́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Кароткачасовы, недаўгавечны. Але гэты новы струмень у развіцці беларускай лексікі быў эфемерным. Гіст. лекс. бел. мовы. Гэты першы «палявы» этап работы пісьменніка мае ў сабе шмат імпрэсіўнасці, ён цякучы, зменлівы, эфемерны, тут непазбежны выпадковасці, суб’ектыўнае перабольшванне і заніжэнне. У. Калеснік. // Ненадзейны, нетрывалы. І нейкая эфемерная блізкасць нарадзілася між ім [Севярынам] і гэтай невядомай істотай. Караткевіч. // Уяўны, нерэальны. Эфемерныя мары. □ Я думаў, што гэта эфемернае прадпрыемства, якое разлічана на лёгкую і хуткую нажыву ўладальніка. «Полымя».
2. Спец. Які мае адносіны да эфемераў. Эфемерная расліннасць.
эфемеро́ід, ‑у, М ‑дзе, м.
Шматгадовая расліна з вельмі кароткім тэрмінам вегетацыі; большую частку года застаецца ў выглядзе клубняў, цыбулін або карэнішчаў.
[Ад грэч. ephēmeros — аднадзённы і eidos — выгляд.]
эфемеры́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Крылатае насякомае, якое жыве толькі адзін ці два дні; аднадзёнка. // перан. Пра што‑н. недаўгавечнае, нетрывалае, што існуе непрацяглы час.
2. толькі мн. (эфемеры́ды, ‑аў). Астранамічныя табліцы, якія паказваюць становішча нябесных цел на пэўныя дні месяца і года.
[Ад грэч. ephēmeris, ephēmerídos — дзённік.]
эфе́ндзі, нескл., м.
Пачцівы зварот да мужчын у Турцыі.
[Тур.]
эфе́с, ‑а, м.
Ручка халоднай зброі (шаблі, шпагі і пад.). — Падай сюды карабіны! — закрычаў казак і схапіўся за эфес шашкі. Лобан.
[Ад ням. Gefäß.]