Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перакадзі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Закадзіраваць што‑н. нанава або іначай. Перакадзіраваць паведамленне.

перака́з, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераказаць.

2. Пісьмовая або вусная перадача сваімі словамі чаго‑н. прачытанага, пачутага. Канчалася дыктоўка, давалася другая работа — пераказ. За пераказам ішла пісьмовая задача. Колас. Фельетон удаўся таму, што сам па сабе факт, нават у простым пераказе, смешны. Сабаленка.

перака́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пераказаць.

пераказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; пр. пераказаў, ‑зала; заг. перакажы; зак., што.

1. Расказаць, выкласці сваімі словамі што‑н. прачытанае, пачутае. Пераказаць змест паэмы. □ — У атрад, скажыце, яму яшчэ рана. Там ён больш патрэбны. Запомнілі ўсё? — Здаецца, усё. — Паўтарыце. — Сокалаў амаль слова ў слова пераказаў іх гутарку. Новікаў. Я выбраў два цяжкія пераклады .. у сэнсе вяліка[й] цяжкасці пераказаць тое самае ў іх рускім тэксце тэкстам беларускім. Чорны. // Разм. Прачытаць, расказаць што‑н. вывучанае на памяць. Сарамліва, але добра пераказаў.. [Ігнась] вывучаны верш. Мурашка.

2. Паўтарыць сказанае яшчэ раз. Таццяна з смяшлівым націскам пераказала яго калішнія словы: — Нашто верыць, калі можна знаць... Зарэцкі.

3. і з дадан. сказам. Давесці да ведама, паведаміць каму‑н. пра што‑н. вусна. Сашка, Ніна і Каця дабраліся да Мінска і адтуль пераказалі, што пайшлі на вайну. Мікуліч. Радасна было, што з любым чалавекам адзін на адзін сядзіць, не баіцца яго, але сполах бярэ, як хто падгледзіць іх ды бацькам тады перакажа. Нікановіч. // Перадаць каму‑н. на словах чыю‑н. просьбу, даручэнне і пад. — Захар прасіў пераказаць табе, Васька, што ў Пашукоўскі лес паехалі немцы. Паслядовіч. — Перакажыце тату, каб у тую сераду прыехаў па мяне. Мурашка.

4. Перадаць словамі, расказаць пра ўсё, многае. Хлопец прысеў, вывучае спеў тэлеграфных слупоў. Мо перакажа калісьці гэты чароўны напеў... Машара. — На маіх вачах тут адбыліся такія змены, што і не перакажаш. Прокша. Стары пражыў такое жыццё, што аб ім і за дзень не перакажаш. Сабаленка.

5. Расказаць усё, многае. Гуляючы ў жытніх палетках, Рудольф пераказаў кампаніі шмат эпізодаў з рэвалюцыйнага жыцця. Гартны.

6. Абл. Назваць, пералічыць. — Камсамолкі, у ячэйку ідуць на заняткі! Тутэйшыя! — і я пераказаў па парадку чые яны. Нікановіч.

перака́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераказваць — пераказаць.

перака́звацца, ‑аецца; незак.

Зал. да пераказваць.

перака́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пераказаць.

перака́зчык, ‑а, м.

Разм. Той, хто пераказвае што‑н. (прачытанае або пачутае).

перака́зчыца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да пераказчык.

перакалаці́цца, ‑лачуся, ‑лоцішся, ‑лоціцца; зак.

Разм.

1. Калаціцца некаторы час. Маёр курыць цыгарэту, і яму падсунуў пачак, але Андрэй не ўзяў. Яму крыху моташна. Пакуль везлі сюды — перакалаціўся. Арабей. — Як настане дзень, — гаварыла Гануля, — дык уся перакалоцішся. Як толькі скажуць: «немцы»!, хапаеш дзяцей і ў лес. Гурскі.

2. Перастаць, скончыць калаціцца.