цяжа́рны, ‑ая, ‑ае.
Абл. Вельмі цяжкі. Астаўся ззаду шлях блукання, Цяжарны шлях пакут, туляння. Колас. Адкуль навісла над .. [Зосяю] гэта цяжарная ўдушлівая духата, засмуціўшы яе вочы, здавіўшы сэрца? Гартны.
ця́жба, ‑ы, ж.
Уст. Спрэчка двух бакоў перад судом; грамадзянская судовая справа. [Сяляне:] — У справе ж нашых цяжбаў з вамі [пан Скірмунт].. суд стаў на вашу старану. Колас.
ця́жка,
1. Прысл. да цяжкі (у 1–6 і 9 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра цяжкі фізічны стан, пачуцці стомы, болю і пад. [Віця] ўстаў з мяха, на якім сядзеў, і адчуў, што яму цяжка стаяць. Чарнышэвіч. Людзям было цяжка думаць, што гітлераўскае звяр’ё можа перарваць штодзённую працу. Чорны.
3. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць нягод, пакут і пад. Ды і ці варта цяпер ісці да .. [Волькі] — нагоніш маркоты, калі самому цяжка. Каваленка. // Пра непрыемны стан, у якім хто‑н. знаходзіцца. Мне таксама было цяжка ад усяго таго, што вось-вось пабачыў. Кулакоўскі.
4. безас. у знач. вык. Пра сумны, дрэнны настрой. У Івана таксама на душы было цяжка, а ў галаве варушыліся цэлым роем думкі. Колас. На сэрцы было цяжка. Дамашэвіч.
•••
Цяжка сказаць гл. сказаць.
цяжка...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «цяжкі» (у 1, 5, 8 і 11 знач.), напрыклад: цяжкавагавы, цяжкадаступны, цяжкапаранены, цяжкапраходны.
цяжкаатле́т, ‑а, М ‑леце, м.
Спартсмен, які займаецца цяжкай атлетыкай.
цяжкаатлеты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да цяжкай атлетыкі. Цяжкаатлетычны спорт. Цяжкаатлетычныя спаборніцтвы.
цяжкава́гавасць, ‑і, ж.
Уласцівасць цяжкавагавага.
цяжкавагаві́к, ‑а, м.
1. Спартсмен цяжкай вагі. Спаборніцтвы цяжкавагавікоў.
2. Конь цяжкавагавай пароды, здольны перавозіць вельмі цяжкія грузы; цяжкавоз.
3. Спец. Цяжкавагавы, з вялікім грузам таварны поезд. Пасля праходу пасажырскага ў Ганцавічах цяжкавагавік зноў крануўся ў дарогу. «Звязда».
цяжкава́гавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вялікую вагу; цяжкі. Цяжкавагавыя тавары.
2. Які перавышае сваёй вагой нормы загрузкі. Цяжкавагавы поезд. □ Перад .. [Віталем] егерам разыходзяцца пуці, на якія ён павінен расфарміраваць цяжкавагавы састаў, што прыбыў нядаўна з Масквы. Васілёнак.
цяжкава́та,
1. Прысл. да цяжкаваты.
2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць невялікіх цяжкасцей, перашкод, замінак для каго‑н. у якой‑н. справе, у якім‑н. становішчы. [Якім:] — А што я ў тым атрадзе зрабіў такога? .. Адно толькі цяжкавата было ісці праз праклятыя балоты. Машара. [Валера:] — Можна спачатку на пасадкі [ісці], потым пустку адолець, і напрамкі. Але гэта, мажліва, і цяжкавата табе: лыжкі там няма. Савіцкі. Цяжкавата было спачатку і гаспадарыць [у камуне]. Дуброўскі.