Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перае́сці, пераем, пераясі, пераесць; пераядзім, пераясце, пераядуць; пр. пераеў, ‑ела; заг. пераеш; зак.

1. чаго і без дап. З’есці больш, чым трэба; аб’есціся. Дзіця пераела.

2. каго-што і чаго. З’есці ўсё, многае. [Бацька:] — І прыбралі ўсё за пагоду, і змалацілі як мае быць, у засекі засыпалі. Думалі хлеба не пераядзім. Сабаленка.

3. што. Раз’ядаючы, разбурыць, раздзяліць на часткі. Іржа пераела жалеза.

•••

Пераесці (ад’есці) нутро (кішкі, вантробы) каму — моцна надакучыць, стаць невыносным для каго‑н.

перае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.

1. што і цераз што. Праехаць цераз што‑н., на другі бок чаго‑н. Пераехаць цераз мост. Пераехаць гасцінец. □ Пераехалі [сябры] сухі луг і спыніліся начаваць. Якімовіч.

2. каго. Наехаўшы, задушыць, пакалечыць калёсамі, гусеніцамі. — Сцеражыся, дзядзечка, а то пераеду! Васілевіч. Другое дзіця, таксама хлопчыка, пераехаў цягнік. Навуменка.

3. Перамяніць месцапрабыванне; перасяліцца, перабрацца. Рагуля паведаміў Філістовічу, што ён можа пераехаць у Лувен і там скончыць універсітэт. Паслядовіч. Новая кватэра, куды пераехалі Віталік і Раман, знаходзілася ў доме з шыльдай «Дзіцячы свет». Даніленка. [Мікола:] Я мяркую, што Настасся Рыгораўна павінна ў наш калгас пераехаць. Крапіва.

4. Разм. Праехаць — пра ўсіх, многіх. Пакуль Наталька спраўлялася ў сталоўцы, па вуліцы перайшло і пераехала шмат народу. Колас.

5. каго-што. Заехаць далей, чым патрэбна, мінуць.

перажава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перажаваць.

перажава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; ‑жуём, ‑жуяце; зак., што.

Жуючы, размяць; разжаваць. [Гарбач] успамянуў, што ад учарашняга пачастунку засталося яшчэ трохі цукерак. Ён можа аб’ядацца сёння колькі хоча. Захапіўшыся гэтаю думкаю, ён не перажаваў добра сыру. Сыр стаў у горле. Мурашка.

перажагна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Уст. Перахрысціцца (у 1 знач.). Чалавек перажагнаўся на далёкія .. вежы з крыжамі, павольна абцёр рукавом з ілба пот і ўзяўся за работу. Чорны.

перажагна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Уст. Перахрысціць (у 1 знач.). Полаз разліў віно ў шклянкі, жартаўліва перажагнаў іх: — Выйдзі, нячысты дух... — і падняў сваю шклянку. Шамякін.

перажані́цца, ‑жэніцца; ‑жэнімся, ‑жэніцеся, ‑жэняцца; зак.

Ажаніцца — пра ўсіх, многіх.

перажані́ць, ‑жаню, ‑жэніш, ‑жэніць; зак., каго.

Пажаніць усіх, многіх.

пеража́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пераняць.

перажаўці́ць, ‑жаўчу, ‑жоўціш, ‑жоўціць; зак., што.

Разм. Зрабіць вельмі жоўтым.