Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эты́лавы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які ўключае ў свой састаў этыл. Этылавая вадкасць.

этыле́н, ‑у, м.

Бясколерны гаручы газ, які складаецца з вугляроду і вадароду. [Дырэктар] проста дакарае сябе, што на нейкі момант забыўся пра рамонтнікаў з цэха вытворчасці этылену. Мыслівец.

этыле́навы, ‑ая, ‑ае.

Падобны па сваёй структуры на этылен. Этыленавыя вуглевадароды.

этымалагізава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. этымалагізаваць.

этымалагізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак., што і без дап.

Займацца этымалагізацыяй.

этымалагіза́цыя, ‑і, ж.

Устанаўленне этымалогіі якога‑н. слова.

этымалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да этымалогіі (у 1, 2 знач.). Этымалагічны слоўнік. Этымалагічны аналіз. Этымалагічнае даследаванне.

2. Уст. Які мае адносіны да этымалогіі (у 3 знач.). Этымалагічны разбор.

этымало́гія, ‑і, ж.

1. Раздзел мовазнаўства, які вывучае роднасныя сувязі і паходжанне слоў. Антрапанімія.. закансервавала пэўную частку лексем, якіх не захавала мова, і дае надзвычай каштоўны матэрыял для гістарычнай лексікалогіі і этымалогіі. Бірыла.

2. Паходжанне якога‑н. слова і яго роднасныя адносіны да іншых слоў той жа ці іншай мовы.

3. Уст. Раздзел школьнай граматыкі, які ўключае фанетыку і марфалогію. Чарга падыходзіць да вучняў Філюка.. — Вашы напісалі добра. Але па сінтаксісу вашы вучні значна крапчэйшыя, чым па этымалогіі, — зазначае інспектар. Колас.

•••

Народная этымалогія — пераробка запазычанага слова па ўзору блізкага па гучанню слова роднай мовы.

[Грэч. etymología ад étymon — сапраўднае значэнне слова, ісціна і lógos — вучэнне.]

этымо́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне этымалогіі.

этымо́н, ‑а, м.

У мовазнаўстве — зыходнае слова, ад якога паходзіць існуючае ў дадзенай мове слова.

[Грэч. étymon — сапраўднае значэнне слова, ісціна.]