*Пу́ліць, пулы́ты ’тужыцца’ (палес., Бел.-укр. ізал.), пу́лытысь ’напружвацца з усіх сіл’ (драг., З нар. сл.), пу́лятысь ’тс’ (кобр., Сіг.). Клімчук (Бел.-укр. ізал.) параўноўваў з укр. закарп. упу́лити (очи) ’уставіцца’; Супрун (Веснік БДУ, 1974, 2, 20–25) уключае палескае слова ў гняздо *pul‑/*bul‑ разам з балг. пу́ля ’выпучваць (вочы)’, макед. пули ’ўгледзецца, уставіцца’, чэш. vypouliti оčі ’тс’, серб.-харв. дыял. испу́љити ’высунуць’ і пад.; акрамя дыял. рус. пу́литься ’глядзець упарта’. Чумакова (Этимология–1984, 222) дадае сюды разан. упу́литься ’глядзець у адну кропку’, пу́литься ’сіліцца, тужыцца’, поднапу́литься ’прывесці сябе ў стан напружання ўсіх фізічных сіл’; больш сумнеўным з-за семантычных цяжкасцей уяўляецца ўключэнне сюды рус. пуля́ть, пульну́ть ’кінуць, стрэльнуць’, в.-луж., н.-луж. pulać ’піхаць’, славен. púliti ’шчыпаць, біць’ і інш., гл. пуляць. Прасл. дыял. (?) *puliti ’высільвацца, напружвацца, выпучваць (вочы)’, далейшыя сувязі якога няясныя (Шустар-Шэўц, 2, 1190); параўнанне з літ. púlti ’падаць’ (Трубачоў, Серболуж. сб., 169), англ.-сакс. pullian ’цягнуць’ (Мацэнаўэр, 284) ненадзейныя, параўн. Бязлай, 3, 135; Сной, 514; Скок, 3, 73; гл. таксама Трубачоў, Зб. памяці Талстога, 1, 308: ідэнтыфікуе словы са значэннем ’выпучваць, напружвацца’ і ’шчыпаць, піхаць’, якія, спасылаючыся на Талстога (Избр. тр., 1, 254), узводзіць да экспрэсіўнай пары прасл. *puliti/*buliti. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 630.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пячку́р1 ’невялікая рачная рыба, Gobio gobio (L.), Cottus gobio L.’ (Жук., ТСБМ, Янк. 1), печку́р ’тс’ (ТС); сюды ж пячку́рыцца ’жыраваць’; параўн. укр. пічку́р ’тс’, рус. печку́р ’тс’, славен. piškúr ’рыба Cobitis fossilis, Petromyzon fluviatilis’, серб. пи̏шкур ’тс’. Відаць, у выніку збліжэння пяску́р ці піску́р (гл.) да пячо́ра, пячу́ра ’ямка ў рацэ; падмыты бераг’: ракі і рыбы вядуцца ў печорах (Бір.), параўн. аналагічнае пячку́р, печку́р ’берагавая ластаўка’, пячу́рка, пячу́рнік ’тс’ (ТС; ЛА, 1), гл. таксама ЕСУМ, 4, 420. Паўднёваславянскія словы ў выніку фанетычных дыялектных змен першапачатковага *piskorʼь ад *piskati (гл. пішчаць, піск), параўн. Бязлай, 3, 43; Сной₂, 518. Гл. пяшкур.

Пячку́р2 ’пячнік’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Касп., Др.-Падб., Юрч., Мат. Маг.); параўн. укр. пічку́р ’качагар, апальнік’. Паводле Блесэ (SB, 5, 17), з літ. pečkuris ’качагар’, што цяжка давесці (Лаўчутэ, Балтизмы, 147). Відаць, нельга разглядаць асобна ад пячку́р, печку́р ’хто любіць ляжаць на печы’ (Сцяшк., Др.-Падб., ТС), пячку́р ’лянівы кот, які не ловіць мышэй’ (дубр., ушац., Жыв. НС); хутчэй за ўсё, ад пе́чка, памянш. да печ (гл.) пад уплывам пячу́рка ’ніша ў печы для сушэння’, параўн. пячу́рнік ’хто любіць ляжаць на печы’ (Варл.), пячу́р ’тс’ (Сцяцко, НЛС). Гл. пячка́р. Украінскае слова выводзяць з печ і ку́рити (гл. курыць), параўн. і смалаку́р, гл. ЕСУМ, 4, 420.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́сар1 ’ніжэйшая службовая асоба, якая займалася перапіскай’, канцылярскі служачы’, ’сакратар’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Гарэц., Сл. ПЗБ); ст.-бел. писаръ ’пісар’; стараж.-рус. писарь ’мастак, жывапісец’ (1045 г.), укр. писарь ’пісар’, польск. pisarz, н.-луж. pisaŕ ’пісьменнік’, в.-луж. pisar ’перапісчык’, чэш. písař ’пісец’, ’пісар-перапісчык’, славац. pisár ’тс’, славен. pisár той, хто піша’, ’пісец’, ’пісар’, ’пісьмавод’, серб.-харв. пи̏сар ’пісар’, ’перапісчык’, макед. писар ’пісар’, балг. пѝсар ’тс’, ’пісец’. Новае слова, утворанае ў Сярэднявеччы ад пісаць са значэннем ’пісаць’. Суфікс ‑ар узыходзіць да познепрасл. *‑arʼь, які ўтвараў назвы выканаўцаў і быў запазычаны з германскіх ці (у меншай ступені) раманскіх моў, з носьбітамі якіх суседнічалі славяне. Апошняй крыніцай з’яўляецца лац. ‑ārius (Слаўскі, SP, 2, 21–23).

Пі́сар2 ’госць на вяселлі, які дзеліць каравай’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, з польск. pisarz weselny ’вясельнік, які камічна важна танцуе з маладой, частуе пры расплятанні касы’. Генетычна узыходзіць да пі́сар1 (гл.).

Пі́сар3 ’шрам на скуры жывёлы’ (чач., ЛА, 1). Таго ж паходжання, што і пісаг (гл.), суф. ‑ар, як у шнар ’шрам’.

Пі́сар4 пісарка ’рыба быстранка. Alburnus bipunctatus L.’ (Інстр. 2). Відаць, запазычана з рус. писарь, писарка ’тс’ або ўкр. писар, писарка ’тс’, што звязаны з *pьsati ’маляваць’ (з-за стракатай афарбоўкі), гл. пісаць (Каламіец, Рыбы, 29).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сачыць ’назіраць, наглядаць за кім-небудзь, чым-небудзь’, ’адшукваць’, ’дапільноўваць’ (ТСБМ, Шат., Касп., Стан., Ласт.), ’цікаваць, высочваць, віжаваць’ (Бяльк., Гарэц.), ’пільнаваць’ (Сл. ПЗБ) ’назіраць, запільноўваць’ (Варл.) ’шукаць у галаве’ (Сержп. Прык.) ’гнаць звера (пра сабаку)’ (Сцяшк.) ’быць падобным на каго-небудзь’: сочыць бацькупадобны да бацькі (віл., глыб., Сл. ПЗБ), сочы́ць ’высочваць’ (ТС). Укр. сочи́ти ’падпільноўваць’, рус. сочи́ть ’шукаць, дапільноўваць’, ст.-рус. сочити, сочу ’адшукваць; весці судовую справу’, польск. soczyć ’паклёпнічаць, цкаваць’, чэш. sočiti ’ненавідзець; раўнаваць; абгаворваць’, серб.-харв. со̀чити ’выявіць, адшукаць’, ’даказаць’, славен. sáčiti ’лавіць’, балг. со́ча ’паказваю’. Прасл. *sočiti. Звязваюць з прасл. *sokъ ’абвінаваўца, выведнік’ і параўноўваюць з літ. sakýti, sakaũ ’гаварыць’, лат. sacît, ст.-в.-ням. sagen ’тс’ і г. д. (Бругман, IF, 12, 38; Траўтман, 255; Мюленбах-Эндзелін, 3, 603; Младэнаў, РФВ, 63, 310; Фасмер, 3, 731). Махэк₂ (566) зыходным значэннем лічыць ’дапільноўваць, адшукваць (звера)’ і супастаўляе з літ. sekù, sèkti ’ісці (следам)’, лац. sequor, ірл. sechur ’тс’, ст.-інд. sáčate ’ідзе следам’. Бязлай (Linguistika, VIII, 1, 71), славенскае слова таксама супастаўляе з літ. sèkti, лат. sekt ’ісці следам’. Аб супастаўленні слав. *sočiti з вышэйпрыведзенымі балцкімі словамі меркаваў яшчэ Фрэнкель (757, 773). Варбат (Марфан., 31–32) падтрымлівае думку Брукнера (394–395) аб зліцці ў слав. sočiti двух вышэйназваных індаеўрапейскіх гнёздаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́вер ‘поўнач’ (брасл., Сл. ПЗБ), ‘паўночны вецер, холад’ (Касп., Варл., Сцяшк.; паст., лаг., Сл. ПЗБ; Хрэст. дыял.; бых., Мат. Гродз.), северы́к ‘тс’ (Анім. дад.), се́верыць ‘трэскацца ад холаду’ (мядз., Сл. ПЗБ), ‘трэскацца ад сонца і ветру (пра вусны і скуру на руках і нагах)’ (Варл.). Параўн. укр. сі́вер ‘халодны, пранізлівы вецер, холад’, ‘поўнач’, рус. се́вер ‘поўнач’, ст.-рус. сѣверъ ‘поўнач; паўночны вецер’, польск. дыял. śevorecka ‘імжа’, чэш. sever, славац. sever ‘тс’, в.-луж. sowjer ‘марыва, туман’, славен. séver ‘паўночны бок неба, вецер з таго боку’, серб.-харв. се̏вер ‘поўнач’, балг. се́вер, макед. север ‘тс’, ст.-слав. сѣверъ ‘поўнач, паўночны вецер’. Прасл. *severъ, якое мае адпаведнікі ў літ. šiarỹs ‘паўночны вецер’, šiarús ‘злосны, пранізлівы да касцей (вецер)’, лат. caurus ‘паўночна-ўсходні вецер’ і г. д., якія, як мяркуюць, роднасныя і.-е. *seu̯‑ ‘левы’. Гл. Фасмер, 3, 588 з літ-рай і наст.; ESJSt, 13, 812; Глухак, 552; Бязлай, 3, 231. Махэк₂ (542), які, следам за Эрхардам (SbP (Brno), 6, 5–7), прытрымліваецца гэтай версіі, тлумачыць гэта тым, што старажытныя людзі пры прынясенні ахвяр стаялі тварам да ўсходу, так што поўнач была ў іх з левака боку. Трубачоў (Этногенез₂, 386) звязвае племянную назву *sěver(ʼ)ane з яе лакалізацыяй на паўночным (левым) беразе Дуная. Гл. таксама сівер.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́паць ‘тузаць, пацягваць за што-небудзь’ (браг., З нар. сл., Пятк. 2), ‘тузаць, намагацца’, ‘хутка нешта рабіць ці падымаць не пад сілу (Нар. Гом.; браг., Нар. словатв.), ‘торгаць’, ‘цяжка дыхаць’, ‘зло, з крыкам размаўляць’ (Ян.), се́пацца ‘злавацца’, укр. сі́пати ‘тузаць’, рус. дан. си́пать ‘цягнуць рыўкамі’, польск. siepać ‘торгаць, рваць’, н.-луж. sepaś ‘біцца (пра пульс, сэрца)’, серб.-харв. сепати се, себати се ‘тузацца’, балг. се́пвам ‘палохаць, прымушаць здрыгануцца’, дыял. се́пам съ ‘уздрыгваць’, макед. сепнува се ‘асякацца, раптоўна замаўкаць; слупянець’. Прасл. *sěpati ‘тузаць, торгаць’, параўноўваюць з літ. šaipýtis ‘насміхацца, здзеквацца; крывіць вусны’, што дае падставы разглядаць праславянскі дзеяслоў як ітэратыў з першаснай матывацыяй, захаванай у літ. šiẽpti ‘рабіць грымасы, рухі тварам’, што да і.-е. ḱei̯p‑ ‘рабіць рухі, моршчыць твар’, з тым жа коранем авест. saef‑ ‘махаць’, ст.-інд. śipra‑ ‘вусы’ (Борысь, Etymologie, 378). Паводле чаргавання вакалізму кораня сюды адносяць польск. siąpić ‘імжэць’ (Брукнер, 489), чэш. sapat se ‘гвалтоўна нападаць’, славац. sápať ‘торгаць’, славен. sópsti ‘пыхцець, цяжка дыхаць’, на аснове якіх выводзіцца прасл. *sap(a)ti, суадноснае з *sěpati (Сной у Бязлай, 3, 218), гл. сапці. Магчыма, звязана з сіпець, гл. (так Якабсон, IJSLP, 1959, 1–2, 270), параўн. (змяя) mòcna sièpnuŭszy ŭskoczyła (Пятк. 2, 50) і сіпе́ць (сипѣць) ‘шыпець (пра змяю); злавацца’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ры1 ‘дугападобная дэталь калаўротка, замацаваная на той жа восі, што і шпуля’ (брэсц., Нар. лекс.), ‘вілападобная дэталь з металічнымі кручкамі ў калаўроце (для намотвання нітак на шпульку’ (гродз., Нар. сл.), се́ры ‘прылада ў калаўроце, куды ўсаджваюць шпулю’ (Сл. рэг. лекс.), сі́ры ‘тс’ (Скарбы), польск. дыял. śery ‘вілачкі ў калаўроце, у якія ўстаўлены кручочкі з дроту’. Зданцэвіч (LP, 1960, 348) адносіць да літуанізмаў, але без этымону. Лаўчутэ (Балтизмы, 148) адносіць да слоў, балцкае паходжанне якіх недастаткова абгрунтавана. Няясна.

Се́ры2 ‘шэры’ (ЛА, 4). Параўн. укр. сі́рий, рус. се́рый, ц.-слав. сѣръ, стараж.-рус. сѣрыи, серб.-харв. си̏јер ‘шэры, сівы, палавы’, славен. sér, sîr ‘тс’, балг. дыял. сер, сяр ‘шэры’. Рэканструкцыя зыходнай формы няпэўная ў сувязі з чаргаваннем s/š (гл. шэры): *sěrъ/*šěrъ узводзяць да прыметніка *xe̊rъ ‘шэры, сівы’, ж. р. *xěra, роднаснага ст.-ісл. hárr ‘шэры, сівы’, англ.-сакс. hár, ст.-в.-ням. hêr ‘паважаны, велічны’, с.-в.-ням. hêr(e) ‘тс’, ірл. ciar ‘цёмны’ (< герм. *haira‑), што з няпэўнасцю з-за фанетычных цяжкасцей звязваецца з і.-е. *ḱoi̯‑ro ‘цёмны, шэры, карычневы’ (гл. Бязлай, 3, 229; Сной₂, 650; Фасмер, 3, 611). Інакш Махэк₂ (605), які параўноўвае праславянскую форму з гоц. skeirs ‘ясны, светлы’, ст.-ісл. skīrr ‘тс’, што роднасныя *sьjati (гл. ззяць). Агляд версій гл. ESJSt, 13, 803–804.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сле́пет1 зборн. ‘пчолы (дзікія)’, ‘дупло, у якім жывуць дзікія пчолы’ (Мат. Гом.), ‘мёд з дупляных лясных вулляў’ (Сцяшк. Сл.), слепета́ зборн. ‘дзікія пчолы’ (ПСл, Мар. Том.), сле́пат ‘тс’ (Некр., Маш.; палес., Сержп. Бортн.), сле́пят ‘тс’ (Маш.), сле́паты ‘тс’ (Некр.), сле́пет, сле́пят, сле́пяты, сле́патні, сле́плі, сляпні́, сле́пцы, сляпцы́ ‘тс’ (ЛА, 1), сле́петы, сле́патні ‘тс’ (ТС, Шатал.), сле́пета, сле́пето, сле́пецень, сле́пацень, сле́пет, сле́пят, сле́пец, сляпа́к ‘дупло, дзе пчолы’ (ЛА, 1); слепатне́ ‘лясныя пчолы, што жывуць у дуплах’ (ганц., Сл. ПЗБ), ст.-бел. слепетъ (свепетъ) ‘дзве борці, злучаныя разам на дрэве’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. палес. сле́пень, слє́потєнь, слі́епетєнь ‘тс’. Паводле Машынскага (Pierw., 188), узыходзіць да прасл. *svep‑. Хутчэй за ўсё, у выніку збліжэння з сляпень (гл.), параўн. лезці сле́петнем (слепіцэю) ‘лезці нахабна, назойліва’ (ТС). Параўн. ЕСУМ, 5, 304. Гл. свепет.

Сле́пет2 ‘кураслеп дуброўны, Anemone nemorose L.’ (Шат., Сл. ПЗБ, Кіс.), ‘казялец, Ranunculus L.’ (Сл. ПЗБ), слепата́ ‘тс’ (там жа). Калі меркаваць па іншых назвах раслін (сляпуха, кураслеп, слепнік (Сцяшк. Сл.), рус. куричья слепота, укр. сліпота, курослі́п), ад сляпы‑ (гл.) з суф. ‑et‑, ‑ot‑ (‑e‑ у суфіксе можа быць пад уплывам каранёвага галоснага, гл. Вондрак, Vergl. gr., 1, 450); паводле Аненкава (34), у народнай медыцыне першая з названых раслін ужываецца супраць курынай слепаты. Параўн. ЕСУМ, 5, 305.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́ды ’два вядры, звычайна з вадой (на каромысле)’ (ТСБМ, Др.-Падб., Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Варл., Шатал.), суда́ ’посуд’ (Сл. рэг. лекс.), суды́, су́дны ’пара вёдзер’ (Касп., Барад.), зборн. су́дзя ’посуд’ (Скарбы; гродз., ЖНС), ’драўляны посуд’ (гродз., Сл. ПЗБ; З нар. сл.), памянш. су́дца ’адно вядро’ (лаг., Жд. 2). Укр. суди́на ’пасудзіна’, рус. дыял. суд ’посуд’, суды́ ’два вядры’, сос́уд, пасу́да, ст.-рус. судъ, ст.-польск. sǫd ’пасудзіна’, в.-луж., н.-луж. sud ’бочка, чан’, чэш., славац. sud ’бочка’, серб.-харв. суд, славен. sọ̑d ’пасудзіна’, балг. съд, макед. сад, ст.-слав. сѫдъ ’пасудзіна’. Прасл. *sǫdъ, этымалагічна тое ж, што і суд (гл.): з прыст. *som‑ і коранем ‑d‑, які да і.-е. *dhē‑ ’ставіць, класці, садзіць’ (гл. дзеяць); параўн. літ. ìndas ’сасуд’, гл. Фасмер, 3, 794; Брукнер, 483; ESJSt, 14, 862. Шустар-Шэўц (1375), следам за Махэкам₂ (591), мяркуе, што гэта назва адносіцца да часу, калі яшчэ не ўжываўся ганчарны круг, а посуд “складвалі” або склейвалі з лазы ці гліны, што адлюстравалася ў чэш. sudy ’цотны’, славен. sod ’тс’, soda ’пара’ (літаральна ’складзены з двух’ або ’складзены ўдвая’), параўн. ст.-інд. samdha‑ ’злучаны, аб’яднаны’, гл. Сной₂, 679. Адсюль і значэнне ’пара вёдзер’ або ’вёдры на каромысле’.

Суды́ ’сюды’ (Мат. Маг.), судэ́мі ’тс’ (маст., Сл. ПЗБ). Гл. сюды.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траска́1 ‘прамысловая рыба, Gadus morhua’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). З рус. треска́ ‘тс’, што збліжаюць з дыял. тре́ска (гл. трэска), нешта накшталт ‘рыба-трэска’ (сухая, нятлустая, а высушаная — расшчэпваецца, як дрэва), і аналагічна да ням. Stockfisch ‘траска’ (< Stock ‘палка’ і Fisch ‘рыба’) (Фасмер, 4, 100; ЕСУМ, 5, 645; Чарных, 2, 261–262; Арол, 4, 100). Белы (Наша Ніва, 2007, 27 крас.) падтрымлівае версію паходжання ад ст.-нарв. thorskr ‘штосьці, што належыць сушыць’, ‘сушаніна’ і характарызуе нарыхтоўку рыбы ў запас, а таксама запазычанне непасрэдна з мовы вікінгаў, што адлюстравалася таксама ў ірл. trosc і шатл. trosg ‘траска’.

Траска́2 ‘траста’ (Мат. Гом.; докш., Янк. Мат.), ‘дробныя частачкі, што застаюцца ад валокнаў лёну’ (лаг., Гіл.), трыска́ ‘лён, падняты і звязаны пасля вылежвання’ (Мат. Маг., 2). Параўн. рус. треста́ ‘кастрыца’, ‘сцябло лёну і канапель пасля сушэння’. Вынік своеасаблівага чаргавання спалучэння зычных *‑st‑/*‑sk‑: траста (гл.) — траска, трэскацца, аналагічна: *pustiti/*puskati > пусціць/пускаць (Трубачоў, Ремесл. терм., 85).

Траска́3 ‘дранка, тоненькія дошчачкі для пакрыцця даху, танчэйшыя за гонт’ (Жд. 1; докш., Янк. Мат.; лаг., Жыв. сл.; віл., Сл. ПЗБ), рус. пск. тре́ска, тре́ски ‘дранка’, ‘трэскі’. Да трэ́ска (гл.). Націск на канцы, відаць, характарызуе сукупнасць, як у літ. skiedrà, skalà ‘дранка’ і ў рус. щепа́, — дарэчы, усе яны абазначаюць як ‘трэска’, так і ‘дранка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)