Пі́сар1 ’ніжэйшая службовая асоба, якая займалася перапіскай’, канцылярскі служачы’, ’сакратар’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Гарэц., Сл. ПЗБ); ст.-бел. писаръ ’пісар’; стараж.-рус. писарь ’мастак, жывапісец’ (1045 г.), укр. писарь ’пісар’, польск. pisarz, н.-луж. pisaŕ ’пісьменнік’, в.-луж. pisar ’перапісчык’, чэш. písař ’пісец’, ’пісар-перапісчык’, славац. pisár ’тс’, славен. pisár той, хто піша’, ’пісец’, ’пісар’, ’пісьмавод’, серб.-харв. пи̏сар ’пісар’, ’перапісчык’, макед. писар ’пісар’, балг. пѝсар ’тс’, ’пісец’. Новае слова, утворанае ў Сярэднявеччы ад пісаць са значэннем ’пісаць’. Суфікс ‑ар узыходзіць да познепрасл. *‑arʼь, які ўтвараў назвы выканаўцаў і быў запазычаны з германскіх ці (у меншай ступені) раманскіх моў, з носьбітамі якіх суседнічалі славяне. Апошняй крыніцай з’яўляецца лац. ‑ārius (Слаўскі, SP, 2, 21–23).

Пі́сар2 ’госць на вяселлі, які дзеліць каравай’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, з польск. pisarz weselny ’вясельнік, які камічна важна танцуе з маладой, частуе пры расплятанні касы’. Генетычна узыходзіць да пі́сар1 (гл.).

Пі́сар3 ’шрам на скуры жывёлы’ (чач., ЛА, 1). Таго ж паходжання, што і пісаг (гл.), суф. ‑ар, як у шнар ’шрам’.

Пі́сар4 пісарка ’рыба быстранка. Alburnus bipunctatus L.’ (Інстр. 2). Відаць, запазычана з рус. писарь, писарка ’тс’ або ўкр. писар, писарка ’тс’, што звязаны з *pьsati ’маляваць’ (з-за стракатай афарбоўкі), гл. пісаць (Каламіец, Рыбы, 29).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)