Сняце́й, снэтэ́й ‘сажа (хвароба хлебных злакаў)’ (бяроз., Шатал.), сніце́й ‘тс’ (івац., Нар. сл.), снытэ́й ‘тс’ (пін., Кольб.; стол., Нар. лекс.), сняты́й, сніт ‘тс’ (палес., гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76 і наст.), смяце́й, смяця́й ‘тс’ (гродз., Сл. ПЗБ), снітэ́й, снэтэ́й ‘тс’ (Сл. Брэс.). Укр. снить, сніті́й, сміті́й ‘тс’, польск. дыял. śnieć, в.-луж. sněc, snjeć, н.-луж. sněś, чэш. sněť, snět, серб.-харв. сни̏јет ‘тс’, смѐтлика ‘галаўня ў кукурузы’, славен. snẹ̑t, smet, smetljaj ‘галаўня ў збожжы’, балг. сне́тей ‘тс’. Прасл. *snětь, *snětъ ‘сажа’ Махэк₂ (564) лічыць звязаным з чэш. nítiti ‘распальваць агонь’, прасл. *gnětiti ‘запальваць’; гл. яшчэ Мяркулава (Очерки, 64), якая падкрэслівае натуральнасць семантычнага развіцца; ‘запаліць агонь’ → ‘абпаленае палена, галавешка’ → ‘раслінная сажа’; да семантыкі параўн. са́жа, рус. головня́, серб.-харв. га́ра, нова-в.-ням. Brand (ад brennen ‘гарэць’) ‘тс’. Менш верагодныя супастаўленні Шустара–Шэўца (1326–1327) з прасл. *snetъ ‘калода’ (гл. снет), а таксама рэканструкцыя прасл. *sъ‑gnětъ (Скок, 3, 297), супраць чаго Бязлай, 3, 279–280; гл. яшчэ Фасмер, 3, 698–699; Будзішэўска, Słown., 300; Міклашыч, 312; ЕСУМ, 5, 336–337.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́ваць ‘перамяшчаць, ставіць, устаўляць’, безасабова таксама пра рэзкі боль (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ‘піхаць, утыкаць, утыркаць’ (Некр. і Байк.), сува́ць ‘тс’ (Нас., Ласт.), со́вацца ‘ўсоўвацца’, ‘хадзіць з месца на месца’ (ТСБМ), ‘павольна рухацца’ (Сл. ПЗБ), со́вацца, со́ўвацца ‘соўгацца’ (ТС), сува́цца ‘хістацца, піхацца’ (Нас., Ласт.). Укр. сова́ти, рус. сова́ть, стараж.-рус. совати ‘кідаць кап’ё’, польск. suwać, в.-луж. suwać, н.-луж. suwaś, ст.-чэш. sovati, славац. zasúvať ‘засоўваць, перасоўваць’, серб. дыял. со́вам се, су́вам се ‘працягваць руку за чым-небудзь’, славен. sováti, балг. со́вам, ст.-слав. совати ‘кідаць’. Прасл. *sovati роднаснае літ. šáuti ‘соваць; саджаць (хлеб у печ)’, ‘страляць’, лат. šaũt ‘страляць; хутка соваць; штурхаць’, далей гоц. skewjan ‘ісці’, алб. heth ‘кідаю; вею зерне’, ст.-в.-ням. scioʒan, ст.-ісл. skjóta ‘страляць, рухаць, штурхаць’; параўноўваюць яшчэ з ст.-інд. suvati ‘прыводзіць у рух’, хец. šuu̯āi‑ ‘штурхаць, рухаць’. Гл. Траўтман, 300; Мюленбах-Эндзелін, 4, 9–10; Фасмер, 3, 705; Махэк₂, 592–593; Шустар-Шэўц, 1380–1381. Борысь (588) форму *sovati лічыць другаснай ад *suti, *sovǫ па аналогіі з *davati ‘даваць’; і.-е. корань *(s)keu̯‑ ‘кідаць, пасоўваць, ціснуць’. Гл. таксама сунуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сра́ка ‘задніца, ягадзіцы’ (Нас., Шат., Сл. ПЗБ), ‘задняя частка тулава ў рака, насякомых’ (брасл., паст., драг., Сл. ПЗБ), перан. ‘камель (снапа)’ (віл., навагр., баран., Сл. ПЗБ), ‘ніжняя частка ступы’ (драг., Сл. ПЗБ), сра́чка перан. ‘частка бульбіны, якая не мае зародкаў парасткаў’ (шальч., Сл. ПЗБ), таксама сра́ка, сра́чка ‘пятка яйца’ (ЛА, 1). Укр., рус. сра́ка ‘задніца, ягадзіцы’, польск. sraka ‘тс’. Дэрыват ад прасл. *sьrati ‘cacare’, параўн. сраць, укр. сра́ти, рус. срать, польск. srać, в.-луж. srać, н.-луж. sraś, чэш. sráti, славац. srať, серб.-харв. сра̏ти, славен. sráti, балг. сера́, макед. сере. Прасл. *sьrati, *serǫ звязана чаргаваннем галосных з сур (гл.), рус. сор ‘смецце’. Роднасныя: лат. sãrņi ‘адкіды, бруд’, ст.-інд. śárdhate ‘псаваць паветра’, авест. sairya‑ ‘гной, памёт’, фрыз. skern ‘экскрэменты’ (Покарны, 947–948). Параўнанне з ст.-інд. sárati ‘цячэ’, sarás ‘рэдкі’, лац. serum ‘сыроватка’ (Младэнаў, 578; Махэк₂, 571) Фасмер (3, 740) лічыць менш верагодным. Усё да і.-е. кораня *sk̑er‑ ‘спаражняцца’; гл. Шустар-Шэўц, 1347–1348; Глухак, 573; Скок, 3, 315; Бязлай, 3, 303; ЕСУМ, 5, 396–397.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сукма́н ’бурка, світка’ (Сцяшк., Скарбы, Бес.), ’адзенне з сукна’ (Шат.), ’суконнае верхняе адзенне’ (у мясцовасцях са шляхецкім насельніцтвам) (Малчанава, Мат. культ., 153), сукма́ны ’світкі’ (гродз., Сл. ПЗБ), сукма́нка ’кароткая жаночая верхняя вопратка’ (гродз., Сл. ПЗБ), ’адрэзак суконнай тканіны’ (Сл. рэг. лекс.). Ст.-бел. сукманъ ’світка, сярмяга’ (Ст.-бел. лексікон) Булыка (Лекс. запазыч., 115) праз стараж.-рус. сукманъ узводзіць да чув. səkman < цюрк. čekman; Жураўскі (Цюркізмы, 94) лічыць запазычаннем праз польскую непасрэдна з турэцкай. Параўн. укр. сукма́н, сукма́на ’бурка, світка’, рус. сукма́н ’суконны кафтан або сарафан’, ст.-рус. сукманъ (1671 г.) ’сукно’, польск. sukman(a) ’світка, сярмяга’, балг. сукма́н ’шарсцяная спадніца’, чукма́н ’тс’ (лічацца прабалгарскімі словамі). Этымалогія спрэчная. Мяркуецца, што слова спрадвечнаславянскае і роднаснае скаць, сука́ць, сукно; у словаўтваральных адносінах спасылаюцца на рус. дурма́н, польск. lochman; гл. Фасмер, 3, 799 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 470–471. На думку іншых даследчыкаў (Радлаў, 4, 799; Расянен, ZfslPh, 20, 448; Каліма, RLS, 133; Брукнер, 525), слова запазычана праз чув. səkman, səxman з цюркскай групы моў. Гл. яшчэ Анікін, 510 (са ст.-цюрк. sökmän ’мянушка, якую давалі асілкам і героям’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіпе́ць ‘утвараць сіплыя гукі’, ‘гаварыць сіплым голасам’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб.), ‘шыпець’ (Сл. ПЗБ), ‘злавацца, сварыцца’ (маладз., Гіл.), ‘ціха шапацець (пра дробны дождж)’ (гродз., Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), ‘імжаць’ (гродз., лун., мазыр., ЛА, 2), ‘рассыпацца, раскісаць (пра снег)’ (ТС), сіпоцець ‘шумець, пеніцца (аб страве пры закісанні)’ (ТС), сіпа́ць ‘сіпець’ (ТСБМ, Шат., Бір. дыс.), сіпа́ты, сі́плы, сі́пы ‘сіплы’ (ТС), сіпа́ты ‘макраносы’ (калінк., Арх. ГУ), сюды ж назоўнік ст.-бел. сипанїе ‘шыпенне’: оукγсить змїе без’ сипанїа (Альтбаўэр). Рус. сипе́ть ‘сіпець’, укр. оси́плый, ц.-слав. остнѫти, польск. sipieć, чэш. sipěti, sípati ‘сіпець, хрыпець’, славац. sipieť ‘шыпець’, харв. sípiti, славен. sípati, sípljem ‘пыхкаць, фыркаць’, балг. оси́пвам, макед. осипнува ‘сіпнуць’. Гукапераймальнага паходжання; гл. Праабражэнскі, 2, 288; Фасмер, 3, 626. Параўноўваюць з лац. sībilus ‘свіст’, sībilō, ‑āre ‘шыпець, свістаць, асвістваць’, новаперс. siflīden ‘свістаць, шчабятаць’ (Вальдэ-Гофман, 2, 531 і наст.), з герм. *sip‑ ‘капаць, цурчэць’ (ст.-англ. sípisn, англ. seep, с.-в.-ням. sīfen, гал. sijpelen і інш., гл. Глухак, 548). Паралелі ў літ. šypauti ‘высмейваць, насміхацца’, лат. sĩpa ‘бура’ Фасмер (там жа) лічыць спрэчнымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Такро́к ’летась’ (навагр., Жыв. сл.; Нар. словатв., Скарбы; карэліц., Янк. Мат.; Сцяшк.; шчуч., З нар. сл.; Сл. ПЗБ; вілен., гродз., ЛА, 2), такрі́к ’тс’ (брэсц., ЛА, 2), такру́к ’летась’ (лях., ЛА, 2; Сл. ПЗБ), ст.-бел. такрок ’у мінулым годзе’ (1579 г.), такрочны ’леташні’, сюды ж такро́чны ’леташні, мінулагодні’ (Скарбы, Сцяшк.), такро́чны, такро́чні, такро́шні ’мінулагодні’ (Сл. ПЗБ), такро́шні гот ’летась’ (навагр., ЛА, 2), такрі́чнэ лі́то ’тс’ (кам., ЛА, 2), такро́чні цялю́к ’цяля-перазімак’ (воран., ЛА, 1). Запазычана з польск. tak rok ’год таму, летась’, tak roczny ’мінулагодні, леташні’, навагодняе пажаданне na tak rok! ’каб так за год дачакацца’ (Варш. сл.), у спалучэнні з іншымі назоўнікамі: tak miesiąc ’месяц таму’, параўн. таксама чэш. мар. tak rok ’год таму’. Гл. так, рок1, параўн. тарок (гл.). Пацюпа (Станкевіч, Язык, 1164) на падставе выразу тот рок (Баркулабаўскі летапіс) лічыць самастойным утварэннем, што сумніўна. Параўн., аднак, такро́к ’штогод’: то ж ён такрок прыезджаў к матцы (Мат. Гом.), калі гэта не памылковая семантызацыя, то яго можна разглядаць як незалежнае ўтварэнне ці другаснае пераасэнсаванне запазычання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́йці ‘трэці’ (Байк. і Некр., Федар. 4, Пятк. 2, ТС, Янк. 2; зэльв., Нар. словатв.; беласт., Сл. ПЗБ; ганц., Ск. нар. мовы), трэ́йцяя нядзеля ‘сход месяца, яго 3‑я квадра’ (стаўб., З нар. сл.); трэ́йціе пе́ўні ‘пара сутак’ (Сержп. Грам.), сюды ж трэйця́к, трэйця́ка ‘трацяк, цялушка трэцяга году’ (Мат. Гом., Скарбы, Кліх), трэйтя́к ‘3‑гадовае жарабя’ (пруж., Зн., дыс.); на трэйцяк ‘трэцяя частка ўраджаю’ (ТС), трэйця́к ‘трэці пастух’ (там жа). Паводле Карскага (1, 354), з *трецʼцʼи, параўн. тре́цьцій ‘трэці’ (Бяльк.), як айца < а́сса (гл. айцец). Станкевіч (Язык, 237) лічыць падваенне (падаўжэнне) гукаў у прыметніках і парадкавых лічэбніках нерэгулярным і прапануе тлумачыць з’яўленне й паміж а, о, е і зубнымі вядомымі ў народнай мове выпадкамі тыпу войстры, гайсаць і пад. (Станкевіч, Зб. тв., 2, 35). Цвяткоў (Запіскі, 78) бачыць аналогію ў польск. miejsce (*mieśće > *mieśśće з распадабненнем і зацвярдзеннем ś пад уплывам c). Параўн., аднак, ст.-бел. третье ‘трэцім разам’ (ГСБМ) адпаведна ст.-слав. третиѥ, третиѥѥ ‘тс’ (ESJSt, 16, 978), што дало форму з падваеннем. Да тры, трэ́йка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ркаўка1 ‘турок, птушка атрада галубоў з бурым апярэннем, Streptopelia turtur, Streptopelia decaocto’ (ТСБМ, Касп.), ‘дзікі голуб’ (ТС), ту́ркоўка ‘голуб-турок’ (Мат. Гом.), ту́рчалка ‘тс’ (там жа). Параўн. укр. ту́ркавка ‘голуб звычайны’, рус. дыял. турлу́шка, турлы́шка ‘турчаўка’, польск. turkawka і trukawka ‘тс’. Утварэнні, што грунтуюцца на перадачы буркавання турр‑турр (Дарафееў, Птушкі), польск. turr‑turr‑turr і пад., гл. туркаць1, тарчаць. Аналагічныя ўтварэнні ў іншых мовах: ст.-ісл. turture, ст.-англ. turtur(e), turtla, англ. turtle, в.-ням. turtulatūba, нова-в.-ням. Turteltaube, лац. turtur і інш. (Фасмер, 4, 124; Брукнер, 585; ЕСУМ, 5, 681; Борысь, 654).

Ту́ркаўка2 ‘мядзведка звычайная, Gryllotalpa vulg. hatr.’ (Некр. і Байк., Касп., Мядзв., Скарбы, Рэг. сл. Віц.). Назва на базе гукапераймання: насякомае выдае гукі, падобныя да тур-тур: мядзведка ту́ркае (гом., Арх. ГУ); гл. наступнае слова. Сюды ж з іншай суфіксацыяй турка́ч ‘мядзведка’ (гродз., беласт., Сл. ПЗБ) і назвы насякомых: турка́ч ‘лічынка хрушча’ (Сцяшк. Сл.), ‘цвыркун’ (дзярж., Нар. сл.), параўн. польск. turkacz ‘мядзведка’, якое Брукнер (585) лічыць вытворным ад turkać, што чаргуецца з tark‑ (гл. таркаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пыж1 ’драўляная затычка для круглай адтуліны’ (Нас.), ’кавалачак дрэва, які закладваецца ў вугал зруба пры спалучэнні бярвенцаў’ (жабін., Нар. сл.), пыжч ’тс’ (кам., там жа), пыж ’калок, якім прымацоўваецца ярмо да дышля воза або саней’ (Бес.), ’невялікі драўляны шар або абрубак ад палкі (пры гульні “ў пыжа”)’ (Нас.; БНТ, Гульні), ’затычка з лямцу, шэрсці або картону ў патроне для паляўнічай стрэльбы’ (ТСБМ), ’малеча, карапуз’ (Бяльк.), мн. л. пыжэ́ ’стрыжні птушыных пер’яў’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ’бутоны’ (навагр., Жыв. сл.), пы́жык ’кароценькая затычка; тоўсценькае дзіця’ (Нас.), ’тоўсты блін з кіслага цеста; булачка’ (рас., Шатал.; шальч., Сл. ПЗБ), ’хлопчык, які слаба расце, малы’ (Бяльк.), параўн. укр. пиж ’від дзіцячай гульні’, рус. пыж ’затычка ў патроне; пустое, няўсхожае насенне; шар або абрубак (у дзіцячай гульні); папярочны брусок у носе і карме лодкі; булачка’, пы́жык ’маларослы, надуты чалавек’; адносяць сюды і балг. пи́жо ’нехрышчонае дзіця’. Значэнне гэтай групы слоў канцэнтруецца вакол паняццяў ’затычка, шпунт, калодачка’, ’неразвіты плод’, ’пышка, булачка’, што дае магчымасць далучыць сюды бел. пужо́к ’схованка для рыбы ў канцы лодкі’ і пужы́на ’пустое зерне’ (гл. зыходныя формы, хутчэй за ўсё, *пыжок, *пыжына з тыповым для тураўскай гаворкі пераходам ы > у пасля губных). Роднаснае літ. paugžlỹs, pūgžlỹs ’апалонік’, pùžas ’брухаты’, pùžti ’аслабець’, узыходзіць да і.-е. *pōu̯‑, *pū‑ ’дуць, надувацца’, што дае падставы для рэканструкцыі асновы прасл. *pyž‑ (Куркіна, Этимология–1971, 71–72); Тапароў (Балтийские яз., 45) лічыць рус. маск. пыж ’бясплоднае, няўсхожае насенне’ балтызмам, што малаверагодна па лігвагеаграфічных прычынах; па семантычных і лінгвагеаграфічных прычынах сумнеўна вывядзенне рус. арх. пыж ’папярочны брусок, устаўлены ў нос лодкі’, параўн. пск. носовой пыж, кастр. ’нос судна’ з комі, удм. piž ’лодка’, мар. puš ’тс’ (Фасмер, 3, 417).

*Пыж2, пуж ’гарнастай’, памянш. пы́жык: раншы дорогі буў пыжык (ТС), пы́жык ’паўночны алень ва ўзросце да двух месяцаў, а таксама футра з яго’ (ТСБМ). Выводзяць з удм. pužej ’паўночны алень’, комі pež ’аляня, якое яшчэ не мае рагоў’ і пад. (Фасмер, 3, 417: лічыць гатую этымалогію “безукоризненной”); іншая версія — аднясенне пыж2 да пыж1 (Праабражэнскі, 2, 159 і інш.) па лінгвагеаграфічных і семантычных прычынах, параўн. рус. дыял. пы́жик ’шкура невялікага мядзведзя’, ’птушка Vanellus gregarius Pall.’, ’стэпавы кулік, Charadrius’ (адносна апошняй гл. Фасмер, 3, 418), здаецца больш прымальнай. Чарных (2, 87) мяркуе, што фіна-угорскія словы запазычаны з рускай мовы, аналагічна Анікін (416–417), які схіляецца да версіі паходжання ад рус. пыж ’камяк’, пы́жить ’настаўляць, растапырваць’, гл. пыж1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́на1 ’пашкоджанне тканак жывога арганізму’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, Варл., ТС), ст.-бел. рана ’тс’ (Сл. Скар.), ’кара, катаванне’ (Карскі, Труды, 339). Параўн. укр., рус. ра́на ’адкрытае пашкоджанае цела’, польск., н.-луж., в.-луж. rana ’тс’, палаб. råno ’тс’, чэш. rána ’тс’, ’удар, няшчасце’, славац., rana ’адкрытае пашкоджанне цела’, славен. rána ’тс’, серб.-харв. ра̏на ’тс’, балг. ра́на ’тс’, макед. рана, ст.-слав. рана ’тс’. Прасл. *rana, параўн. літ. ronà ’тс’, rõnyti ’раніць’, ronótas ’з ранамі, ранены’ (запазычанні са славянскіх моў). Роднаснае да ст.-інд. vraṇá‑ ’рана, шчыліна, драпіна’, алб. varrë ’рана’, vras ’забіваю’ (Фасмер, 3, 441; Бязлай, 3, 150). Узыходзіць да і.-е. *u̯er‑ ’раскрыць, разарваць, разадраць’, адлюстраванага ў рус. воро́нка ’лейка’, польск. wrona ’адтуліна, дзіра’ і інш., гл. ESJSt, 12, 748; БЕР, 6, 181 (звяртаецца ўвага на фармальныя цяжкасці пры рэканструкцыі); Глухак, 518; Шустар-Шэўц, 2, 1205.

Ра́на2 ’раніцай, ранкам, уранні, раннім часам, раней пэўнага часу, загадзя’ (ТСБМ, Бяльк., Шат.; ашм., Станк.; Сл. ПЗБ, Ян.), ’ранні час’ (Варл.), ра́но ’тс’ (ТС), ст.-бел. рано ’тс’ (Сл. Скар., Альтбаўэр). Параўн. укр. ра́но, рус. ра́но, ст.-польск. rano ’раннім часам’, польск. rano ’ранкам’ і ’ранак’, палаб. ronü/rånă ’тс’, в.-луж., н.-луж. rano, чэш., славац. ráno ’раніцай, дачасна’, серб.-харв. ра̏но, славен. ráno, балг. ра́но, макед. рано, ст.-слав. рано ’раней пэўнага часу’ і ’ранак’. Слова не мае канкрэтнай этымалогіі. Прыстае тлумачэнне *rano < *radno < з *ordno/*vordno < і.-е. *urōdhno‑ ’час нараджэння сонца’, што мае тую ж аснову, што і *rodъ, адсюль рана ’час нараджэння дня’, параўн. грэч. ὄρορος ’раніцай’, да гэтага ж літ. ritas ’раніца’ (ESJSt, 12, 748 з аглядам версій). Длугаш-Курчабова (429) адзначае, што форма *rano з’яўляецца рэліктавай нячленнай формай прыметніка н. р. адз. л., які субстантывізаваўся, а не адвербіялізаваўся, параўн. прысутнасць склонавых форм яшчэ ў ст.-польск. z rana, po ranu (XVI ст.), а прыкладам далейшай субстантывізацыі польск. rano можна лічыць адсубстантыўнае суфіксальнае ўтварэнне ranek, параўн. бел. ра́нак, раніца (гл.). Паводле заўваг Брукнера (453), польск. z rana узнікла па аналогіі са скланеннем назоўніка zaranie (н. р.) альбо zarań (ж. р.), адсюль польск. z rana памылковае, замест z rania. Параўн. да гэтага рань ’раніца’ (Растарг.), ра́нне ’пачатак дня, раніца, ранак’ (Нас., Байк. і Некр., Растарг., Бяльк., Сл. ПЗБ), ра́не (Сл. ПЗБ, ТС)., з ра́ння́ ’з раніцы’ (Шат., Гарэц.), да ра́ння ’да ўсходу сонца’ (Шат.), параўн. ст.-бел. лежи до ранья (Альтбаўэр), зара́нне, зра́нне ’зранку, вельмі рана’ (Растарг.). Рэйзак (527) лічыць, што *rana з’яўляецца прыслоўем і ўтворана ад прыметніка *ranъ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)