Мак ’мак, Papaver L.’ (ТСБМ, Кіс., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), мін., брэсц., маг. мак‑цякун ’мак-самасей’, ’снатворны мак’ (Кіс.), тураў. глухі мак ’тс’ (ТС), макава расінка ’зусім мала’ (Шат.), макам ’рассыпаючыся дагаджаць’, ’беззваротна знікаць’ (Нас.), макам сядзець ’павольна расці’ (калінк., З нар. сл.). Укр., рус. мак; польск., н.- і в.-луж. mak; чэш., славац. mak, славен. màky серб.-харв. ма̏к, макед., балг. мак ’тс’. Прасл. makъ звязана з грэч. μὴκων, дарыйск. μᾱ́κων ’мак’, ст.-в.-ням. maho > новав.-ням. Mohn, с.-в.-ням. mān, ст.-сакс. mâgo, ст.-швед. val‑moghi, швед. vallmo (у якіх герм. *walha‑ ’аглушэнне, непрытомнасць’), ірл. meacon ’мак’ (Бернекер, 2, 9; Цупіца, Gutturale, 135; Траўтман, 166). Слова праеўрапейскае (або старажытнае азіяцка-міжземнаморскае) — гл. Махэк₂, 349; Эльквіст, 1305; Фасмер, 2, 560; Сабаляўскас, КСИС, 28, 1960, 70; Скок, 2, 359; БЕР, 3, 618–619). Покарны (698) выводзіць гэту лексему з і.-е *mak(en) ’мак’. Сюды ж ма́кавы, ма́кавый (ТСБМ, Бяльк.), макаві́нне, макавіннік, макавінё, макавеня, макавіеня ’сцябло з лісцем маку’ (гродз., беласт., Сл. ПЗБ; навагр., З нар. сл.; Федар. 6, Мат. Гом., Ян.), ’адрэзаныя вяршкі сцёблаў канапель з насеннем’ (Нас.), ма́кавішча, макаві́шча, ма́ковышчэ ’града, дзе рос мак’ (ТСБМ, слаўг., Яшк.; пін., Нар. лекс.), даць макаўца́ ’пстрыкнуць’ (Ян.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барэ́ц1 (спарт.). Мабыць, запазычанне з рус. боре́ц (гэта слова, відаць, праславянскае — nom. agentis з суф. *‑ьcь ад *borti () ’змагацца’, гл. баро́цца; вельмі няпэўна Шанскі, 1, Б, 167: утварэнне ад *borъ ’барацьбіт’).

Барэ́ц2 ’расліна баршчэўнік сібірскі, Heracleum sibiricum L.’ (Кіс.). Укр. борец ’Heracleum Sphondylium L.’ (Макавецкі, Sł. botan., 178). Ад слав. *borьcь (< *borti (), гл. баро́цца). Матывацыя не зусім ясная. Магчыма, таму, што сцябло расліны пакрыта цвёрдымі валаскамі. Але не выключаецца, што назва дадзена ад моцнасці расліны (вышыня яе 90–200 см). Нарэшце, можна думаць і пра іншую матывацыю: расліна мае вострае лісце (адсюль і яе назвы ад асновы *bъrščь, Фасмер, 1, 198, гл. боршч, баршч; супраць такой этымалогіі Мяркулава, Очерки, 61–62). Цікава, што навуковая назва расліны — Heracleum узнікла ад імя антычнага героя Геракла (як думаюць, таму, што расліна вельмі моцная, высокая і мае лячэбныя ўласцівасці; Сімановіч, 229; Нейштадт, Определитель, 422).

Барэ́ц3 ’расліна мардоўнік, Aconitum L.’ (Інстр. II). Рус. боре́ц, укр. боре́ць, боре́ц. Бясспрэчна, ад *borti () (гл. баро́цца). Расліна Aconitum вельмі ядавітая і з яе рабілі атруту для ваўкоў. Нейштадт, Определитель, 254–255; Сімановіч, 8; Махэк, Jména rostl., 46. Параўн. яшчэ іншыя назвы для Aconitum: рус. волкобой, чэш. vlčí mor, psí mor, славен. pasja smrt, лац. aconitum lycoctonum, cynoctonum і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́тлы ’ветлівы, прыветлівы, ласкавы’ (БРС, КТС, Касп.), (у)вѣтлый (Нік., Оч., 1), ве́тла (Гарэц., Яруш., БРС, КТС, Касп.), ветласць ’уласцівасць ветлівага чалавека, прыветлівасць’ (Гарэц., КТС, БРС), вѣтлыс(т)ь (Нік., Оч., 1). Рус. пск., смал., калін., калуж., прэйл. ве́тлый ’прыветлівы, ласкавы, мілы; гаваркі’, смал. ’вясёлы’. Паўночна-ўсходнеславянскае ўтварэнне ад větъ і ‑lъ. У сучасных слав. мовах větъ не захавалася, ёсць шматлікія дэрываты: рус. ответ, привет, обет, совет, вече, завещать, чэш. závěť, dovětek, oběť, славен. obečati, серб.-харв. ве́ћати, ст.-слав. вѣтъ, ст.-рус. вѣтъ ’нарада, рада, дагавор’; ’павучанне, саромленне’, якое збліжаецца этымолагамі (Фасмер, 1, 305; Махэк, 687) са ст.-прус. waitiāmai ’гаворым’, waitiāt ’гаворыць’, літ. vaitenù ’мяркую’, vaiténti ’кіраваць, вызначаць, меркаваць’, авест. vaēϑ‑ ’вызначыць суровым следствам’, vaēϑa ’судовае заключэнне’. Адносна сувязі слова větiti і vějati ’дзьмуць’ гл. Тапароў, КСИС, 25, 1958, 86–87, які далучае да іх і слав. větii (< *vēt‑i) ’аратар’. Вайян (RÉS, 24, 1947, 152–155), паводле ст.-слав. отъвѣ (замест отъвѣшта), дапускае корань vě‑ (а не vět‑), які маецца ў дзеяслове вѣꙗти (семантыка яго развівалася наступным чынам: ’веяць’, г. зн. ’аддзяляць’ → ’вырашаць’ → ’судзіць’). У сувязі з і.-е. *vet‑: *ve‑ параўн. таксама тахар. A, тахар. B wätk ’раздзяляць, вырашаць, загадваць’ і we‑ ’гаварыць’; падобнае развіццё значэння назіраецца ў лац. cernere ’аддзяляць’; ’вырашаць’, грэч. κρίνειν ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каду́к ’чорт, д’ябал’ (БРС, ТСБМ; слонім., Арх. Бяльк.; пін., Булг.; чач., Жыв. сл.; драг., З нар. сл.; чаш., сен., Касп.; КЭС, лаг.; Мат. Гом.; ст.-дар., Нар. сл.; Нас., Нас. Сб. посл., Некр., Нік. Напаў., Нік., Няч., Рам., Сцяшк., Федар., Шат.), ’лясун’ (Мат. Гом.), ’няшчасны выпадак’ (Нас.), у выразах: а кадук яго ведае (Бір. Дзярж.), кадук яго вазьмі (Сержп. Грам.), кадук не бярэ (Янк. БФ). Нікіфароўскі (Няч.) адзначае: «…от першабытных у свеце злачынцаў уцалелі некаторыя асобіны, рассеяныя па зямлі — гэта кадукі». Там жа, 45–46: «…кадук падобны здалёк на капу сена, ворах моху». Раманаў (Рам. 8) удакладняе, што кадук — «разнавіднасць чорта, які жыве ў старых гмахах, вадзяных млынах і г. д.». Укр. кадук, паводле Грынчэнкі, ’род хваробы’ і ’д’ябал, чорт’. Рус. уладз., смал. кадук ’падучка’, росл., смал. ’д’ябал, чорт’, зах.-бран. ’лаянка’. Запазычана з польск. kaduk (такія ж і іншыя значэнні), дзе ў помніках сустракаецца з XVI ст. Значэнне ’падучка’ вядома ў гаворках; літар. толькі выраз do kaduka ’да д’ябла’. Слаўскі (2, 17) лічыць, што значэнне ’чорт, д’ябал’ з’явілася ў XVIII ст. на базе ’хвароба’. Як аргумент прыводзіцца спасылка на паралельнае ўжыванне choroba і kaduk, kat, diabeł у праклёнах. Крыніцай польск. слова з’яўляецца лац. cadūcus ’хворы па падучку і інш.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каля́ прыназоўнік з родн. скл. (прастор., аб’екта, кольк. адносіны) (БРС, ТСБМ) у Гарэц.; віл. Карск., Касп., Кліх ў прасторав. адносінах, у Сл. паўн.-зах. яшчэ і ’для, за’: …ён каля яе стараўся…; цёця каля яго возьмецца… і ’у час’. У форме кале ’каля’ адзначана Кліхам і Сержпутоўскім (Сержп. Грам. — асноўны арэал і з казак, мазыр.). Геаграфія пашыраецца, калі ўлічыць форму каляблізку ’у недалёкай адлегласці’ (КЭС, лаг.) і каляболацце (слаўг., Яшк.). Асноўны матэрыял у ДАБМ, к. 221, Камент., 766–767. Слова сустракаецца на большай частцы тэрыторыі, канцэнтрацыя — на паўночным захадзе. Укр. (у запісах Чубінскага) кіля, польск. крак. kola, славін. kolä. У шэрагу моў сустракаюцца формы, падобныя да бел. кале: польск. kole, kele, kiele, гл. Карл., 2, 406, 407, каш. kuole (і інш.), чэш. kole ’каля’. Паводле паходжання ўтварэнне з kolo (параўн. адносна этымалогіі кола) з традыцыйнай менай галоснага як у формах podlo/podle. ESSJ (SG, I, A, 89) мяркуе і аб магчымасці аднясення бел. каля да старога тыпу kole; пярэчыць гэтаму, на яго думку, рус. калуж. кала, кыла. Адносна апошняга параўн. кала (гл.). Бел. каля хутчэй за ўсё незалежнае ад польск., славін. форм (націск), наяўнасць формы кале, калі (ДАБМ) на беларускай можа сведчыць па карысць паходжання ‑я‑ з канцовак ‑е‑. Параўн. яшчэ ля (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́ прысл., злучн. у розных значэннях (ТСБМ, Бяльк., Грыг., Мал., Нас., Нік. Напаў., Нік., Оч., Сержп., Сержп. Прымхі, Радч., Шат., Сл. паўн.-зах., ТС (колі)). Укр. коли, рус. коли, коль, ст.-чэш. koli, славен. koli, балг. уст. коли, ст.-слав. коли. Прасл. koli/kole, падрабязна аб фіксацыях і формах у слав. мовах гл. ESSJ SG, 2, 356–360. Там жа мяркуецца, што слова ўтворана ад і.-е. займеннай асновы *ku̯o‑ (аб якой падрабязна гл. пад хто), пашыранай i‑ партыкулай. Пры гэтым, верагодна, структура была ўтворана яшчэ ў даславянскі перыяд, паколькі ў літ. мове адзначаюць як надзейныя паралелі kõl, kõlei (дыял. kõlaik) ’як доўга, пакуль’. Больш праблематычная сувязь з лац. quālis, ’які’, грэч. πηλίκος, якая прымалася шэрагам этымолагаў, нягледзячы на фармальную перашкоду. Калі дапусціць такую сувязь для і.-е. перыяду, неабходна аднавіць архетып *ku̯ā‑, што прымусіла Покарнага (1, 646) рэканструяваць праформу *ku̯o/ku̯a‑, аднак апрача фармальнай перашкоды ёсць яшчэ і семантычныя. Што датычыць іншых і.-е. паралелей, неабходна згадаць яшчэ прапанову Махэка₂, 269, які не сумняваўся ў тоеснасці слав. утварэння і ст.-інд. ‑khálu. Апошняе звычайна ўжываецца пасля займеннікаў, параўн. na khálu ’зусім не’ і ніколі, чэш. nikoli. Гэта прапанова патрабавала б раздзялення як генетычна розных функцыянальных варыянтаў слав. koli, што не здаецца правільным. Параўн. яшчэ іншыя меркаванні адносна архетыпу ў ESSJ S J, 2, 360.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кары́та ’карыта, начоўкі, човен’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’збітыя вуглом дзве дошкі, якія прыбіваюцца на версе гонтачнай страхі’ (Сцяшк., Шатал.), ’шуфляда ў ручным млыне, куды падае мука’ (Шатал.), укр. корито ’тс’, рус. корыто ’тс’, чэш. koryto ’карыта, кармушка’, славац. koryto ’тс’, н.-луж. kóryto ’тс’, польск. koryto ’тс’, балг. корито ’тс’, макед. корито ’тс’, серб.-харв. ко̀рито ’тс’, славен. koríto ’тс’. Трэба адзначыць, што паралельна амаль усе славянскія дыялекты ведаюць яшчэ адно значэнне для прасл. koryto ’жолаб, роў, рэчышча’. Менавіта апошняе значэнне навяло даследчыкаў на думку пра сувязь прасл. koryto з дзеясловам ryti. Тады ko‑ прэфікс, як у kadъlbъ (ад dъlbti ’дзяўбці’), (гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 169). Гэта этымалогія (Міклашыч, 133) здаецца надзейнай (што датычыць прэфіксальнай і каранёвай частак слова). Значна менш надзейнае чляненне kor‑yto. Словаўтварэнне як kop‑yto, але калі kop‑yto да капа́ць, то адпаведнага зыходнага дзеяслова для karyto мы не знаходзім, а паходжанне ад kora вельмі праблематычнае, параўн., аднак, карыць1. Суаднесенасць са ст.-прус. pracartis ’карыта’ і літ. prãkartas ’кармушка’ базіруецца на семантычнай тоеснасці, але фанетычныя разыходжанні растлумачыць цяжка (гл. агляд версій у Трубачова, Эт. сл., 11, 122–125). Фасмер (2, 343) прытрымліваецца другой этымалагічнай версіі Міклашыча і ўзмацняе яе паралеллю Шпэхта: лат. karaûte, karuóte ’лыжка’ з тоеснасцю суфіксаў (ūt = yt).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карэ́ц1 ’коўш, кубак, конаўка’, укр. корець ’мера сыпкіх цел; коўш, кубак’, рус. корец ’коўш, тара з бяросты, мера зерня’, ст.-чэш. kořec ’сасуд для сыпкіх цел’, славац. korec ’мера зерня’, ст.-польск. korzec ’тс’, ’сто літраў’, ст.-слав. корьць ’мера’, балг. коръц ’драўляная пасуда для збору вінаграду’, серб.-харв. ко̀рац ’кадачка’. Слова яўна старажытнае, узыходзіць да прасл. korьcь. Найбольш верагодная этымалогія, як здаецца, зводзіцца да паходжання ад кара. Але словаўтваральны бок выклікае сумненні (Бернекер, 580). Спасылка на gъrnьcь (Трубачоў, Эт. сл., 11. 129) не пераконвае (gъrnьcь — Nomen deminutivum ад gъrnъ, якое само азначае ’сасуд’). Да таго ж існуюць і іншыя значэнні для карэц, якія не ўкладаюцца ў гэту схему (гл. карэц2). Больш пераканаўчым нам здаецца версія аб запазычанні і міграцыі гэтага тэрміна (Махэк₂, 277). Маецца на ўвазе ст.-грэч. κόρος ’мера’, лац. corus ’мера’, магчыма, вандроўны тэрмін. Напрамак запазычання удакладніць цяжка (Параўн. яшчэ Скок, 2, 150).

Карэ́ц2 ’калодка з адтулінай у верхнім камяні жорнаў’ (Сл. паўн.-зах.), рус. карец ’тс’, ст.-рус. корьць ’млынавы коўш, скрынка над жорнамі, адкуль сыплецца зерне’. Апошняе значэнне сведчыць аб сувязі па паходжанню з карэц1 і таксама аб далёкай ад кара́ (гл.) семантыцы. Агульнай семай для ўсіх значэнняў з’яўляецца ’мера’.

Карэ́ц3 ’ручка касы’ (БДА). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рыга́ць, рыгаці ’ванітаваць’ (ТСБМ; астрав., чэрв., шчуч., шальч., гродз., Сл. ПЗБ), ’адрыгацца пасля яды’ (Нас.), ры́гі ’ваніты’ (шчуч., Сл. ПЗБ), рыгну́ць душо́ю ’памерці’ (Гарэц.) рус. дыял. рыга́ть ’рыгаць’, ’ванітаваць’, ’плакаць’, укр. рига́ти, польск. rzygać ’ванітаваць, рыгаць’, ryhać ’рыгаць’, ’кашляць’, в.-луж. rihać ’адрывацца’, н.-луж. rygaś ’адрывацца’, чэш. řihati ’ванітаваць’, славен. rígati ’ванітаваць, рыгаць’, rîga ’адрыванне’, ’частка выступаючай зямлі’, серб.-харв. рѝгати ’рыгаць’, ри̏гавица ’ікота’, ’адрыжка’, балг. ри́гам, макед. рига ’рыгаць’, ст.-слав. рыгати сѧ. Прасл. *rygati: *rigati ’рыгаць, адрываць’ (Копечны, 313). Да і.-е. *rug, з іншай ступенню вакалізму *reu‑g ’рваць’, ’цягнуць’, параўн. грэч. ἐρυγή побач з ἐρεύγομαι ’плюю’, ’рыгаю’ у той час, як у балтыйскай групе побач з літ. rúgti ’кіснуць’, ’адрываць кіслым’, лат. rûgt ’брадзіць’, ёсць і перагаласоўка перфекта, параўн. літ. riáugeti ’кіснуць’, лат. raûgtiês ’рыгаць’ (Фасмер, 3, 526 з літ-рай; Скок, 3, 140; БЕР, 6, 248; Аникин, Этимология–1982, 75–77; Куркіна, ОЛА, Исследов. 278–280).

Ры́гаць ’плакаць наўзрыд’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Юрч.), ’рыпець, скрыпець’, ’мурлыкаць’ (ТС), ’адрывацца’ (Гарэц.), ’скрыпець’ (Юрч.), ры́гнуць ’скрыпнуць, рыпнуць’ (ТС), ры́ганне ’плач наўзрыд; крывадушная прысяга’ (Нас.), ’скрып, рыданне’ (Юрч.). Гукапераймальнае слова. Семантычны наватвор на аснове рыга́ць (гл.), параўн. рус. рыга́ть ’плакаць’. Але ў гэтым выпадку застаецца незразумелым перанос націску. Магчыма, такім чынам размяжоўваецца семантыка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сачыць ’назіраць, наглядаць за кім-небудзь, чым-небудзь’, ’адшукваць’, ’дапільноўваць’ (ТСБМ, Шат., Касп., Стан., Ласт.), ’цікаваць, высочваць, віжаваць’ (Бяльк., Гарэц.), ’пільнаваць’ (Сл. ПЗБ) ’назіраць, запільноўваць’ (Варл.) ’шукаць у галаве’ (Сержп. Прык.) ’гнаць звера (пра сабаку)’ (Сцяшк.) ’быць падобным на каго-небудзь’: сочыць бацькупадобны да бацькі (віл., глыб., Сл. ПЗБ), сочы́ць ’высочваць’ (ТС). Укр. сочи́ти ’падпільноўваць’, рус. сочи́ть ’шукаць, дапільноўваць’, ст.-рус. сочити, сочу ’адшукваць; весці судовую справу’, польск. soczyć ’паклёпнічаць, цкаваць’, чэш. sočiti ’ненавідзець; раўнаваць; абгаворваць’, серб.-харв. со̀чити ’выявіць, адшукаць’, ’даказаць’, славен. sáčiti ’лавіць’, балг. со́ча ’паказваю’. Прасл. *sočiti. Звязваюць з прасл. *sokъ ’абвінаваўца, выведнік’ і параўноўваюць з літ. sakýti, sakaũ ’гаварыць’, лат. sacît, ст.-в.-ням. sagen ’тс’ і г. д. (Бругман, IF, 12, 38; Траўтман, 255; Мюленбах-Эндзелін, 3, 603; Младэнаў, РФВ, 63, 310; Фасмер, 3, 731). Махэк₂ (566) зыходным значэннем лічыць ’дапільноўваць, адшукваць (звера)’ і супастаўляе з літ. sekù, sèkti ’ісці (следам)’, лац. sequor, ірл. sechur ’тс’, ст.-інд. sáčate ’ідзе следам’. Бязлай (Linguistika, VIII, 1, 71), славенскае слова таксама супастаўляе з літ. sèkti, лат. sekt ’ісці следам’. Аб супастаўленні слав. *sočiti з вышэйпрыведзенымі балцкімі словамі меркаваў яшчэ Фрэнкель (757, 773). Варбат (Марфан., 31–32) падтрымлівае думку Брукнера (394–395) аб зліцці ў слав. sočiti двух вышэйназваных індаеўрапейскіх гнёздаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)