Ко́гут ’глушэц’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. когут ’цецярук’. Перанос назвы пеўня на іншую птушку (ЕСУМ, 2, 489). Што датычыць назвы пеўня, то ўкр. когут, відаць, запазычана з польск. kogut. Бел. когут выклікае рад сумненняў. Па-першае, слова зафіксавана толькі ў адной крыніцы. Па-другое, форма кагут (Мат. Гом., 190) выведзена няправільна. Параўн. ілюстрацыю «Ва ўсіх дварах быў чуваць спеў кагутуноў». Значыць, можна толькі гаварыць аб зыходнай форме кагутун, якая ўтварылася ад дзеяслова кагутаць. Такім чынам, эвентуальнае бел. когут ’певень’ было таксама польскага паходжання. Польск. kogut у сваю чаргу разглядалася як запазычанне з чэш. kohout, славац. kohút. Мясцовая назва Kochutouo ў Вроцлаўскай буле 1245 г. сведчыць не толькі супраць пазнейшай чэшскай крыніцы, але і на карысць еднасці чэшска-сілезскага арэала, адкуль слова магло пазней распаўсюдзіцца на іншыя рэгіёны Польшы. Лінгвагеаграфія слова дэманструе няпэўнасць праславянскай рэканструкцыі. Параўн. Слаўскі, 2, 328; Басай–Сяткоўскі, SFPS, 7, 23–24; Папоўска–Таборска, SFPS, 8, 60. Нельга лічыць праўдападобнай гіпотэзу пра паходжанне kogut ад прасл. kokotъ (Атрэмбскі, Slavia, 20, 236; Слаўскі, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ткані́на ’тканы матэрыял; тэкстыльны выраб’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк., Вруб.), тканіна́ ’матэрыя, вытканая ў хатніх умовах’ (шчуч., смарг., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; Ласт.), тка́ніна ’тс’ (астрав., шальч., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ткани́на ’тэкстыль, тканы матэрыял’, рус. дыял. ткани́на ’тс’, польск. tkanina ’тс’, чэш. tkanina ’тс’, славац. tkanina ’тс’, в.-луж., н.-луж. tkanina ’тс’, славен. tkanina ’тс’, серб.-харв. тка̏нина ’тс’, макед. ткаенина ’тс’. Паводле Махэка₂ (644), новыя спецыяльныя тэрміны ў асобных славянскіх мовах. У народнай мове суф. ‑іна можа ўспрымацца як паказчык адзінкавасці, у сувязі з чым узнікаюць новыя тэрміны для называння тканага матэрыялу, напр. тка́нае ’матэрыя, вытканая саматужным спосабам’ (смарг., Сл. ПЗБ), або як сродак, што ўтварае экспрэсіўныя назвы дзеяння тыпу бегані́на, тузані́на, у сувязі з чым у якасці назвы матэрыялу выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі ад ткаць (гл.): тка́нье, тка́нё, тка́ння ’тс’ (ашм., лід., гарад., шальч., Сл. ПЗБ), тканнё ’агульная назва ўсяго тканага’ (Мат. Маг.), параўн. тка́нне ’ткацтва’ (мсцісл., Жыв. сл.). У аснове слова дзеепрыметнік тка́ны ад ткаць1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Како́шнік1 ’галаўны ўбор, намітка’ (Бяльк.), ’старадаўні рускі жаночы галаўны ўбор у выглядзе ўпрыгожанага шчытка пад ілбом’ (БРС, ТСБМ). Слова ў другой фіксацыі неабходна лічыць русізмам, больш цяжкая справа з усх.-бел. лексемай. Адпаведнік гэтаму слову ў рус. мове: кокошник ’жаночы галаўны ўбор («кичкообразныя, полотенчатый, в виде чепца, шапочки, …широкой туфли, шитой золотом и позументом») і да т. п.’, змястоўнае апісанне рэалій дае СРНГ, 14, 101–102. Месца распаўсюджання слова — пск., цвяр., калуж., валаг., наўг. і інш., у глыбіні рус. моўнай тэрыторыі, сведчыць аб тым, што рус. лексема, паралелей да якой у іншых мовах не знаходзіцца, з’яўляецца інавацыяй. Бел. у такім разе або непасрэдна суадносіцца з рус. (у выніку гістарычнай сувязі ўсх.-бел. гаворак з рус.), або пранікненне з рус. гаворак. Нельга выключыць і магчымасці прыўнясення слова перасяленцамі. Што датычыцца матываў намінацыі рус. лексемы, можна саслацца на даследаванне Зяленіна, які меркаваў, што тэрмін суадносіцца з назвай курыцы (або пеўня) кокошь па той прычыне, што рэалія нагадвае грэбень на галаве птушкі (Russ. Volksk., 234 і наст.; там і малюнак). Іншыя назвы галаўнога ўбору, звязаныя з назвай птушкі: рус. кокоша, кокошка, сорока.

Како́шнік2 ’капытнік, Calla palustris’ (мін., Кіс.; Касп.; чэрв., Нар. лекс.), какочнік ’тс’ (він., Ганч.; Кіс.). Какошнік як ’бабоўнік’ (Жд. 2), аднак, відавочна, што тут размова ідзе аб той жа расліне (параўн. нар. сінонімы для Calla palustris: заячы бабоўнік, бобак, бабоўнік), а зусім не пра бабоўнік ’Laburnum’ — ядавітую расліну, назва якой у бел. мове калькуе рус. тэрмін бобовник і з’яўляецца вельмі няўдалай, паколькі ў бел. гаворках лексема бабоўнік азначае расліну Calla або Menyanthes. Гэтыя расліны непадобныя, аднак у іх падобныя па форме карэнні, што тлумачыць аднолькавасць назвы. Як сінонім да бабок ’Menyanthes’ падае слова бабоўнік і ТСБМ, прыводзячы трэцім значэннем ’Laburnum’. Відавочна, што тут недакладнасць тлумачэння лексемы какошнік (Жд. 2): ужыта для дэфініцыі народная назва. Адсутнасць шматлікіх сінонімаў у бел. гаворках для расліны Menyanthes дазваляе думаць, што какошнік у мінска-маладзечанскім слоўніку азначае толькі ’ < аІІа’ і нельга меркаваць аб магчымым пераносе назвы какошнік на Menyanthes. Зафіксаваны варыянт какочнік уяўляе спробу паказаць унутраную форму або трансфармацыю «суфікса» на больш падыходзячыя ў выніку дээтымалагізацыі лексемы. Фармальныя паралелі да гэтага слова ў рус. кокошник; дакладных адпаведнікаў няма. Улічваючы, што ўтваральная аснова ў бел. мове вельмі рэдка прадстаўлена (гл. какотках і інш.), можна дапусціць, што тэрмін какошнік старыбел. інавацыя даўняга перыяду або наогул архаізм; у слав. мовах няма агульнай назвы для Calla. Апошняе меркаванне, аднак, толькі дагадка. Матывацыя суаднесенасці назвы расліны з тэрмінам для птушкі раскрываецца праз сінонімы петушкі. пеўнікі (гом., Кіс.), гуска, птушкі (маг., Кіс.), пітушкі (Бяльк.) і вядомыя меркаванні, паводле якіх так называюцца расліны з белым колерам кветак або са спалучэннем белага і жоўтага. Параўн. яшчэ рус. белокрыльник.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наполак ’жалезная лапатачка ў сахі, пры дапамозе якой зямля пры аранні адкідваецца на адзін бок’ (Нас.), ’тып лапаткі над лемяшам’ (Грыг.). Адсылка Насовічам да іншай назвы рэаліі паліца — фактычна дае этымалогію слова, параўн. полка, паліца ’дошка, прымацаваная рабром да сцяны’ (гл.). Наўрад ці сюды наполак ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 809); хутчэй да папярэдняга слова (гл. напол), тут — ’адна з частак калодкі, расколатай напалову’, параўн. аполак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляду́начка ’ключыкі вясеннія, Primula veris L. macrocalyx Koch.’ Да ляду́нка ’патранташ’, якое з ладу́нка (гл.). (Ла‑ і ля‑ існавалі яшчэ ў ст.-бел. мове з прычыны розных крыніц запазычання: ла‑ з польск. ładunek, ля‑ з ням. Ladung). Матывацыя: кветкі ключыкаў размешчаны на сцябле адна за другой і выглядаюць як ячэйкі патранташа. Рус. ла́дан, лада́нназвы самых розных раслін і ледуни́ца, ледуне́ц ’чырвоныя парэчкі’, відаць, з бел. лексемай не звязаны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малочніца1 ’малачай-сонцагляд, Euphorbia helioscopia L.’ (віц., Кіс.). Да малако (гл.). Параўн. таксама малочнік4. Мена роду магла адбыцца пад уплывам лац. назвы Euphorbia (ж. р.).

Малочніца2 ’мастыт’ (навагр., Нар. сл.), ’захворванне слізістай абалонкі рота ў немаўлят’ (ТСБМ), рус. сіб., каўказск. молочница ’мастыт’, арханг. ’малочныя зубы ў дзяцей’, польск. mlecznica ’ліхаманка стрававальных шляхоў’. Да малако (гл.), малочны. Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 111 і ламаві́ца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мару́на маг. ’павіліца мягкая, Galium moliugo L.’, смал. марэна ’тс’, маг. маруна‑мір ’павіліца, маруна сапраўдная, Galium verum L.’ (Кіс.), сувальск. maruna ’тс’. Назва перанесена з расліны марэна ’Rubia tinctoria’, якую звязваюць (гл. Махэк, Jména, 220) з мараць ’пэцкаць’. Аналагічны перанос назвы ў чэш. мове: rměni, řmení ’павіліца’ з maření > mařina ’марэна’. Ва ўкр. мове назва маруна перанесена на рамонак (Matricaria L.) і на пірэтрум дзявочы (Pyrethrum parthenium Sm.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дава́льны: дав. скл. Параўн. укр. дава́льний (відмінок). Аналагічным утварэннем з’яўляецца і рус. да́тельный (падеж). Калька грэч. або лац. назвы. Для рус. мовы Фасмер (1, 485) лічыць зыходным лац. casus dativus, якое калькуе грэч. δοτική (πτῶσις). Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 17), у рус. мове гэта запазычанне са ст.-слав. мовы, дзе сустракаецца ў перакладзе Граматыкі Іаана Дамаскіна, які зрабіў Іаан, экзарх балгарскі (дательный). У ст.-слав. мове дательныи з грэч.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрыгва́ (БРС, Касп., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Сюды ж драгба́ ’тс’ (Касп.). Паводле Трубачова (Слав. языкозн., V, 178), гэта прасл. дыялектызм: прасл. *dręg(ъ)va, роднаснае літ. drė́gnas, лат. drę̂gns ’сыры’. Лексема гэта, прынамсі, усх.-слав. (рус. дря́гва, укр. дрягови́на ’балота’). Фасмер (1, 545) лічыць яго звязаным з рус. дряга́ ’сутарга’, дряга́ть ’калаціцца’, дрягва́ ’від студзеню’ (зыходнае *dręg‑). Параўн. драгба́. Адносна назвы дрыгва́ ’застылы адвар’ гл. Сцяц. Нар., 49–50.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кіцюкі́ ’канюшына раллявая, Trifolium arvense L.’ (Кіс.). Прымаючы пад увагу сінанімічныя беларускія назвы кіцюкоў (каткі, кошанкі), трэба выводзіць гэту лексему з кіца (гл.). Кіцюк з кіцʼ‑ук. Утвораныя такім спосабам лексемы абазначаюць дзіцянят жывёл: вавярук, ласюк, кацюк і інш. (Сцяцко, Афікс. наз., 200). Апошняя ад кот. Аналагічная вытворная ад кіцакіцюк. Зразумела, што гэта назва расліны паходзіць ад назваў дзіцянят з адпаведнай памяншальнай суфіксацыяй (параўн. каткі і кошанкі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)