Кі́ца ’коцік’ (Нас., Сцяц.). Укр. киця, польск. kicia ’тс’. Назва ката гукапераймальнага паходжання. Параўн. падзыўныя для ката (гл. ніці‑ніці): укр. киць‑киць, кицю‑кицю, польск. kici‑kici, kić‑kić. Цікава, што выгукі, якімі падклікаюць катоў, супадаюць у гэтых трох мовах, як і назва ката, якая ад іх паходзіць. Асабліва блізкія беларускія і польскія формы. Найбольш верагоднай застаецца гіпотэза Брукнера (226) аб пранікненні з ням. Kitze ’кошка’ (kitz‑kitz ’падзыўны вокліч’) у польскую мову. Адтуль лексема трапіла ў беларускую і украінскую. У іншых славянскіх мовах, уключаючы рускую, пералічаныя формы практычна адсутнічаюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)