Право́дніца ’наступная нядзеля пасля Вялікадня (Паскі)’ (Гарэц., Мядзв.), правадная (нядзеля) ’памінальная’ (Нас.), приводная нядзеля, правадной ’Фаміна нядзеля’ (Шат.), правадны ’паслявелікодны’ (Мат. Гом.), провад ’паніхіда’ (Нас.). Рус. дыял. провады ’радаўніца, памінанне памерлых’, ’пахаванне’, ’праводзіны вясны’, проводная педеля ’Фаміны тыдзень’, укр. провады ’Фаміны тыдзень’, ’праводзіны русалак песнямі ў першы панядзелак пасля свят Сёмухі’, польск. przewocinica, przewodniczna, przewodna niedziela ’першы тыдзень пасля Вялікадня’, чэш. provod, provodm nedele ’першая нядзеля пасля Вялікадня’. Да праводзіць. У рымска-каталіцкай абраднасці назва тлумачыцца тым, што ў гэты дзень новаахрышчаныя людзі ішлі “провадам” да храма, або тым, што ў гэту нядзелю адбывалася працэсія да храма з вяночкамі. Але, відаць, першаснае значэнне — гэта сляды дахрысціянскага культу памерлых і ўшанавання духаў прыроды, як гэта захавалася ва ўсходніх славян (гл. Махэк₂, 452).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прах ’цела чалавека пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’пыл’, ’зямля; пагібель’ (Нас.), ’гніллё’ (Ян.), ’мноства, шмат’ (ТС), пра́хі ’малаздольныя, гультаяватыя пачаткоўцы-нячысцікі, якія служаць на пабягушках у іншых нячысцікаў’ (Нік., Няч.). Запазычанне з ц.-слав. прахъ замест усх.-слав. порохъ (гл. Фасмер, 3, 355; ESJSt, 12, 697). Адносна шляхоў запазычання гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 61; Цыхун, Зб. памяці Талстога, 418. Значэнне пра́хі выводзіцца з ’мелкі, дробны’. Ускосная семантычная аналогія ў чэш. prachy ’грошы’, першапачаткова — ’дробныя грошы’ (гл. Махэк₂, 478). Паводле Нікіфароўскага (Нік., Няч., 33), эўфемізм да слова чэ́рці (гл. чорт), параўн. чэш. дыял. prachél ’чорт’. Значэнне ’мноства’ на базе значэння ’пыл’ (’многа, як пылу’). Відаць, не звязана з н.-луж. prach ’толькі што, якраз’, адносна якога гл. Шустар-Шэўц, 2, 1148. Далей гл. порах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́мзлы ’чуць закіслы; ні салодкі, ні кіслы (пра малако)’ (полац., Нар. сл.; в.-дзв., красл., Сл. ПЗБ). З *промзглы > параўн. рус. про́мзглый ’пракіслы, прагорклы; затхлы, сапсаваны, той, які загніў’, про́мзгнуть ’псавацца, гніць, горкнуць’, мзга ’гніль, цвіль, сырое надвор’е’, мзглой, мо́зглый ’друзлы, вялы, гнілы з сярэдзіны, прэлы’. Фасмер (2, 617) на аснове параўнання з рус. мозглый (гл. прамосклы) узнаўляе праформу *мъзга. Тады, відаць, да мазго́ліць ’пэцкаць; біць’, мазгля́вы (гл.). Параўноўваецца з грэч. μύσος*μύδος) ’ганьба; апаганенне’, ст.-ірл. mosach ’нячысты’, н.-ням. mussig ’брудны’, лат. мн. л. mudas ’гнілыя водарасці’, літ. мн. л. músos ’цвіль’ (Міклашыч, 207; Буга, РФВ, 72, 198 і наст.). Набліжэнне да літ. mazgóti ’мыць, паласкаць’, ст.-інд. máyjati ’ён апускае’, Фасмер (там жа) лічыць менш верагодным. Параўн. мазглявы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́мысел ’здабыванне звяроў, птушак лоўляй, паляваннем’, ’занятак, рамяство як крыніца сродкаў існавання’ (ТСБМ), прамы́сл ’прамысловасць; занятак, рамяство’ (Стан.), ст.-бел. промыслъ ’клопат, апека, нагляд’. Паводле Крамко (Гіст. Лекс., 245), неалагізм XIX ст. Рус. про́мысел ’тс’ < промыслить, прамышлять ’здабыць (здабываць), абзавесціся (абзаводзіцца) нечым’, далей да мысль (Фасмер, 3, 375); укр. про́мисел, про́мисл ’вытворчасць, здабыванне’ (< *promyslъ, ЕСУМ, 4, 597), польск. przemysł ’прыкідка, хуткая рэакцыя; індустрыя’ (< przemyslić ’прадумаць, прыкінуць’, Банькоўскі, 2, 871–872); чэш. průmysl ’знаходлівасць, ініцыятыва, індустрыя’ (з рус. промысел, Махэк₂, 488), славац. priemyselчэш.). Запазычанне або калька з рускай, дзе, відаць, з ц.-слав. промыслъ, сінонім провидѣние ’божая ласка, клопат’ (паводле БЕР, 5, 760, — з рус.); усходнеславянская форма захавалася ў назве горада Перемышль (Банькоўскі, 2, 871). Неаславянізм, што калькуе ням. Industrie?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыжа́ляць ’крыху падгарэць на гарачай печы, ляжанцы (пра адзенне, тканіну)’ (дзярж., Нар. сл.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад жа́лець ’тлець’ (гл.; таксама жу́ляць, жу́раць), для якога, відаць, можна прапанаваць прасл. *žalěti, параўн. таксама каш. žaleć ’тлець’ (на апошняе, як і на ст.-польск. žal ’працэс гарэння’, звярнуў увагу яшчэ Ільінскі; гл. Бярнштэйн, Чередования, 12). Такім чынам, ёсць падставы рэканструяваць пару *žalěti/*žalь, адпаведную *žariti/*žarъ. Абедзве пары суадносяцца з і.-е. сінанімічнымі каранямі *g​her‑/g​hel; параўн. яшчэ і.-е. *g(e)u‑lo‑ ’жар; тлеючае вуголле’, добра адлюстраванае ў германскіх мовах (Покарны, 1, 399, 495; Супрун, Зб. Геаргіеву, 268–272). Параўн. таксама балг. дыял. прижулям ’(пра сонца) прыпячы, напячы’, якое, згодна з БЕР, 5, 710, ад жуля ’пячы, шчымець’, што, магчыма, звязана з зыходнай формай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́ме́тка1, намё́тка, на́мітка ’доўгі, вузкі кусок палатна, звычайна з каймой ці вышыўкай’, ’накрыццё галавы ў замужніх жанчын у выглядзе рушніка з аздобамі, пакрывала нявесты’ (Шн. 3, Чач., Др., Маш., ТС, Сл. ПЗБ, Жд. 1, Кольб., Грыг., Чуд., Сцяшк., Бяльк., Мат. Гом.), ст.-бел. наметка ’даўняе народнае жаночае накрыццё галавы з доўгага і вузкага палатна, якім перавязвалі галаву. І паколькі палатно было заўсёды белае, то і жанчын звычайна называлі белагаловымі’ (Гарб.), укр. намі́тка, рус. намётка. Паводле Фасмера (3, 41), з на і мета́ть ’кідаць’, літаральна ’накідка’, параўн. на́мятка ’цёплая хустка’ (маст., Сцяшк. Сл.), што, відаць, адлюстроўвае незалежнае больш позняе ўтварэнне. Гл. намёт1.

Наме́тка2 ’пазнавальны знак (напрыклад, на вуху ў авечкі, на лапцы ў гусі)’ (Янк. 1), ’памета’ (рагач., Мат. Гом.). Да наме́ціць, ме́ціць ’памячаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наха́лам ’нахабна, бесцырымонна’ (Сл. ПЗБ), ’нахабна, назойліва’ (ТС), сюды ж наха́льны ’вялікі, моцны’: дажджэ́ наха́льныя (Сл. ПЗБ), наха́лны ’нахабны’, наха́льніца ’празмерна цікаўная асоба, назола’ (ТС), рус. наха́л ’зб. няпрошаныя госці; нахабнік’, нахал делать ’паводзіць сябе нахабна’, нахальный ’нахабны; дармавы’; ’гвалтоўны’: нахальная смерть (смал., СРНГ). Значэнні і формы, прадстаўленыя ў рускіх і беларускіх словах, прымушаюць звязаць з рус. ха́лко ’хутка, паспешна; моцна’, халовой ’танны, дурны, недарэчны’, хал ’дарэмшчына’, ха́лкать ’прагна глытаць’, да якіх належаць таксама бел. аха́лкам ’не перажоўваючы, вялікімі кускамі (есці)’, ха́лкаць экспр. ’есці’, халькам ’абы-як’, што, відаць, гукапераймальнага паходжання. Развіццё значэнняў, як у на́глы (гл.), параўн. рус. нага́л ’заклік, крык ці песня ў такт працы’; у сувязі з гэтым наўрад ці звязана з *xoloto (параўн. Фасмер, 3, 50; з л-рай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няхлю́й, няхлю́я ’неахайны, нехлямяжы чалавек’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ДСП, слуц., Жыв. сл.), ’непаваротлівы’ (Грыг.), нехлю́й, нехлю́я ’неакуратны чалавек’ (ТС), нэхлю́я, ныхлю́я ’неахайная жанчына’ (брэсц., Нар. лекс.), сюды ж няўхлю́й, няўхлюя ’неахайны чалавек’ (Бяльк., Мат. Гом.), укр. нехлю́я ’тс’, рус. дан. нехлю́й ’непаваротлівы чалавек’, польск. niechluj, niechluja ’неахайны чалавек’. Відаць, ад няхлюйны ’неахайны, неакуратны’, паралельнага да няхлюдны ’тс’ (Сцяш. Сл.), параўн. таксама польск. niechlujny ’тс’ < *niechludźny, ад chlud (Варш. сл., 3, 263), гл. схлюдны, што, магчыма, сведчыць пра запазычанне (Кюнэ, Poln., 81). Характэрна наяўнасць паралельных форм з ‑к‑: няўклюй ’неахайны, непаваротлівы чалавек’ (астрав., ул. інф.), няўклю́йны ’неахайны’ (там жа), што могуць разглядацца як вытворныя ад *klud (гл. няўклюда). Няясныя адносіны да ст.-чэш. nechla ’пачвара’ (Гебаўэр, Sl. stč.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́труха ’пацяруха’ (бар., шчуч., карэліц., смарг., іўеў., астрав., віл., швянч., даўг., в.-дзв., брасл., докш., паст., Сл. ПЗБ; сверж., З нар. сл.), гродз. потруха ’тс’ (Сцяшк. Сл.), патруха, патруха ’дробна пацёртае сена, дробная салома, адпаду сена’, ’дробязь, вымалачаныя каласы’ (Грыг., Сцяшк., Гарэц., Мат. Маг., Юрч., Нас., Касп., Др.-Падб., Шат.; в.-дзв., Шатал.). Укр. чаркас. потрух, польск. дыял.Варш. сл.) patrucha, potrucha ’тс’. Відаць, самай старой з вышэйпададзеных форм, утворанай паводле ўзору аналагічных балт. слоў: pä‑biros, pä‑kritos, pd‑šiupos, лат. pabiras ’тс’, будзе патруха — на гэта ўказвае яе пашырэнне: зах. і паўн.-зах. бел. гаворкі, утвораныя пры дапамозе прыстаўкі па‑ (< прасл. pa‑) ад труха (гл.). Форма патруха — у выніку кантамінацыі лексем патруха і труха, а патруха — вынік кантамінацыі лексем пацяруха (гл.) і питруха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кі́хаць1 ’заходзіцца ад смеху’ (Нас.), ’закрыўшыся здзекліва высмейваць’ (КЭС, лаг.). Параўн. рус. смал. кыхать ’моцна смяяцца’, укр. кихкати ’тс’, славен. kihati se ’тс’, што сведчыць аб старажытнасці гэтага значэння ў дзеяслова kyxati() (ЕСУМ, 2, 439). Лексема kyxati (sf) ’моцна смяяцца’ агульнаўсходнеславянская. Славенскую форму можна лічыць таксама ўсходнеславянскага паходжання.

Кі́хаць2 ’кашляць, чхаць’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Др.-Падб). Польск. kichać, чэш. kychati, славац. kychať, в.-луж. kichać, н.-луж. kichaś серб.-харв. кихати, славен. kihati, балг. кихам ’тс’. Як відаць з пераліку форм, у значэнні ’чхаць’ толькі заходне- і наўднёваславянская лексема. Таму можна меркаваць аб польскім паходжанні беларускага дзеяслова (Слаўскі, 2, 133). Такім чынам, kyxati ’моцна смяяцца’ (кіхаць 1) і kyxati ’чхаць’ (кіхаць 2) знаходзяцца арэальна ў дадатковым размеркаванні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)