Казя́ўка ’ўсякае маленькае насякомае, кузурка’ (БРС, ТСБМ, Грыг., Касп., Сержп. Прымхі). Дакладны адпаведнік — у рус. козявка. Недастатковая інфармацыя як з бел., так і з рус. гаворак не дазваляе меркаваць з упэўненасцю аб статусе гэтага слова, магчыма, усх.-слав. утварэнне, а магчыма, рэгіянальнае бел.-рус. Утворана, відаць, ад казява ’маленькае насякомае, жук’, якое далей да коза (каза 1). Фармальная сувязь з назвай жывёлы відавочная, параўн. рус. пск., смал. козявка ’козлы для распілоўкі дроў’, цвяр. козява ’жук’ і інш. Назва магла быць утворана суфіксальным спосабам ад каза 1, а магла быць і пераносам ад казява ’каза’, апошняе менш верагодна, паколькі рэальна яно не засведчана ні ў рус., ні ў бел. гаворках. Матывацыя назвы: наяўнасць (мяркуемая) зааморфных адзнак у насякомага (магчыма, і канкрэтнага), паводле якой і ўтвараецца тэрмін.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)