плы́сці і плыць, плыву́, плыве́ш, плыве́; плывём, плывяце́, плыву́ць; плыў, плыла́, -ло́; плыві́; незак.

1. Перамяшчацца па паверхні вады або ў вадзе.

Лодка плыла супраць цячэння.

2. Ехаць на судне ці на іншым плывучым сродку.

П. на параходзе.

3. перан. Плаўна рухацца або плаўна распаўсюджвацца.

Месяц плыве па небе.

Над вёскай плыў водар садовай квецені.

Над рэчкай плыла знаёмая мелодыя.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Праходзіць перад вачамі рухомымі кругамі (пры паўпрытомным стане).

Перад вачамі плылі зялёныя кругі.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Праходзіць, мінаць.

Плыла позняя вераснёвая ноч.

Плысці па цячэнні — не супраціўляцца абставінам; прыстасоўвацца.

Плысці (плыць) у рукі (разм.) — пра тое, што лёгка дастаецца каму-н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Трапята́ць ‘трымцець, дрыжаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), трыпыта́ты ‘лапатаць крыламі (пра птушак)’ (кобр., Жыв. НС), трапята́цца ‘пастаянна рухацца, варушыцца, дрыжаць’ (ТСБМ, Нас.), ‘мігаць, мільгаць, няроўна гарэць (пра агонь)’ (ТСБМ), ‘дзейнічаць, імкнуцца штосьці зрабіць’ (ТСБМ, Юрч. СНЛ), ‘узмоцнена ў сполаху біцца (пра сэрца)’ (Юрч. Сін., Касп., Ян.), ‘моцна баяцца каго-небудзь’, ‘быць ахопленым непакоем’ (ТСБМ), перан. ‘жыць, існаваць’ (Нас., Ян.), ‘перабіраць ножкамі’ (Жд. 1); ‘адчуваць небяспеку (пра каня)’: конь трапе́ча, трапе́чыць, стрэ́пая вушамі (петрык., клім., іўеў., ЛА, 1), сюды ж трапата́цца: трапатаўся чырвоны сцяжок (Ю. Віцьбіч), ст.-бел. трепетати, трепетатися ‘дрыжаць, хвалявацца, баяцца’ (ГСБМ). Укр. трепета́ти, рус. трепета́ть ‘дрыжаць, трапятацца, матляцца, калаціцца, біцца’, польск. trzepiotać (się) (з XV ст.) ‘махаць крыламі’, ‘трэсціся’, ‘балбатаць’, з XVIII ст. trzepotać ‘хутка рухацца, выконваць хуткія рухі’, каш. třepotac ‘балбатаць, плявузгаць’, в.-луж. třepotać, třepjetać ‘дрыжаць, трэсціся’, чэш. třepetać, třepotać ‘махаць крыламі’, ‘узмахваць, махаць’, ‘дрыжаць, хістацца’, славац. trepotať (sa) ‘тс’, ‘грукатаць’, ‘развявацца (пра сцяг)’, ‘біцца (аб сэрцы, аб рыбе на зямлі)’, славен. trepetáti ‘трэсціся, дрыжаць, уздрыгваць’, харв. trepètati, серб. трепѐтати ‘дрыжаць’, балг. трептя́ ‘дрыжаць, матляцца, мігцець’, макед. трепети ‘дрыжаць, мігаць’, ст.-слав. трепетати ‘дрыжаць, трэсціся’. Прасл. *trepetati/*trepotati ‘інтэнсіўна выбіваць, трэсці, рухацца, размахваць’; звязана з *trepati > трапа́ць1 (гл.), ад якога ўтворана пры дапамозе суф. ‑et‑/‑ot‑, што абазначае гукаперайманне, роднаснае літ. trepùmas ‘спрытнасць’, ст.-грэч. τρέπω ‘паварочваю, схіляю’, лац. trepidāre ‘дробненька хадзіць’, ‘дрыжаць, уздрыгваць’, ‘мігаць, мільгацець’, ‘мітусліва спяшацца’, ‘баяцца’, ‘кідацца’, ст.-інд. tr̥práh̥ ‘неспакойны, мітуслівы’ < і.-е. *trep‑ ‘тупаць, дробна хадзіць, ступаць’, ‘перабіраць нагамі’ (Фасмер, 4, 99; Чарных, 2, 261; Брукнер, 583; Шустар-Шэўц, 1543; Скок, 3, 496–497; ЕСУМ, 5, 630). Сюды ж трапяткі́ ‘ахвочы да работы’ (Жд. 1), трапятлі́вы ‘рухавы, што без працы не пасядзіць’ (Варл.), трапяту́н ‘які знешне стараецца, а, па сутнасці, абыякава адносіцца да сваёй справы’ (Сцяшк. Сл.), ‘вельмі рухавы, вёрткі чалавек, здольны выкручвацца з непрыемнага становішча’ (Юрч., Вытв. сл.), ‘малое дзіця, якое перабірае ножкамі’ (Жд. 1), трапяту́ха ‘рухавая жанчына, старанная, працавітая, руплівая’ (лях., ЖНС; навагр., Жыв. НС; ганц., Нар. лекс., Сл. Брэс.), трапята́нне ‘спосаб жыцця’, трапята́ннік ‘той, хто спрабуе штосьці зрабіць у жыцці’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мікуліць ’быць нясмелым, баяцца; баючыся, не ведаць, як паступіць’ (мін., КЭС), укр. микуля́ти ’глядзець, адводзячы вочы, адчуваючы сябе няёмка’, валын. мику́лити ’хітрыць’, ’віляць’, паўд. мику́литися ’мяць’, ’хітрыць’, рус. пск. мику́лить ’пры паляванні прапускаць, не заўважаць, зяваць’, серб.-харв. mikuliti se ’корчыцца, скурчвацца, сціскацца, зморшчвацца’. Генетычна роднасныя з в.-луж. mikać ’маргаць’, mikotać ’варушыць; міргаць’, зах.-мар. mikati se ’спрытна, жвава рухацца’, паўд.-мар. ’мільгаць’, ’вагацца’, серб.-харв. ми̏гољити ’круціцца, ёрзаць’, ’павольна цягнуцца’, изми́гољити се ’вырвацца, выслізнуць’. Усх.-слав. лексемы паходзяць з асновы mik‑(/mig‑), пашыранай дэмінутыўным суфіксам ‑ul‑/‑ol‑. Да міг (гл.). Паводле ЕСУМ (3, 460), ад Микола.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зуй1 ’адыход пры часанні воўны’ (карэліц., Жыв. сл.). Ці не з літ. zuĩkis ’заяц’, паколькі заяц між іншым ’раменьчык, з дапамогай якога звязваюць часткі хамута’ ў рус. гаворках, сумежных з БССР. Але гэта мала верагодна. Звязана з зуёк (гл.)? Няясна.

Зуй2 ’хітры; кволы чалавек’ (Касп.). Рус. зуй, арханг., пенз. ’рухавае, жвавае дзіця’, перм. ’бойкі чалавек’, зах.-бранск. ’пануры, маўклівы чалавек’, ярасл., калуж. ’хітры чалавек, зух’. Розныя значэнні і шырокая тэрыторыя распаўсюджання не даюць пэўна выдзеліць цэнтральную сему (рухавасць?) і паставіць пытанне пра запазычаны характар слова (літ. zuĩkis ’заяц’, zùitiрухацца, шукаць’?). Ці звязана з зуёк? Параўн. зух. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сярто́ліцца ’быць у неспакоі, неспакойна пачувацца, сядзець’ (лаг., Гіл.), ’выконваць доўгую і цяжкую работу’ (ушац., Нар. лекс.). Словаўтваральны варыянт да сёртаць (гл.): *sьrtati > *sьrt‑olʼa > sьrt‑ol‑iti (sę), што да прасл. *sьrt‑ < і.-е. *ser‑ ’цячы, рухацца’ (Варбат, Этимология–1975, 32–34). Параўноўваюць з балг. дыял. ср̥тим ’цяжка, з намаганнем працаваць’ (Пятлёва, Этимология–1985, 18). Сюды ж, магчыма, і ўкр. се́ртувати ’цягаць сюды і туды’, якое выводзіцца з польск. certować ’цырымоніцца, браць удзел у барацьбе, змагацца’ < лац. certo ’змагаюся’ (ЕСУМ, 5, 222), што не выключае кантамінацыі згаданых дзеясловаў. Адносна экспрэсіўнага суф. ‑oli‑ гл. Борысь, Etymologie, 697.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смець ‘мець смеласць, права; адважвацца’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. смети ‘адважыцца, асмеліцца’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. смі́ти, рус. сметь, польск. śmieć, в.-луж. směć, н.-луж. směś, чэш. smíti, славац. smieť, серб.-харв. смје̏ти, славен. smẹ̑ti, балг. сме́я, макед. смее, ст.-слав. съмѣти. Прасл. *sъměti лічыцца роднасным гоц. mōþs ‘гнеў’, ст.-в.-ням. muot ‘дух, гнеў’, грэч. μῶσθαι ‘імкнуцца’, лац. mōs ‘воля, звычай’, гл. Бернекер, 2, 47; Вальдэ-Гофман, 2, 114; Фасмер, 3, 687–688. Узвядзенне да і.-е. кораня *mē‑ ‘мераць’, як гэта мяркуюць Бернекер (там жа), Ван–Вейк (ZfslPh, 13, 88), Шустар-Шэўц (1318), Фасмер (там жа) лічыць менш прымальным. Супраць Бязлай (3, 270–271), які выказвае нязгоду з вышэйпрыведзенымі індаеўрапейскімі паралелямі, таму што славянскі імперфектыўны дзеяслоў не мог утрымліваць прэфікс *sъ‑. Чоп (SR, 1954, 5–7, 233 і наст.) узводзіць слав. *sъměti да і.-е. *sŭmē‑ з паралелямі ў літ. sūmdau, sumdyti, вал. chwyfioрухацца’, ірл. dosennaim ‘гнаць, паляваць’ з развіццём семантыкі ‘рухацца, імкнуцца’ > ‘смець, жадаць дасягнуць’. Гл. таксама ў Сной₁, 585; Глухак, 565 (у якасці паралеляў падаецца ст.-інд. śamati ‘працуе’, с.-ірл. cuma ‘тута’ і інш.). Борысь (618) разглядае *sъměti як магчымы кампазіт з *sъ‑ < *sŭ‑ ‘добры, добра, вельмі’ і не захаваным самастойна праславянскім дзеясловам *měti, < і.-е. *mē‑/mō‑ ‘старацца, мець моцную волю’, адкуль першаснае значэнне *sъměti было б ‘вельмі старацца, імкнуцца да чаго-небудзь’, ‘мець адвагу, смеласць у імкненні да чаго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кружы́цца, кружуся, кружышся, кружыцца; незак.

1. Паварочвацца вакол сваёй восі, рухацца па кругу; круціцца, вярцецца. Іграе гармонік, у вальсе кружацца пары. І Рыгор з Ларысай у агульным кругу. Б. Стральцоў. Мічман пачаў кружыцца пад музыку, танцаваць і рабіць усялякія выкрунтасы нагамі. Хромчанка. // Беспарадкава рухацца, мітусіцца. Слава не магла ўстаяць на адным месцы ні моманту. Яна кружылася, бегала, паказвала маці на мох і верас. Чорны.

2. Лятаючы, рабіць, апісваць кругі. Марудна цягнецца ў хаце летні дзень. Горача. Гудуць і кружацца роем мухі, у вочы лезуць. Колас. Самалёты сады нашы наліваюць, над полем кружацца, рунь падкормліваюць. Бялевіч. // Насіцца ў паветры (пра снег, пыл і пад.). Ціха, павольна кружыліся ў паветры сняжынкі, сцелючы мяккую пасцель зямлі. Васілевіч. Над палянаю кружыўся залаты рой кляновага лісця. Шамякін. // перан. Пастаянна вяртацца да адной і той жа тэмы, прадмета, думкі і пад. Думкі найбольш кружыліся ля свайго раёна. Як там? Што там? Пестрак. Едучы ў трамваі, Парамон Пісанец думаў пра сваё даручэнне. Думкі кружыліся навокал загадкавага прозвішча. Грамовіч.

3. Разм. Тое, што і кружыць (у 3 знач.). Так некалькі дзён і начэй .. [Пацейчык і немец] кружыліся па гэтым лесе, то выпускаючы адзін аднаго з вока, то зноў сыходзячыся. Чорны.

4. Разм. Тое, што і кружыць (у 4 знач.). Кружыцца мяцеліца, Сцежкі запарошвае. Валасевіч.

•••

Галава кружыцца гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хадзі́ць, хаджу́, хо́дзіш, хо́дзіць; незак.

1. Мець здольнасць, магчымасць рухацца, перамяшчацца, ступаючы нагамі (пра чалавека, жывёл).

Дзіця рана пачало х.

2. Тое, што і ісці (у 1 знач.), аднак рух паўтараецца ў розны час, у розных напрамках.

Х. па садзе.

3. Тое, што і ісці (у 2 знач.), аднак рух паўтараецца ў розны час, у розных напрамках.

Аўтобус да горада ходзіць два разы ў дзень.

4. Тое, што і ісці (у 3 знач.), аднак рух паўтараецца ў розны час, у розных напрамках.

Х. па вёсках.

Х. у ягады.

Х. у школу.

5. Тое, што і ісці (у 10 знач.), аднак рух паўтараецца працяглы час.

Гадзіннік добра х.

6. Рабіць ход фігурай, картай і пад.

Х. каралём.

7. перан. Распаўсюджвацца, станавіцца вядомым.

Ходзяць чуткі па свеце.

8. Перамяшчацца, рухацца патокам, масай і пад.

Ходзяць хмары, а дажджу няма.

9. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Перадавацца, пераходзіць ад аднаго да другога.

Кніжка хадзіла па ўсім інстытуце.

Ходзіць грып.

10. Рухацца ўзад і ўперад або ўверх і ўніз, з боку ў бок.

Падлога ходзіць пад нагамі.

11. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Падымацца і апускацца пры глыбокім дыханні, напружанні і пад.

Так сапе, аж грудзі ходзяць.

12. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Брадзіць, укісаючы.

Цеста ходзіць.

13. за чым. Выконваць якую-н. работу пры дапамозе пэўнай прылады (разм.).

Х. за плугам.

14. за кім. Клапаціцца аб кім-, чым-н., даглядаць каго-, што-н.

Х. за хворым.

Х. за скацінай.

15. Апранацца ў што-н., насіць што-н., мець пэўны знешні выгляд.

Х. у ботах.

Х. без шапкі.

16. Быць у якім-н. званні, выконваць якія-н. абавязкі (разм.).

17. Быць цяжарнай (пра жанчыну; разм.).

Х. другім дзіцем.

18. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра коней, валоў і пад.: выкарыстоўвацца тым ці іншым чынам.

Х. у плузе.

Х. пад сядлом.

19. Адпраўляць натуральную патрэбу (разм.).

Дзіця ходзіць на гаршчок.

20. заг. хадзі(це). Запрашэнне ісці куды-н. (разм.).

Хадзі сюды.

На галаве хадзіць (разм., неадабр.) — дурэць, сваволіць.

|| зак. схадзі́ць, схаджу́, схо́дзіш, схо́дзіць (да 4 і 19 знач.).

|| наз. ход, -у, М хо́дзе (да 5 і 6 знач.), хаджэ́нне, -я, н. (да 2, 4, 9 і 13 знач.) і хадзьба́, -ы́, ж. (да 1 і 2 знач.).

Ход поршня помпы.

Хаджэнне па справах.

Увесь дзень у хадзьбе.

Спартыўная хадзьба.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

варушы́цца, -рушу́ся, -ру́шышся, -ру́шыцца; незак.

1. Ледзь прыкметна рухацца.

Ледзь варушылася лісце.

2. Кішэць, знаходзіцца ў хаатычным руху (пра вялікую колькасць каго-н.).

Каля пня варушыліся мурашкі.

3. перан. Займацца чым-н., актыўна дзейнічаць (разм.).

Каб усё паспяваць рабіць, трэба добра в.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Праяўляцца, прабуджацца (разм.).

Думкі пачынаюць в.

5. заг. варушы́(це)ся. Ужыв. пры пабуджэнні да дзеяння (разм.).

Но-о, гняды, варушыся!

|| зак. паварушы́цца, -рушу́ся, -ру́шышся, -ру́шыцца.

|| аднакр. варухну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся (да 1 і 2 знач.), зварухну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся (да 1 і 2 знач.) і паварухну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся (да 1 знач.).

|| наз. варушэ́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ляце́ць, лячу́, ляці́ш, ляці́ць; ляці́м, ляціце́, ляця́ць, ляці́; незак.

1. Перамяшчацца, рухацца ў паветры.

Бусел ляціць над лугам.

Ляцяць самалёты.

2. Тое, што і імчацца.

Ляціць тройка ўдалая.

3. Падаць уніз (разм.).

Л. пад адхон.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Пра час, які хутка праходзіць.

Час ляціць.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка ламацца, ірвацца, расходавацца (разм.).

Ляціць адзежа на ім.

6. перан. Імкнуцца куды-н., да каго-н. (думкамі, душой і пад.).

Л. думкамі ў сваё мінулае.

|| зак. паляце́ць, -лячу́, -ляці́ш, -ляці́ць; -ляці́м, -ляціце́, -ляця́ць; -ляці́ (да 3 і 5 знач.).

|| наз. лёт, -у, М лёце, на ляту́, м. (да 1 знач.; спец.).

На ляту

1) у час лёту, руху ў паветры;

2) мімаходам, на скорую руку, наспех (разм.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)